Лета. Творчасць

Адукацыя Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

molodye-17-08З ПАДМОГАЙ НА ЎБОРЦЫ

У гэтым годзе, як і заўсёды,  студэнты і школьнікі дапамагаюць у арганізацыях і гаспадарках раёна. Працоўны атрад – выдатная магчымасць зарабіць, набрацца вопыту і адпачыць ад няпростых вучэбных будняў.

Ствараюць важкі каравай старанныя працаўнікі ААТ «Агранёманскі», а з 28 ліпеня дапамагаюць ім у гэтай важнай і ганаровай справе 10 вучняў ДУА «ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» – удзельнікі лагера працы і адпачынку «Зернейка-2016».

Адміністрацыя ААТ «Агранёманскі», на чале з дырэктарам У. М. Жукавым, галоўным аграномам І. І. Скварчэўскім, загадчыкам збожжасховішча А. М. Тураком, стварыла камфортныя ўмовы для працы і адпачынку школьнікаў. Кіраўніцтва задаволена працай моладзі, якая аказвае дапамогу.

Вольга Юр’еўна Давідзенка, якая другі год запар узначальвае лагер працы і адпачынку, расказвае, што разам з дзецьмі рупліва шчыруюць у збожжасховішчы і настаўнікі С. В. Фалюк, Н. У. Валента, А. С. Ясяновіч. Сама Вольга Юр’еўна працавала тут яшчэ ў той час, калі была вучаніцай Залужскай сярэдняй школы.

Юныя памочнікі працуюць актыўна. З аднолькавым спрытам шчыруюць і хлопцы, і дзяўчаты. Першыя арудуюць шуфлямі, апошнія – венікамі. Справа гэтая пыльная, ды і ў фізічным плане зусім не лёгкая, але на загарэлых маладых тварах чытаецца задавальненне.

У абавязкі падлеткаў уваходзяць: уборка тэрыторыі збожжасховішча, падборка збожжа на пляцоўцы, падшуфлёўванне. Па ўсім бачна, у калектыве пануе добры настрой: падлеткі жартуюць, гарэзяць, зусім не выглядаюць незадаволенымі ці стомленымі.

Для некаторых школьнікаў гэты працоўны вопыт стаў першым у жыцці. Вучні дзявятага класа Арцём Васюкевіч і Наталля Папоўская зусім не шкадуюць, што пайшлі ў працоўны лагер, у іх уражанні, мабыць, самыя моцныя. А вось большасць працуе тут ужо не першы год. Нават ёсць у атрадзе і свае «старажылы». Так, для 17-гадовай Алесі Мазур сёлетняе жніво ўжо трэцяе па ліку. Дзяўчына дзеліцца сваім меркаваннем: «Добра летам так вось папрацаваць у простай, вясёлай сяброўскай кампаніі, ды і грошы на кішэнныя расходы будуць уласныя, не трэба ў бацькоў прасіць».

Уборка ідзе поўным ходам, а гэта значыць, што ў такі гарачы час лішніх рук, як вядома, не бывае.

Наталля БАНДАРОВІЧ

 

УДАЛАЯ ПРОБА ПЯРА

Выпускніца СШ № 3 г. Стоўбцы Кацярына Ігнатовіч, якая паспяхова вытрымала іспыты і стала студэнткай Інстытута журналістыкі БДУ, была запрошана ў Мінск на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Міжнароднага конкурсу творчых работ «Захавальнікі ведаў. Вечны агонь», прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Дэпартамент эканамічных і міжнародных сувязяў Масквы і Дэпартамент культуры сталіцы Расіі.

Кацярына Ігнатовіч узнагароджана лаўрэацкім дыпломам І ступені ў намінацыі «Ваенная літаратура». У сваёй конкурснай рабоце Кацярына напісала водгук на твор «Жаваранкі над Хатынню» беларускага аўтара Алены Кобец-Філімонавай.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбылася ў Пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску.

Кацярына Ігнатовіч паспела паўдзельнічаць і ў рэспубліканскім праекце «Вялікае слова – настаўнік» пад эгідай грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя «Конкурс». Апавяданне К. Ігнатовіч «Часу не падуладна» змешчана ў шматтыражным зборніку выдавецтва «Беларуская асацыяцыя «Конкурс». Віншуем актыўнага няштатнага аўтара «Праменя»!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *