На старт выходзяць дужыя і смелыя

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

19-08-20m

Ва ўрочышчы Бервянец, на маляўнічым беразе Нёмана,  – такая ўжо склалася моцная традыцыя – чарговы раз прайшоў дзявяты па ліку раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. Як і ў мінулым годзе, памерацца сіламі прыехала сем камандаў. З самай раніцы высадзіліся дэсантам на даўно аблюбаваным зялёным «пятачку» і разгарнулі свае палатачныя лагеры пастаянныя ўдзельнікі гэтага, без перабольшвання, цікавага і не толькі спартыўнага дзейства: энергетыкі, маторнікі, бытавікі, газавікі, работнікі райбальніцы, мясакамбіната і навічкі  – спартсмены воінскай часці. Маладым людзям спатрэбілася не так многа часу, каб, так бы мовіць, абжыцца і настроіцца на далейшую барацьбу.

Ля імправізаванай мізансцэны адбылося ўрачыстае пастраенне камандаў. Ганаровае права падняць сцяг спаборніцтваў заслужыла каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак – мінулагодні пераможца. Пад гукі Дзяржаўнага гімна трапяткое палотнішча ўзнімаецца ў блакітнае неба.

На турзлётах заўжды прысутнічае дух саперніцтва, і такія мерапрыемствы патрэбныя, бо даюць магчымасць не толькі атрымаць зарад бадзёрасці, а і адпачыць на ўлонні прыроды, знайсці новых сяброў. Аб гэтым гаварыў  намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, які звярнуўся да ўдзельнікаў спаборніцтваў з прывітальным словам і пажаданнямі ўдалага старту і пераможнага фінішу.

 Спаборніцтвы пачаліся са спартыўнага арыентавання, якое праходзіла ўпершыню. Гэта імклівы і эмацыянальны від кроса, дзе галоўнымі фактарамі з’яўляюцца розум і логіка. Чатыром удзельнікам – дзвюм жанчынам і двум мужчынам – прайсці дыстанцыю трэба было хутка, знайсці кантрольныя пікеты і перанесці іх на карту. Лепш за іншых справіліся з заданнем, і праявілі пры гэтым кемлівасць, энергетыкі. Адначасова праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Больш трапнымі тут былі маторнікі: Дзмітрый Бургун і Марына Мілашэўская занялі першыя месцы і былі адзначаны граматамі і падарункамі. За выхад у паўфінал і фінал у гэты дзень спаборнічалі і валейбалісты. Першынствавалі тут спартсмены Стаўбцоўскіх электрычных сетак.

Дарэчы, суботнім вечарам праходзіў і конкурс-сюрпрыз, з умовамі якога ўдзельнікаў азнаёмілі непасрэдна перад пачаткам. І хоць яго вынікі не ўключалі ў агульнакамандны залік, але барацьба была напружанай. Хапіла і жартаў, і смеху, бо ўдзельнікі кідалі адзін аднаму і лавілі сырыя яйкі. Не кожнаму ўдалося злавіць іх цэлымі, бо адысціся адзін ад аднаго трэба было як мага далей. Падарунак за ўмельства і самыя пяшчотныя рукі атрымалі газавікі.

Конкурс на лепшае добраўпарадкаванне палатачнага гарадка «Сядзіба турыста» – маляўнічы і творчы. Пакуль ішлі спартыўныя спаборніцтвы, тут шпаркімі тэмпамі ўстанаўлівалі дэкарацыі. Ля распаленых вогнішчаў шчыравалі гаспадыні – гатавалі стравы. Настрой ва ўсіх быў эмацыянальны, жартаўлівы. Гэтаму спрыяла і надвор’е, якое выдалася цёплым і сонечным.

Ацэньваючы гэты конкурс, члены журы проста разгубіліся: маладыя людзі аформілі сядзібы настолькі арыгінальна і адмыслова, што можна было толькі пазайздросціць іх багатай фантазіі. Творча прадставілі свае лагеры ўсе ўдзельнікі. Аднак «Родная хата» маторнікаў быў па-за канкурэнцыяй. Тут спалучылася ў адзінае цэлае ўсё: і ўмела намаляваная і аформленая кампазіцыя на матыў сялянскай хаты, і трапны гумар. Гаспадар з гаспадыняй гасцінна запрашалі за багаты вясковы стол. У адзіным стылі былі вытрыманы і іншыя, вартыя высокай адзнакі, сцэнарыі. Пакарыў пірацкі карабель газавікоў, цыганскі табар медыкаў, абарыгенскі востраў работнікаў мясакамбіната з іх багатым пачастункам, ваенная тэматыка з кантрольна-прапускным пунктам вайсковай часці, беларускія традыцыі энергетыкаў. Бытавікі вызначыліся мастацкім выкананнем перакладзеных папулярных песень. Ім і была аддадзена перавага ў конкурсе візітных картак «І зноў мы разам!». Дарэчы, цікавымі былі імправізацыі ўсіх удзельнікаў. Завяршыўся першы дзень музычнай дыскатэкай.

Другі дзень не ахаладзіў накалу барацьбы, хоць ноччу і прайшоў невялікі дожджык. Традыцыйная турысцкая паласа ўключала дзевяць этапаў, прайсці якія трэба было хутка і без памылак. Удалося гэта не ўсім, таму і штрафных ачкоў камандамі было набрана нямала. Даволі ўдала склаўся даны від спаборніцтваў для спартсменаў мясакансервавага камбіната, якія і сталі пераможцамі. А заключным, самым відовішчным і масавым, стаў конкурс па перацягванні каната, які зноў уключылі ў праграму турзлёту. На старт выйшлі самыя дужыя. Эмоцыі тут зашкальвалі, кожнай камандзе хацелася перамагчы. Перацягнулі ўсіх волаты філіяла маторнага завода.

У агульным заліку ўсіх праведзеных конкурсаў яскравей праявіла свае спартыўныя здольнасці і творчасць каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак, якая чарговы раз стала пераможцай (яе вы бачыце на здымку ўверсе). На другім месцы работнікі філіяла маторнага завода, на трэцім – працаўнікі Стоўбцыгаза. Пераможцы турзлёту ў камандных выступленнях узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і падарункамі.

Арганізатарамі турыстычнага злёту выступілі аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама  раённы камітэт БРСМ.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *