Быць аўтарам новай прадукцыі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

17e-17-08Таццяна Маладзіла прыехала ў наш раён пяць гадоў назад. Выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання атрымала размеркаванне на СЗАТ «Агракамбінат «Колас». Любоў да сваёй прафесіі, да прадпрыемства, дзе працуе, дазволіла ёй палюбіць і Стаўбцоўшчыну.

Яна ўспамінае свае ўражанні па прыбыцці на першае месца працы. Малады спецыяліст у цэхах убачыла абсталяванне такога ўзроўню, што і марыць нельга было. Самыя сучасныя тэхналогіі, перадавыя падыходы да перапрацоўкі мяса сфарміравалі ў маладога тэхнолага адпаведныя навыкі, сталі цвёрдым падмуркам у асваенні прафесіі. Таццяна з удзячнасцю гаворыць пра сваіх старэйшых калег, хто шчодра дзяліўся вопытам, умеў падтрымаць, заахвоціць добрыя пачынні, праявіў гасціннасць і па-мацярынску сагрэў. Родам яна з Гродзенскай вобласці, са Шчучына, дамоў не часта паедзеш. Асабліва ёй дапамагае намеснік дырэктара па мясаперапрацоўцы Наталля Бычкевіч. Вопытны тэхнолаг, Наталля Мікалаеўна цярпліва і з любоўю вырошчвае кадры. Дапамога агульнай справе і яе душэўныя якасці – для ўсіх у яе хапае такту, далікатнасці, увагі, любові. Упэўнена адчувала сябе малады спецыяліст і побач з такім надзейным старэйшым таварышам па рабоце, як галоўны тэхнолаг Вольга Галаўко, якая таксама вельмі зацікаўлена ў тым, каб згуртаваць калектыў і абагаціць яго сапраўднымі прафесіяналамі. Вялікае жаданне ўдасканальвацца ў прафесіі, пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, нераўнадушныя адносіны да справы Таццяны Маладзіла заўважаны кіраўніцтвам прадпрыемства. Яна зараз знаходзіцца на пасадзе вядучага тэхнолага.

У штодзённых яе абавязках – кантроль за тэхналагічным працэсам выпуску прадукцыі, распрацоўка новых яе відаў, укараненне іх і пастаноўка на вытворчасць з далейшым забеспячэннем серыйнага выпуску. У сучасны момант у асартыменце мясакамбіната 80 найменняў прадукцыі з мяса птушкі. Гэты працэс – няспынны. Менавіта гэтым і прыцягвае Таццяну Маладзіла яе прафесія – інавацыямі, творчым падыходам у стварэнні новых відаў прадукцыі, магчымасцю эксперыментаваць. Зразумела, новы від прадукцыі – заўсёды эксклюзіў.

– Я ўсё больш і больш пераконваюся, што выбрала ў свой час прафесію, якая стала прызваннем, – гаворыць Таццяна Мечыславаўна. – Вельмі важны ўчастак дзейнасці – забяспечваць харчаваннем людзей. Працаваць з прадуктамі вельмі цікава, гэта няспынны творчы працэс, цэлая сфера – з інавацыямі, новымі падыходамі. Я люблю не толькі сваю прафесію, але і прадпрыемства, на якім працую. Лічу, што мне вельмі пашанцавала трапіць працаваць у гэты калектыў. У адказ на клопат, выдатныя ўмовы працы мне хочацца адказаць сваім творчым падыходам да работы. У нас пануе сяброўская, дамашняя атмасфера. Я вельмі зацікаўлена ў тым, каб у агульныя вынікі працы была максімальна ўнесена мая лепта. Вельмі важна, што ёсць стымул працаваць творча. Усе прапановы, распрацоўкі з удзячнасцю падтрымліваюцца кіраўніцтвам, ім даюць ход, на прадпрыемстве не шкадуюць сродкаў для развіцця вытворчасці, руху наперад, укаранення новых тэхналогій. Хіба прадпрыемства можа не развівацца, калі ўсе так за яго перажываюць, з душою адносяцца да справы? І такі мікраклімат у калектыве – стымул да вышынь.

Што ж, даводзіцца толькі парадавацца, што наша стаўбцоўская зямля становіцца родным домам для такіх ініцыятыўных прыгожых маладых людзей.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *