Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГсам зарэгістравана па раёне пяць шлюбаў, столькі ж зроблена і адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі чатыры маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Антон Лапко, Анастасія Камейша, Мікіта Пруднікаў і Вікторыя Рысявец.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі аб адным вогненным здарэнні. У Зарэччы згарэў хлеў. Папярэдняя прычына загарання – кароткае замыканне электраправодкі.

Міліцыяй зарэгістравана 138 паведамленняў ад правапарушэннях, узбуджана  15 крымінальных спраў, па дзевяці з якіх устаноўлены падазраваемыя. 

З хлява грамадзяніна ў райцэнтры знік інструмент. Двое жыхароў Драздоў пазбавіліся грошай, асабістых рэчаў і прадуктаў харчавання. У Варацішчы абрабаваны дом і дзве дачы, вынесена маёмасць. На гарадскім пляжы злодзей паквапіўся на мабільны тэлефон, а паблізу возера ў грамадзянкі з кашалька ўкрадзены грошы. З гаража ў Мікалаеўшчыне ўгнана легкавая аўтамашына, на якой нецвярозы ўгоншчык вырашыў пакатацца; затрымалі яго ў сталіцы.

Пракуратурай вынесена прадпісанне кіраўніцтву ААТ «Каганец» за парушэнне патрабаванняў заканадаўста аб захаванасці ўласнасці. За неналежнае захоўванне на тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу ў Зарэччы на адкрытай пляцоўцы вялікай колькасці новых шыферных лістоў, адна службовая асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.

Суд асудзіў на шэсць месяцаў абмежавання волі (кожнага) без накіравання ва ўстанову закрытага тыпу двух хаўруснікаў з Івянца, якія ўкралі ў Кляцішчанскім лясніцтве восем рамак з мёдам. 120 гадзін грамадскіх работ атрымаў стаўбчанін, які ў стане алкагольнага ап’янення паквапіўся на мабільны тэлефон, што ляжаў пад павеццю ў двары шматкватэрнага дома. За нанесеныя брату цяжкія цялесныя пашкоджанні жыхар Аталезі прыгавораны да трох з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову закрытага тыпу.

ДАІ выявіла 231 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў шэсць нецвярозых вадзіцеляў, чатырнаццаць вадзіцеляў-бяспраўнікаў і дваццаць два недысцыплінаваныя пешаходы. Адбылося дзевяць дробных  дарожных аварый. З 16 па 19 жніўня праводзілася прафілактычная акцыя «Бяспечны пераход».

 Хуткая выязджала 257 разоў. У прыватнасці, адзін выклік быў да асобы з алкагольным ап’яненнем і тры – неабгрунтаваныя.

ТРЫВОГА

Чатырохгадовае дзіця выпала з акна пятага этажа шматкватэрнага дома ў Стоўбцах. Інцыдэнт адбыўся каля 13 гадзін у доме № 18 па вуліцы Міру.

З чэрапна-мазгавой траўмай і ўдарам унутраных органаў дзяўчынка спачатку была змешчана ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. Для аказання дадатковай дапамогі былі выкліканы рэаніматолагі з вобласці. Дзяўчынка, стан якой ацэньваецца як стабільна цяжкі, транспарціравана ў сталічную ўстанову аховы здароўя. Медыкі працягваюць змагацца за яе жыццё. Па факце падзення дзіцяці вядзецца следства.

Паважаныя бацькі! Не пакідайце дзяцей без нагляду ў пакоях з адчыненымі вокнамі нават на кароткі тэрмін. Гэта можа прывесці да трагедыі.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *