ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» паспяхова працуе і развіваецца

Інвестпраект Нумары

image_pdfimage_print

ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» – у ліку абслуговых арганізацый краіны, якія здолелі захаваць матэрыяльную базу і паспяхова працуюць, аказваючы дапамогу ў рабоце сельскагаспадарчым арганізацыям раёна. Таварыства своечасова зарыентавалася і наладзіла вытворчасць дадатковых відаў прадукцыі. Гэта дае яму магчымасць трымацца на плыву.

– Апошнім часам райаграсэрвісы сутыкаюцца з вялікімі праблемамі загрузкі вытворчых магутнасцяў, і задзейнічаць іх зараз удаецца не кожнаму, – гаворыць дырэктар таварыства Сяргей Мельнік. – Мы справіліся з пастаўленай задачай дзякуючы таму, што захавалі калектыў, які налічвае 120 чалавек. У нас працуе служба аўтатранспарту – дастаўляем з сельгаспрадпрыемстваў малако на перапрацоўчыя заводы, перавозім іншыя грузы. Мехатрад з энерганасычаных трактароў аказвае паслугі на веснавых палявых работах і ў перыяд нарыхтоўкі травяных кармоў, механізатары вывозяць і ўносяць арганіку. У майстэрнях працуюць вопытныя рамонтнікі з высокай кваліфікацыяй – пастаянна задзейнічана да 30 чалавек. Маючы людскія рэсурсы і неблагую рамонтную базу, мы можам аказаць гаспадаркам раёна даволі адчувальную дапамогу ў  падрыхтоўцы тэхнікі да напружаных палявых кампаній. Лічу, што райаграсэрвісы павінны існаваць і быць своеасаблівай палачкай-выручалачкай для вясковых працаўнікоў: мы павінны тэрмінова падставіць плячо там, дзе гэта спатрэбіцца.

19-08-20w

У райаграсэрвісе ёсць база мінеральных угнаенняў, выконваецца ўвесь комплекс работ па вапнаванні глебы. Другі год запар, з падтрымкай раённага кіраўніцтва і райсельгасхарча, напярэдадні пасяўной праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сёлета прайшло праз рукі майстроў звыш ста адзінак тэхнікі. І гэта адыграла сваю ролю, тэхніка працуе без нараканняў. Фільтры і масла закупляюцца за кошт раённага бюджэту, гаспадаркі аплачваюць толькі работу.

– Мы маглі б рамантаваць і камбайны, – дадае кіраўнік, – але апошнім часам у гаспадарках механізатары даводзяць да ладу машыны самі. Пры неабходнасці мы гатовы выконваць і гэтую работу.

Праяўляем клопат аб людзях. Ствараем ім умовы для работы. Адрамантавалі душавыя, у бытоўку купілі мікрахвалевую печ. Станоўча вырашылі праблему са спецадзеннем.

 Асвоілі спадарожную вытворчасць

Для рамонтнай майстэрні адшукваюцца спадарожныя заказы, не звязаныя з сельскай гаспадаркай. Два гады назад асвоілі выраб прыстасавання для ачысткі лесасек – падборшчык парубачных рэшткаў. Зрабілі спачатку эксперыментальную мадэль, якую апрабавалі на Навасвержанскім лесазаводзе. Яна добра сябе зарэкамендавала, адносна недарагая. Пачалі паступаць заказы. На гэтым тыдні рэалізавалі адзін падборшчык парубачных рэшткаў Лунінецкаму лясгасу, ёсць заказ з Маладзечанскага. Усяго прададзена звыш дзесяці такіх прыстасаванняў. Гэта перспектыўны накірунак работы. Калектыў райаграсэрвіса працуе па заказах, але стараецца трымаць адзін-два гатовыя падборшчыкі ў запасе.

Асвоілі выраб стойлавага абсталявання. Як падкрэслівае Сяргей Мельнік, жыццё прымусіла. Летась адбылася рэарганізацыя – да райаграсэрвіса далучылі сельгаставарыства «Аталезь-агра», якое стала філіялам. Зараз там вядзецца вялікі аб’ём будаўнічых работ. І менавіта на МТФ «Апечкі». Падлічылі, што заказаць стойлавае абсталяванне будзе даволі  накладна. Ды і не па-гаспадарску паступілі б, маючы сваю вытворчую базу. Дарэчы, робяць боксы для жывёлы не толькі для патрэб уласнай фермы. Зацікавіліся прадукцыяй райаграсэрвіса і кіраўнікі іншых гаспадарак.

– Паступіў заказ з ААТ «Жацерава», – кажа Сяргей Мікалаевіч. – Вырабляем таксама вокны для жывёлагадоўчых памяшканняў з полікарбанату. І зноў жа не толькі для сябе. Яны карыстаюцца немалым попытам. Працаўнікі майстэрні зараз загружаны работай.

Устаноўлены вокны на новым комплексе ў ААТ «Вішнявецкі-агра». Зроблены для фермаў «Рудзевічы», «Кондратавічы» і «Літва» ААТ «Рочавічы». На чарзе  – ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Вырабляюць у майстэрні жалезныя вароты для жывёлагадоўчых памяшканняў, празрысты вільчак для даху. Такімі работамі зараз многія займаюцца, і райаграсэрвіс у гэтай справе стварае канкурэнцыю.

– А канкурэнцыя і павінна быць, – упэўнены Сяргей Мельнік. – І гэта ў нейкай ступені плюс: будзе больш якасная прадукцыя і ніжэйшыя цэны для спажыўца. Ва ўсякім разе мы стараемся не расчараваць заказчыкаў. 

У распрацоўцы рацыяналізатарскіх наватарстваў прымаюць самы непасрэдны ўдзел дырэктар, інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк і начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня.

У таварыстве не спыняюць выраб і рабочых органаў да глебаапрацоўчых агрэгатаў, у прыватнасці, да плугоў і машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў. Камерсанты завозяць запчасткі з-за мяжы за немалыя грошы, хоць многае можна зрабіць і ў райаграсэрвісе. Ёсць неабходныя станкі і агрэгаты, у прыватнасці, і плазменная рэзка. Галоўнае, своечасова зарыентавацца. Збіраюць у абслуговай арганізацыі помпы гноевыдалення, а таксама зварваюць кантэйнеры для смецця. У перспектыве – займацца і далей вырабам усёй вышэйназванай прадукцыі.

У адным ланцужку

– Праблема з праблем – закрэдытаванасць сельгаспрадпрыемстваў, таму многія райаграсэрвісы, не атрымліваючы грошай за аказаныя паслугі, звярнулі работы ў майстэрнях, – расказвае дырэктар таварыства. – Аднак механізмы спагнання даўгоў ёсць. Схемы ў нас напрацаваны – праз мясакансервавы камбінат, малочны завод. Гаспадаркі разлічваюцца збожжам. Пракручваем грошы праз наш сельскагаспадарчы філіял і маем аддачу: набылі пяршачак у лік пагашэння даўгоў. Каровы даюць малако, рэалізоўваючы якое маем грошы. Калі год назад сельгаставарыства было самым праблемным у раёне, то сёння філіял сам закрывае заработную плату, бо павялічваецца вытворчасць прадукцыі. Мы працуем у адным ланцужку. У гаспадарку накіроўваецца большая частка мехатрада, каб своечасова выканаць усе палявыя работы.  Ды і ў філіяле тэхніка аднаўляецца. Калі грашовыя патокі накіроўвалі спачатку на філіял, то цяпер бяром і адтуль  у райаграсэрвіс. Далучэнне пайшло на карысць, усё ў нас атрымалася: гаспадарцы дадзена другое дыханне. Гэта было граматнае рашэнне раённага кіраўніцтва, якое нас ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае. Дапамагае і фінансава ў будаўніцтве замкнутага цыкла вытворчасці малака на МТФ «Апечкі». Дарэчы, будуем гаспадарчым спосабам – так танней.

 Перспектыва відавочная

Перспектыва развіцця райаграсэрвісаў, пасля таго як Прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу гэтым арганізацыям, відавочная. Райаграсэрвісы павінны працаваць і развівацца. Пакуль што яны вырашаюць свае праблемы самі, і  нямногія райаграсэрвісы наладзілі дадатковую вытворчасць.

 – Задачу, якую паставіў перад намі старшыня райвыканкама пасля рэарганізацыі, – захаваць райаграсэрвіс, а іменна, майстэрні, мехатрад, аўтатранспарт, і дапамагаць гаспадаркам раёна працаваць, мы стараемся выконваць, – падвёў рысу вышэйсказанаму Сяргей Мельнік. –  Будзем і надалей пашыраць сферу паслуг. А сельгасвытворчасць – гэта яшчэ адзін, хоць і не асноўны, накірунак дзейнасці, якому мы павінны ўдзяляць увагу. І сёння ён таксама прыносіць нам карысць.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: абмяркоўваюць заданне  начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня, галоўны інжынер Сяргей Гаўрык і дырэктар Сяргей Мельнік; выконваюць заказ інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк і зваршчык Уладзімір Бічык; токары Мікалай Бабовік і Анатолій Маркевіч; у рамонтнай майстэрні; за апаратам плазменнай рэзкі слесар Валерый Міцкевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *