Першы раз у першы класс

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

19-08-20qЗасталося зусім мала часу да таго, як школы запросяць вучняў за парты.

У гэтым навучальным годзе мой унук пойдзе ў першы клас. Чым бліжэй 1-га верасня, тым больш хваляванняў у бабулі і дзядулі. А што гаварыць тады пра бацькоў? Хвалюе ўсё: як сустрэне школа першакласнікаў, ці не надакучыць школа ўнуку ўжо праз тры-чатыры дні, ці будзе паслухмяны, ці гатовы ў інтэлектуальным развіцці да школы, як з харчаваннем і г. д. Ён у нас хлопчык жвавы. Здаецца, і добра развіты інтэлектуальна. Але ж… «сэрца не на месцы». Хвалюецца і ўнук: першая настаўніца, новы калектыў, школа… Думаю, што гэтыя пытанні хвалююць не толькі мяне, але ўсіх, у каго дзіця ідзе першы раз у першы клас.

Каб пазбавіцца ўласнай трывогі і аб’ектыўна ацаніць свайго школьніка, слова на старонках газеты мы даём метадысту вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксане Давыдзенка.

– Аксана Іванаўна, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам чым адрозніваецца арганізацыя навучання дзяцей у першым класе ад іншых класаў пачатковай школы?

 – З мэтай забеспячэння плаўнага пераходу з дашкольнай установы ў школу, вучэбным планам у першым класе прадугледжана на працягу верасня правядзенне вучэбных заняткаў па праграме «Увядзенне ў школьнае жыццё». На працягу гэтага перыяду не праводзяцца ўрокі па матэматыцы, чытанні, пісьме. Настаўнік праводзіць з дзецьмі экскурсіі, прагулкі, фізкультурныя заняткі, развіваючыя гульні, вучыць дзяцей, як паводзіць сябе ў калектыве, вывучае падрыхтоўку кожнага вучня да школьнага навучання, аказвае дапамогу першакласнікам у асваенні формаў паводзін падчас заняткаў, ва ўменні разумець пытанні, якія задае настаўнік, у арганізацыі сваёй дзейнасці. З кастрычніка праводзяцца ўсе вучэбныя заняткі (урокі) па прадметах вучэбнага плана. Вучэбны тыдзень складае пяць дзён. Урокі праходзяць толькі ў першую змену. Падручнікі рэкамендуецца захоўваць у школе. У сярэдзіне трэцяй чвэрці арганізуюцца дадатковыя канікулы на працягу аднаго тыдня. Усе ўрокі па – 35 мінут, перапынкі паміж заняткамі не менш за 10 мінут, пасля другога і трэцяга ўрокаў праводзіцца дынамічная паўза (не менш за 30 мінут). Дамашнія заданні вучням не задаюцца.

– Скажыце, калі ласка, як дапамагчы дзіцяці хутчэй прывыкнуць да школьнага жыцця?

– Першы год навучання асабліва цяжкі для дзяцей: мяняеццца прывычны ўклад іх жыцця, яны прывыкаюць да новых сацыяльных умоў, нават дзейнасці. Найбольш цяжкімі для ўсіх дзяцей з’яўляюцца першыя чатыры тыдні навучання. Вельмі важна, каб у гэты час былі ўвага і падтрымка з боку бацькоў і настаўнікаў. Неабходна быць стрыманымі, спакойнымі, падтрымліваць дасягненні дзяцей, старацца дапамагчы наладзіць адносіны з аднакласнікамі. Бацькі павінны ўлічваць цяжкасці адаптацыйнага перыяду і быць асабліва ўважлівымі да свайго дзіцяці.

 – Чым патрэбна займацца з дзіцем, каб яно аказалася гатовым да школы?

– Бацькі павінны памятаць, што падрыхтоўка да школы – гэта складаны комплекс уменняў, навыкаў і здароўя дзіцяці. Вельмі важна, каб дзіця валодала самастойнасцю: умела завязваць шнуркі, зашпільваць гузікі, складваць партфель і г. д. Не трэба рабіць за дзяцей тое, што яны ў стане зрабіць самі. Прывучайце, каб дзіця даводзіла распачатую справу да канца. Таксама чытайце дзецям кнігі. Паважаныя бацькі, памятайце, што тэлевізар ніколі не заменіць кнігу.

– Скажыце, ці абавязкова да школы дзіця павінна ўмець чытаць, пісаць, лічыць?

– Рыхтаваць дзіця абавязкова патрэбна. Толькі без прымусу і пакаранняў. Калі дзіця з цікавасцю і ў гульнявой форме асвойвае гэтыя «хітрасці», то не перашкаджайце яму, але сілком не застаўляйце гэта рабіць. Навучыць чытаць, пісаць, лічыць – гэта асноўная задача пачатковай школы. Настаўнік гэта зробіць больш граматна і прафесійна, чым бацькі.

– І апошняе. Якія парады вы далі б бацькам, бабулям і дзядулям першакласнікаў?

– Бацькам можна параіць:

* падтрымлівайце ў дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам;

* абмяркуйце правілы і нормы, з якімі ваша дзіця сустрэнецца ў школе;

* памятайце, што дзіця мае права на памылку;

* складзіце разам з першакласнікам распарадак дня;

* у кожнай рабоце абавязкова знайдзіце, за што можна было б яго пахваліць;

* пахвала і эмацыянальная падтрымка здольны павысіць інтэлектуальныя дасягненні чалавека.

Калі вас штосьці хвалюе ў паводзінах дзіцяці, яго вучэбных справах, не саромейцеся звяртацца за парадай і кансультацыяй да настаўніка ці школьнага псіхолага, а 1 верасня зрабіце для дзіцяці сапраўднае свята – паход у парк, выезд на прыроду, наведайце тэатр, кінатэатр і г. д. і абавязкова – кветкі, торт ці пірог, марожанае або іншыя прысмакі. Нават калі дзіця ідзе не ў першы, а ў другі, трэці ці чацвёрты клас. Гэта свята для ўсіх членаў сям’і.

Гэта так здорава: першы раз у першы клас!

– Вялікі дзякуй, Аксана Іванаўна, за парады, тлумачэнні. Спадзяёмся, што, прачытаўшы гэты матэрыял, многія бацькі адчуюць палёгку.

Гутарыла Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *