Жывы рукамі і сэрцам майстра арган

Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

19-08-20vУ ліку ветэранаў сферы культуры нашага раёна – Тадэвуш Сабалеўскі. Свае таленты ён прысвяціў той зямлі, на якой нарадзіўся, якая яго ўзгадавала і сілкуе сваімі сокамі і радавымі каранямі.

Доўгі час Тадэвуш Люцыянавіч працаваў дырэктарам Рубяжэвіцкага дома культуры.  Ён заснаваў дзіцячы духавы аркестр «Няшота», удастоены насіць званне «ўзорны», і кіраваў ім.

Што датычыць асабістага таленту Тадэвуша Сабалеўскага, то гэта ўсебакова адораны чалавек. Ён выдатна спявае, іграе на многіх музычных інструментах – духавых, акардэоне, клавесіне, на піяніна. Нядаўна набыў рэдкі старадаўні народны інструмент – дуду. Выкананне музыкантам твораў на ёй – заўсёды эксклюзіў. З гэтым інструментам вы і бачыце яго на здымку, зробленым падчас правядзення ў чэрвені бягучага года свята вёскі Рубяжэвічы. Тадэвуш Сабалеўскі быў у цэнтры канцэртнай праграмы, як і на многіх іншых мясцовых урачыстасцях.

У рубяжэвіцкіх ваколіцах Тадэвуша Сабалеўскага цэняць за тое, што ён – адзіны ў вёсцы, каму падуладна ігра на старадаўнім аргане, што знаходзіцца ў мясцовым касцёле. Шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Парк гісторыі «Каралеўская асамблея «Сула» (былая назва – «Панскі маёнтак»), і іншым наведвальнікам старадаўняга мястэчка Рубяжэвічы Тадэвуш Люцыянавіч заўсёды знойдзе час падарыць прыемныя кранальныя мінуты гучання касцёльнага аргана.

У гісторыю сваёй мясцовасці ён упісаў сваё імя як майстар работы з каменем і жалезам. Яго творчымі намаганнямі ствараўся мемерыяльны парк «Памяць у камені» ля касцёла, дзе ўвекавечаны ўсе вёскі Рубяжэвіцкай парафіі (некаторых з іх ужо няма на геаграфічнай карце). Сваімі рукамі Тадэвуш Сабалеўскі зрабіў бетонны крыж, што ўстаноўлены на месцы былога касцёла. На тэрыторыі існуючага касцёла скульптуры Збавіцеля і Божай Маці таксама выкананы рукамі гэтага таленавітага майстра. Хоць сям’я Сабалеўскіх прытрымліваецца каталіцкага веравызнання, але і Тадэвуш Люцыянавіч, і яго жонка Рамуальда Ігнатаўна шмат зрабілі для аднаўлення ў роднай мясцовасці праваслаўных святынь. Нядаўна іх стараннямі і пры непасрэдным удзеле на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельвыканкама ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць аб праваслаўнай царкве святога Мікалая Цудатворцы, якая была знішчана. Для новай праваслаўнай царквы, якая адноўлена ў Рубяжэвічах, Тадэвуш Люцыянавіч выканаў сваімі рукамі купал.

Яго таленты перадаліся і дзецям. Мастацкай коўкай цяпер займаюцца яго сыны Люцыян і Вадзіслаў, і таксама разам з бацькамі ўдзельнічаюць у дабрачыннай дзейнасці па аднаўленні святынь у сваёй мясцовасці, па спонсарскай падтрымцы роднай школы.

Няпоўным будзе вобраз героя нашай замалёўкі, калі не сказаць, што Тадэвуш Сабалеўскі – адмысловы пчаляр, дбайны гаспадар, а яшчэ – бацька пяцярых дзяцей. Калі гаварыць пра сям’ю Сабалеўскіх, варта прыгадаць і аб настаўніцкай дынастыі. У свой час Тадэвуш Люцыянавіч выкладаў музыку ў роднай школе. Педагагічнай працы прысвяціла сваё жыццё Рамуальда Ігнатаўна – настаўніца рускай мовы і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Рубяжэвіцкай СШ. Педагогамі сталі іх дочкі Рамуальда, Ніна, Таццяна. У сямейную дынастыю ўпісвае свой важкі радок і іх зяць – дырэктар Рубяжэвіцкай СШ Сяргей Дубінец.

Тадэвуш Сабалеўскі застаецца ў творчай сіле, лёгкі на пад’ём, калі патрэбна паўдзельнічаць у любым мясцовым свяце, у любой добрай карыснай справе. Гэтым ён дае выдатны прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі не толькі сваім дзецям, але і сямі сваім унукам.

Святлана ЖЫБУЛЬ,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *