Са «Стаўбцоўскай прыходачкай»

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Для ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» кожнае лета – гэта адказная падрыхтоўка і ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Галоўныя мерапрыемствы праходзілі ў сталіцы нашай Радзімы – горадзе Мінску. Каля абеліска Мінск – горад-герой праходзіла ўрачыстасць, на якой прысутнічаў і Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка. Удзельнікам ансамбля «Лявоначкі» быў аказаны гонар танцаваць у зводным нумары «Са святам, любая Айчына!» (у ім прымала удзел каля 2,5 тысячы чалавек з усёй краіны). Дзеці цудоўна справіліся з пастаўленай харэографам задачай.

17a-17-08

Лета для «Лявоначак» – гэта яшчэ і сумесны адпачынак, які збліжае дзяцей, робіць іх адной камандай. Кіраўнік узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» Людміла Несцярук разам з бацькамі яе навучэнцаў вырашылі сумясціць прыемны адпачынак на беразе цудоўнага ляснога возера Радоджэж  у Польшчы з фестывальнымі выступленнямі дзяцей. Харэаграфічны калектыў «Лявоначкі», адметны каларытнымі касцюмамі, багатым беларускім рэпертуарам, запрашае да сябе на фестываль культурны фонд «Славяне». У гэтым годзе фестываль называўся «Бурштынавы шлях» і праходзіў з 14 па 20 ліпеня. Падчас фестывалю на яго збіраецца больш за 20 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. Галоўная мэта фестывалю – паказаць усім, што рускія, беларусы, украінцы, палякі – славяне, што нам няма чаго дзяліць, і што мастацтва можа сцерці межы паміж людзьмі, краінамі, культурамі. Дзяцей-славян вельмі цёпла прымаў польскі глядач. Амаль кожны нумар праграмы выконваўся пад апладысменты. У гэтым годзе на фестываль паехалі самыя маленькія ўдзельнікі ансамбля – дзеці ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў (падрыхтоўчая і малодшыя групы ансамбля), а таксама трое салістаў: Карына Кудзеліна, Уладзіслава Грэкава і Ілья Сасноўскі. Увесь чэрвень рыхтавалася новая фестывальная праграма. «Ясь і Яніна», «Чобаты», «Стаўбцоўская прыходачка», «Ой, там у садзе»,»Летка- Енька», » Каза», «Следапыты», «Пачасуха» – усе гэтыя нумары былі прэм’ернымі на фестывалі, і наш стаўбцоўскі глядач іх яшчэ не бачыў. Але можна з упэўненасцю сказаць, што польскаму гледачу прыйшліся яны даспадобы і былі высока ацэнены – дыпломам першай ступені і запрашэннем на наступны год у чэрвені прыняць удзел у фестывалі, прысвечаным Міжнароднаму дню абороны дзяцей. Хочацца спадзявацца, што і стаўбцоўскі глядач атрымае асалоду на канцэртах, убачыўшы, як па-заліхвацку вытанцоўваюць на сцэне свае новыя нумары «Лявоначкі».

У складзе ансамбля на фестываль паехалі і дзве выхаванкі ўзорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі» Стаўбцоўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Людмілы Канаплянікавай-Доўнар – Дарына Пашкоўская, якая займаецца і ў «Лявоначках», і Кацярына Аляшкевіч. Дзяўчынкі склалі цудоўны дуэт і спявалі беларускія песні на польскай зямлі. Яны таксама прывезлі з фестывалю дыплом першай ступені ў сваёй узроставай групе.

Хочацца рассказаць і пра адпачынак дзяцей. Яны каталіся на катамаранах і квадрацыкле, скакалі на батутах і тарзанках, стралялі па мішэнях фарбамі. Для іх ладзілі дыскатэкі, а дырэктар базы адпачынку «Сонечная паляна» Мар’ян Кубіцкі падрыхтаваў поп-корн і марожанае. Вельмі цікавай была экскурсія ў горад Торунь. Дзеці ўбачылі  «падаючую вежу». Затым, гуляючы па старажытных вулачках Торуня, падышлі да помніка Каперніку, які нарадзіўся ў гэтым горадзе, «асядлалі» вулічную скульптуру осліка, сфатаграфаваліся на фоне «торунскага таксі» – вялізнай і прыгожай карэты, паспрабавалі знакамітых торунскіх пернікаў, купленых у «Музеі перніка.» Пілі ваду з праыгожага фантанчыка. Яшчэ дзяцей уразіла экскурсія у старажытны замак крыжаносцаў. Падчас фестывалю дзяцей запрасілі на імшу ў касцёл. Пасля «Лявоначкі» далі 30-мінутны канцэрт перад прыхаджанамі.

А яшчэ ў адным маленькім гарадку пасля канцэрта дзецям прыгатавалі стол, на якім былі польскі суп «журэк», смажаныя на грылі каўбасы, напоі і печыва – піражкі, булачкі, кексы. Час праляцеў непрыкметна, і дзеці, шчаслівыя і поўныя прыемных уражанняў, вярнуліся дадому.

Зразумела, гэтая паездка не адбылася б, каб не яе галоўныя спонсары – бацькі. Удзячнасць і вядучай канцэртаў – дырэктару раённага Цэнтра культуры Але Сушч. Наперадзе ў «Лявоначак»– цікавае творчае жыццё.

Ала ЯРМАК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *