Вуліца Танкістаў патанае ў кветках

Калонка Рэдактара Нумары

image_pdfimage_print

19-08-20nУ адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў і гігіенічных нарматываў «Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый», зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 01.11.2011 № 110, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» ад 07.01.12 № 340-3, уладальнікі індывідуальных дамоў абавязаны падтрымліваць чысціню і парадак на сваім зямельным участку і прылеглай да дома тэрыторыі да восі праезджай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка.

Так патрабуе заканадаўства. Але для людзей, якія любяць свой горад, сваю вуліцу, паважаюць яе жыхароў, не патрэбны ніякія напамінанні, што на вуліцы павінен быць парадак.

Зусім нядаўна на вуліцы Танкістаў (адрэзак ад пл. Бессмяротнасці да стадыёна) паклалі тратуар: шырокі, з месцам для высадкі кветак. І нездарма гавораць, што вуліцу можна лічыць прадаўжэннем дома: калі дом прыгожы, дагледжаны, акуратны, то такой будзе і вуліца насупраць дома. Зусім нядяўна пачула размову маладой пары: «Пайшлі пройдземся па вуліцы Танкістаў, палюбуемся кветкамі…» І сапраўды, што за прыгажосць каля дамоў №№ 53, 55, 59, 61!.. Тут упрыгожваюць вуліцу аксаміткі, астры і іншыя цудоўныя кветкі.  Гэтае зачараванне зроблена рукамі гаспадынь вуліцы Танкістаў: Галіны Ермалаевай, Марыі Шчэкала, Галіны Ілюшынай, Антаніны Русевіч. Напэўна, ніхто не задумваецца, што гэта таксама праца: пасадзіць, прапалоць, дагледзець. Кветкі, як дзеці, любяць ласку, добрае слова. А калі стаяла спякота, колькі патрэбна было вады, каб кветкі жылі і радавалі гараджан.

Аднойчы раніцай, ідучы на працу, заўважыла, што некалькі кустоў кветак вырваны і кінуты сярод вуліцы, амаль да самай пошты былі абламаны вяршкі кветак. Сапраўдны вандалізм! Каму ж яны (кветкі) намазолілі вока? Ці не было чым заняцца, як ноччу вырываць кветнік? Да абеду руплівыя гаспадыні ўсё прывялі ў парадак, падсадзілі кветкі, нават выкарысталі элементы дэкору. Ізноў можна любавацца кветкавай прыгажосцю. А як было б здорава, каб такія кветкі былі на ўсіх вуліцах горада, а балконы прыбраліся ў кампазіцыйнае кветкавае ўбранства. Ідзеш па вуліцы горада – і любуешся прыгажосцю яркіх кветнікаў!

Паважаныя стаўбчане!

Адгукніцеся, у каго балкон, вуліца – сапраўдныя кветнікі. Фота вашай вуліцы ці балкона з’явіцца на старонках нашай газеты.

НА ЗДЫМКУ: так выглядае вуліца Танкістаў.

Н. АСТРЭЙКА, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “Вуліца Танкістаў патанае ў кветках

  1. Каля дома нумар 59 плітка тратуарная правалілася. Нядрэнна было б пяску падсыпаць, бо калі снег прысыпле ямку, прахожыя могуць і ногі зламаць.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *