Нарасціць выкарыстанне мясцовых рэсурсаў

Нумары

image_pdfimage_print

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па выкарыстанні мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 19 жніўня на нарадзе па пытаннях эфектыўнасці іх выкарыстання.

«Балюча глядзець, калі ў нас вялікая колькасць біярэсурсаў, якія можна выкарыстоўваць як паліва, проста прападае. Таму цяпер вельмі важна актывізаваць работу па выкарыстанні ўласных рэсурсаў, каб як мага менш залежаць ад імпарту і скараціць сабекошт вырабленай прадукцыі», – заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтая тэма ва ўмовах залежнасці Беларусі ад імпартных энергарэсурсаў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай і вострай.

У свой час на ўзроўні Прэзідэнта быў прыняты шэраг рашэнняў у сувязі з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў гэтым напрамку ўжо зроблена нямала. Напрыклад, гадавы аб’ём у памеры больш як 2 млрд куб. м газу, што закупляецца, удалося замясціць мясцовымі відамі паліва. «Але гэта толькі дзясятая частка той колькасці каштоўнай сыравіны, якую мы імпартуем. А купляем мы звыш 20 млрд куб. м прыроднага газу. Толькі на гэтыя мэты краіна штогод траціць каля $3 млрд. Упэўнены, мы можам і павінны істотна скараціць гэты дарагі артыкул расходаў», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яму дакладваюць аб фактах нерацыянальнай эксплуатацыі дзеючых энергаўстановак і рэалізацыі эканамічна неабгрунтаваных праектаў.

Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт паставіў некалькі пытанняў. У прыватнасці, у чым прычыны малаэфектыўнага выкарыстання прыродных багаццяў Беларусі; якія ёсць рэзервы для паляпшэння работы ў гэтым напрамку і якія ў сувязі з гэтым патрабуецца прыняць рашэнні; як увязаны паміж сабой запланаванае нарошчванне спажывання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў і тая дадатковая энергія, якую плануецца атрымаць пасля ўводу ў строй Беларускай АЭС.

«Патрэбны сістэмны, эканамічна вывераны падыход да вырашэння ўсяго комплексу пытанняў, звязаных з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Прайшоў пэўны перыяд, калі мы прымалі рашэнні і арганізоўвалі гэтую справу. І трэба сёння, аб’ектыўна прааналізаваўшы сітуацыю, або карэкціраваць нашы планы і рашэнні, або дзейнічаць больш аператыўна ў вырашэнні гэтых праблем», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *