Праекты. Майстэрства. Развіццё талентаў

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

24h-23-08

ВОПЫТ І ЭНТУЗІЯЗМ

На гэтым здымку вы бачыце двух кіраўнікоў педагагічных калектываў сельскіх навучальных устаноў. У іх асобах – спалучэнне вопыту і маладосці, традыцый і інавацый. Ірына Колесень доўгі час з’яўляецца дырэктарам Шашкоўскай сярэдняй школы. На гэтай пасадзе яна сумела спаўна праявіць свой яркі арганізатарскі талент, здольная бачыць перспектывы і шляхі іх рэалізацыі, умее згуртаваць калектыў для вырашэння складаных задач па забеспячэнні навучання і выхавання маладога пакалення ў сучасных патрабаваннях. Інга Ключнік не так даўно ўзначаліла Аталезскі ВПК дзіцячы сад –сярэдняя школа. Яна мае арганізатарскі дар, умее праявіць ініцыятыву і павесці за сабою. Інга Вадзімаўна з удзячнасцю прымае парады, цэніць падтрымку такіх спецыялістаў у сферы адукацыі раёна, як Ірына Казіміраўна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДАПРОФІЛЬНАЯ ПАДРЫХТОЎКА

Сучасная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі павінна ісці ў нагу з часам, не спыняючыся на дасягнутым. Сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы прысутна спасцігаць новае, рэалізоўваць інавацыйныя праекты.

З 2012/2013 навучальнага года рэалізоўваўся інавацыйны праект «Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання вучняў ІІ і ІІІ ступеняў агульнай і сярэдняй адукацыі». Ставілася мэта павышэння якасці адукацыйнага працэсу.

У выніку рэалізацыі інавацыйнага праекта 40 педагогаў павысілі свой прафесіянальны ўзровень у выкладанні вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. 104 выпускнікі, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні ў рамках гэтага праекта, па завяршэнні навучання здалі выпускныя экзамены па матэматыцы і англійскай мове на высокім узроўні. 95 працэнтаў з іх паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Рэалізацыя інавацыйнага праекта дазволіла паспяхова перайсці да профільнага навучання ў 2015/2016 навучальным годзе. Закончылася рэалізацыя інавацыйнага праекта паспяховай абаронай у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Педагагічны калектыў нашай установы працягвае працаваць з новымі ідэямі, поглядамі, выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Час дыктуе імкнуцца наперад. Згодна з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з 1 верасня 2016/2017 навучальнага года ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы пачынаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафесіянальнай адукацыі, сям’і і соцыуму».

Мэтай праекта з’яўляецца фарміраванне навыкаў усвядомленага адукацыйнага і прафесіянальнага выбару вучняў з улікам іх інтарэсаў, магчымасцяў і патрэбнасцяў праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій і мэтанакіраванага ўзаемадзеяння з сям’ёю і соцыумам. База інавацыйнай дзейнасці – адукацыйны працэс у 1-11 класах. Праект будзе рэалізоўвацца да 2019 года.

Несумненна, інавацыйная дзейнасць прынясе новыя ідэі, будзе садзейнічаць удасканаленню прафесіянальнага майстэрства педагогаў, павысіць зацікаўленасць вучняў і іх законных прадстаўнікоў.

Святлана ГРЫГАРОВІЧ,намеснік дырэктара па вучэбнай рабоцеСШ № 3 г. Стоўбцы

 

З ДАПАМОГАЙ РЭСУРСНАГА ЦЭНТРА

Кожная прафесія патрабуе пастаяннага ўдасканалення. Неабходнай умовай развіцця педагагічнага вопыту з’яўляюцца бесперапынная прафесійная адукацыя, фарміраванне кампетэнтнасці педагогаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На падставе загада начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіны Казак былі створаны абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій: «Нёман», «Пристоличье», «Спутник», «Западный», «Березина», «Поиск». У структуру кожнага абласнога рэсурснага цэнтра ўваходзяць чатыры лабараторыі. Інтэрактыўная лабараторыя прызначана для ажыццяўлення праектнай дзейнасці па дысцыплінах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, правядзення тэсціравання, лабараторных і дэманстрацыйных работ. Лабараторыя моўнага пагружэння прызначана для ажыццяўлення дзейнасці па дысцыплінах грамадска-гуманітарнага цыкла, моўнай практыкі. Лабараторыя  Lego прызначана для засваення асноў рабататэхнікі і праграмавання, правядзення аўтаматызаваных эксперыментаў, нагляднай рэалізацыі складаных алгарытмаў. Вучэбная лабараторыя пачатковых класаў створана для ўкаранення элементаў электроннага навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Вынікі анкетавання «Выяўленне ўзроўню ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў» сведчаць аб тым, што 86 працэнтаў педагогаў выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі,  57 лічаць сябе ўпэўненымі карыстальнікамі камп’ютараў і толькі 4,6 працэнта – прафесійнымі карыстальнікамі. Таму на працягу навучальнага года педагогі рэсурснага цэнтра праводзілі метадычныя мерапрыемствы па распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту з выкарыстаннем інфармацыйна- камунікацыйных тэхналогій. Вучэбная лабараторыя пачатковых класаў абласнога рэсурснага цэнтра «Нёман» запланавала тры семінары на базе Дзераўнянскай сярэдняй школы. Семінар «Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі ў практыцы педагога» вучэбнай лабараторыі пачатковай школы быў падрыхтаваны і праведзены супрацоўнікамі цэнтра інфарматызацыі і дыстанцыйнага навучання Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. 

Семінар-нарада ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта закрануў важныя пытанні супрацоўніцтва школы і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Праграма семінара прапанавала ўдзельнікам розныя формы работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.   

Для ўдасканалення навыкаў валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыйным працэсе быў арганізаваны навучальны семінар «Стварэнне інтэрактыўных прэзентацый». Педагогі Стаўбцоўскага, Нясвіжскага, Капыльскага, Клецкага і Уздзенскага раёнаў атрымалі магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі стварэння інтэрактыўных прэзентацый з выкарыстаннем трыгераў, параметраў гуку і анімацыі. Мерапрыемства праходзіла ў форме інтэнсіўнага ўзаемадзеяння, што дазволіла ўдзельнікам не толькі абмеркаваць тэарэтычную інфармацыю, але і суаднесці свой практычны вопыт з атрыманымі ведамі.

На працягу года рэсурсным цэнтрам была аказана метадычная падтрымка па пытаннях выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій  у адукацыйным працэсе, былі арганізаваны кансультацыі, праведзены трэнінгі. Усе мерапрыемствы спрыялі арганізацыі метадычнай работы па павышэнні прафесійнай, інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў.

Алена КАНАНОВІЧ,кіраўнік лабораторыі пачатковых класаўабласнога рэсурснага цэнтра «Нёман»,настаўнік-метадыст

 

ПРАЗ «ПАЗНАННЕ»

З мэтай арганізацыі мэтанакіраванай работы па развіцці творчых і інтэлектуальных здольнасцяў вучняў у 2011 годзе ў нашай гімназіі быў створаны Цэнтр развіцця талентаў «Пазнанне». Інтэлектуальнае і творчае развіццё вучняў вядзецца на ўроках, факультатыўных занятках, у аб’яднаннях па інтарэсах, пры ўдзеле ў прадметных алімпіядах розных узроўняў, у навукова-практычных канферэнцыях, падчас прадметных тыдняў, конкурсаў, праектнай, даследчай дзейнасці. Традыцыйна вучні гімназіі ўдзельнічаюць у камандных спаборніцтвах, турнірах. У мінулым навучальным годзе гімназія прыняла ўдзел у V раённым турніры юных фізікаў і заняла І месца. У складзе зборнай каманды нашага раёна вучні гімназіі паўдзельнічалі ў VІІ абласным турніры фізікаў, каманда ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Нашы вучні занялі І месца ў раённым турніры хімікаў і таксама былі ўключаны ў склад зборнай каманды раёна, прынялі ўдзел у VІІ абласным турніры юных хімікаў. Гімназісты прывезлі дыплом ІІІ ступені за ўдзел у IV абласным міні-турніры юных матэматыкаў. У ІІІ раённым філалагічным конкурсе каманда гімназіі заняла І месца.

У другім этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць» Вераніка Канавал заняла І месца і ў камандзе Мінскай вобласці ўдзельнічала ў заключным этапе алімпіяды. Генадзь Блашко прадстаўляў наш раён на другім этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці. Данііл Нашчынец атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе ХХ Маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру.

У раённай алімпіядзе малодшых школьнікаў прынялі ўдзел 10 вучняў, з іх пяць сталі пераможцамі. У другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 23 вучні сталі пераможцамі. У трэцім этапе гэтай алімпіяды Вікторыя Паўлюць атрымала дыплом ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры, Вераніка Канавал – дыплом ІІІ ступені па грамадазнаўстве. Вікторыя Паўлюць на заключным этапе гэтай алімпіяды ўзнагароджана дыпломам І ступені.

У гімназіі на працягу многіх гадоў дзейнічае навуковае таварыства вучняў «Пошук». Адбыўся конкурс даследчых работ «Гарызонты адкрыццяў». Для ўдзелу ў раённым конкурсе былі адабраны восем даследчых работ вучняў па сямі розных накірунках. З іх тры занялі першае месца, дзве – другое, адна – трэцяе. Марыя Францкевіч прыняла ўдзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў «Зімовы школьны марафон» і атрымала дыплом І ступені. Работа апублікавана ў зборніку навуковых артыкулаў моладзі «Першы крок у навуку» Цэнтра маладзёжных ініцыятыў. У гэтым жа зборніку змешчана даследчая работа Мілены Куянавай.

Вучаніца 3 класа Кацярына Юхнель актыўна ўдзельнічае ў міжнародных інтэрнэт-алімпіядах і займае прызавыя месцы.

У гімназіі максімальна выкарыстоўваецца патэнцыял клубнай работы. Паказальная тут дзейнасць гісторыка-краязнаўчага клуба «Рагнеда» пад кіраўніцтвам Т. С. Татарынец. Цікавыя формы работы прапануе літаратурна-краязнаўчы клуб «Прыстанька» пад кіраўніцтвам Т. Л. Мароз. Аматары мастацтва разам з выкладчыкам Л. С. Назаранка аб’ядналіся ў клуб «Ніка».

Важную задачу па прафілактыцы правапарушэнняў бярэ на сябе сацыяльна-педагагічны клуб «Давер» пад кіраўніцтвам І. А. Рушанян. Практычным вопытам выхавання дзяцей бацькі і педагогі могуць падзяліцца на пасядэжэннях клуба «Сямейны савет», якім кіруе В. І. Каспяровіч.

Узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» пад кіраўніцтвам Наталлі Захаравай дае магчымасць таленавітым дзецям займацца танцамі, эстэтычна развівацца.

У гімназіі выкарыстоўваюцца інавацыйныя метады інфармацыйна-прапагандысцкай работы. Штомесячна выпускаецца гімназічны часопіс «Парусы». Працуюць аб’яднанні па інтарэсах «Асновы камп’ютарнага фота- і відэамантажу», «Фотатурызм».

Ва ўсіх дасягненнях гімназістаў ёсць вялікая заслуга педагогаў. Вучні Я. І. Дрозд, Р. Н. Малахавай, Л. С. Назаранка, М. А. Ларычавай, Г. І. Галяновіч, Н. А. Захаравай сталі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў.

Святлана КУРАК,намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *