Для ўмацавання законнасці

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

СТАНОЎЧАЯ ДЫНАМІКА – АД НАЛЕЖНАЙ ПРАФІЛАКТЫКІ

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі, праваахоўнымі і іншымі дзяржаўнымі органамі ў першым паўгоддзі 2016 года працягнута рэалізацыя арганізацыйных і практычных мер, накіраваных на папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў, умацаванне законнасці і правапарадку, абарону правоў грамадзян і дзяржаўных інтарэсаў.

Праведзеныя мерапрыемствы паспрыялі некаторым пазітыўным зменам у структуры і дынаміцы злачыннасці. Так, у параўнанні з першым паўгоддзем 2015 года колькасць учыненых злачынстваў скарацілася з 280 да 246 (на 12,1%). Са 124 да 97 зменшылася колькасць крадзяжоў, з дзесяці да пяці – махлярстваў, з 36 да 32 зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Практычна ўдвая скарацілася колькасць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Больш актыўна праводзілася работа па выяўленні і спыненні злачынстваў, звязаных з ухіленнем бацькоў ад утрымання дзяцей. За прааналізаваны перыяд на тэрыторыі раёна не зарэгістраваны забойствы.

Разам з тым, адзначаны і сур’ёзныя негатыўныя моманты. Так, за прааналізаваны перыяд на тэрыторыі раёна вырасла колькасць цяжкіх злачынстваў – з 17 да 20, а таксама з 8 да 12 – асабліва цяжкіх злачынстваў. Рост адбыўся за кошт злачынстваў, звязаных з замахамі на жыццё і здароўе.

У першым паўгоддзі бягучага года ў раёне адбыўся значны рост крымінальна караемых хуліганстваў – з аднаго да сямі. Устаноўлена, што пяць хуліганстваў учынена ў г. Стоўбцы, па аднаму – на тэрыторыі Заямнаўскага і Наваколасаўскага сельсаветаў. Хуліганскія дзеянні ўчынены ў вячэрні і начны час. 71,4% хуліганстваў учынена з прымяненнем ці з пагрозай прымянення насілля, 28,6% – са знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што найбольш часта хуліганствы ўчыняліся ў грамадскіх месцах – на вуліцы, у парку, што, у сваю чаргу, указвае на неналежнае забеспячэнне грамадскага парадку з боку раённага аддзела ўнутраных спраў, упушчэнні ў прафілактычнай рабоце.

Трывогу выклікае і значны рост зарэгістраваных за прааналізаваны перыяд на тэрыторыі раёна грабяжоў, колькасць якіх склала дзевяць (за 6 месяцаў 2015 г. – тры), сем з іх учынена ў грамадскіх месцах – на вуліцы, у кафэ, бары, магазіне, два – у жылых памяшканнях.

Чатыры злачынствы ўказанай катэгорыі адбыліся на тэрыторыі Наваколасаўскага сельсавета.

За першае паўгоддзе 2016 года на тэрыторыі раёна павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, – з 56 да 68. 24 злачынствы адзначаны на тэрыторыі горада Стоўбцы, 15 – Заямнаўскага сельсавета, 7 – у Старасвержанскім сельсавеце.

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання  зацікаўленымі органамі і арганізацыямі плана мерапрыемстваў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады, зацверджанага рашэннем Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 25.03.2011, № 420. Устаноўлена, што некаторыя з запланаваных мерапрыемстваў не знайшлі свайго практычнага прымянення, пэўныя мерапрыемствы суб’ектамі прафілактыкі праведзены неналежным чынам, выкананне асобных мерапрыемстваў не ўваходзіла ў кампетэнцыю органаў і арганізацый, якія з’яўляліся адказнымі за іх выкананне, што ў сваю чаргу сведчыць аб праяўленні фармалізму пры планаванні мерапрыемстваў прафілактычнага характару, а таксама неналежным кантролі за іх выкананнем.

У ходзе праверкі была ўдзелена ўвага якасці і эфектыўнасці работы органаў унутраных спраў з асобамі, якія ўчыняюць правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення, прафілактыцы правапарушэнняў, у тым ліку ажыццяўленню прафілактычнага ўліку. Устаноўлена, што ў дзейнасці Стаўбцоўскага РАУС маюць месца парушэнні і недахопы ў гэтым напрамку, што аказвае негатыўны ўплыў на стан крымінагеннай абстаноўкі ў рэгіёне. Па выніках разгляду прадстаўлення адзін сурпацоўнік РАУС часткова дэпрэміраваны.

За прааналізаваны перыяд на тэрыторыі раёна з 83 да 91 павялічылася колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца асобамі з судзімасцю, 54 з іх учынены нідзе не працуючымі, 23 – у стане алкагольнага ап’янення. Пераважная частка злачынстваў указанай катэгорыі складаюць злачынствы супраць уласнасці – 36, а таксама супраць жыцця і здароўя грамадзян – 21.

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання крымінальна-выканаўчай інспекцыяй Стаўбцоўскага РАУС патрабаванняў заканадаўства крымінальна-выканаўчага, крымінальна-працэсуальнага і накіраванага на папярэджанне рэцыдыўнай злачыннасці. Устаноўлена, што ў рабоце інспекцыі ёсць недахопы і ўпушчэнні. Па выніках праверкі начальніку РАУС унесена прадстаўленне.

Праведзеным аналізам злачынстваў, звязаных з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, устаноўлена, што ўсе чатыры злачынствы  ўчынены непрацуючымі ў стане алкагольнага ап’янення.

За прааналізаваны перыяд на тэрыторыі раёна адзначана сем (на ўзроўні мінулага года) злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін.

Згодна з інфармацыяй РАНС за першае паўгоддзе 2016 года на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна адзначана 20 пажараў, у выніку якіх загінулі чатыры чалавекі. Асноўнымі прычынамі загаранняў з’явіліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры ўстройстве ці эксплуатацыі пячного ацяплення, кароткае замыканне. За гэты перыяд у раёне зарэгістраваны адзін выпадак вытворчага траўматызму з цяжкім зыходам (Стаўбцоўскі лясгас) і адзін выпадак са смяротным зыходам («РУП «Навасвержанскі лесазавод»).

За шэсць месяцаў 2016 года пракуратурай раёна праведзена 13 праверак прадпрыемстваў і арганізацый раёна, пераважна сельскагаспадарчых, па пытаннях захавання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Па выніках разгляду і ўнесеных прадстаўленняў сем асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Вынікі праверак паказваюць, што, нягледзячы на прынятыя меры ўздзеяння да адказных службовых асоб, неабходныя супрацьпажарныя мерапрыемствы на многіх аб’ектах не праведзены. Не ўсюды прымаюцца меры па рэалізацыі канстытуцыйных правоў работнікаў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Дапускаюцца нездавальняючая арганізацыя працы, нізкі ўзровень працоўнай дысцыпліны, нездавальняючая прафілактыка вытворчага траўматызму.

За першае паўгоддзе на тэрыторыі раёна зарэгістраваны тры выпадкі гібелі грамадзян у выніку ўтаплення. З мэтай папярэджання такіх выпадкаў праведзена праверка выканання райвыканкамам, арганізацыямі, якія ва ўстаноўленым парадку маюць права карыстання воднымі аб’ектамі, раённым падраздзяленнем ТВВОД заканадаўства аб прафілактыцы гібелі людзей на вадзе. Пасля праверкі пракуратурай раёна вынесена пяць прадпісанняў, па выніках разгляду якіх тры асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Усяго ў першым паўгоддзі 2016 года пракуратурай раёна ў парадку нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў праведзена 18 праверак, па выніках  якіх унесены 34 прадстаўленні, вынесена 41 прадпісанне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прынесена 25 пратэстаў, афіцыйна папярэджана 71 асоба. Па актах пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 87 асоб, да матэрыяльнай – 16, якімі кампенсаваны страты на суму 15 633 000 рублёў, тры асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

З мэтай умацавання законнасці, папярэджання і спынення парушэнняў заканадаўства пракуратурай раёна старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама накіравана інфармацыйная запіска аб стане законнасці і правапарадку, з указаннем прыняцця дадатковых мер, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў, замахаў на жыццё, здароўе грамадзян і грамадскі парадак, маёмасную бяспеку як фізічных, так і юрыдычных асоб, папярэджанне надзвычайных здарэнняў, захаванне жыцця і здароўя людзей.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор раёна

 

ІНТЭРНЭТ-МАХЛЯРЫ

Аператыўнымі супрацоўнікамі падраздзяленняў па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій цэнтральнага апарату МУС Рэспублікі Беларусь і УУС Мінскага аблвыканкама прыпынена дзейнасць групы асоб, якая спецыялізавалася на неправамерным завалоданні грашовымі сродкамі жыхароў рэспублікі пад выглядам аплаты штрафаў, як бы за прагляд парнаграфічных матэрыялаў, шляхам прад’яўлення спецыяльнага паведамлення ў інтэрнэт-браўзары карыстальнікаў.

Карыстальнікі перанакіроўваліся на іншыя сайты, падкантрольныя махлярам, на якіх размяшчалася інфармацыйнае паведамленне як бы ад імя Міністэрства ўнутраных спраў, дзе грамадзяніну прапаноўвалася аплаціць штраф сумамі ад 65 да 100 дэнамінаваных рублёў шляхам іх залічэння на баланс указанага абаненцкага нумара.

Следчымі распачата крымінальная справа па арт. 209 і 354 КК Рэспублікі Беларусь, паводле якіх прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да 10 гадоў.

Усяго за кароткі тэрмін злачыннай дзейнасці ў адрас махляроў паступіла не менш за 300 пляцяжоў на суму каля 163 000 дэнамінаваных рублёў.

Кірыл ВЯТКІН, начальнік АрЗСВТ УУС Мінскага аблвыканкама

 

10 КІЛАГРАМАЎ НАРКОТЫКАЎ

Пракуратурай Мінскай вобласці санкцыянавана заключэнне пад варту 30-гадовай жыхаркі Салігорска. Непрацуючая жанчына падазраецца ў незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў.

Жанчына і яе 38-гадовы саўдзельнік былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў адным з дамоў Салігорска, дзе захоўвалі рэчыва расліннага паходжання агульнай масай каля 10 кг, якое ўяўляе сабой сумесь насення маку і небяспечнага наркатычнага сродку – макавай саломкі.

Упраўленнем па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю лядзьмі УУС Мінаблвыканкама ў адносінах да салігарчан узбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ, старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці

 

ЯК ДАБІЦЦА ДОБРЫХ ВЫНІКАЎ

На адным з апошніх пасяджэнняў грамадскага пункта аховы правапарадку горада Стоўбцы была заслухана работа з абавязанымі асобамі ў аб’яднанні камунальных службаў.   

«Адрас» выязнога пасяджэння быў выбраны невыпадкова: у АКС – восем абавязаных асоб (найбольшая колькасць абавязаных у адным калектыве па раёне). Для наймальніка гэта сур’ёзная адказнасць, таму што кожная з гэтых асоб патрабуе павышанай увагі і кантролю. Людзі, якія «дажыліся» да пазбаўлення бацькоўскіх правоў, на жаль, не заўсёды хочуць працаваць.

У АКС пераважная большасць абавязаных асоб з’яўляецца рабочымі па комплекснай уборцы прысядзібных тэрыторый. За мінулы год імі дапушчана 60 прагулаў.

– Усе выпадкі фіксуем і разбіраем. Звольніць «прагульшчыкаў» з ліку абавязаных не маем права, таму яны свае прагулы адпрацоўваюць, – тлумачыць начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан і ўдакладняе механізм работы з імі: – Усе – на віду. За абавязанымі прызначаны адказны спецыяліст – майстар. Дзве жанчыны  зарэкамендавалі сябе добрасумленнымі работніцамі, адну з іх прызначылі памочніцай брыгадзіра. За добрую працу абавязаныя атрымліваюць матэрыяльнае заахвочванне. Нароўні з іншымі работнікамі прадпрыемства яны могуць запісацца ў прафкаме на экскурсію, атрыманне абанемента на наведванне басейна і т. п. Прапаноўвалі ім за кошт прадпрыемства прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Усе адмовіліся, маўляў, «мы вядзём цвярозы лад жыцця».  

У гэтым годзе ў камунальнікаў-абавязаных асоб не выяўлена парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Валерый Бохан бачыць у гэтым «заслугу» алкатэста, праз які кожную раніцу праходзяць усе работнікі. Акрамя таго, АКС цесна супрацоўнічае з райаддзелам міліцыі.     

Аднак акцэнт старшыні гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку Ігара Кунцэвіча (яго асноўная дзейнасць – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна) быў зроблены і на рабоце ў напрамку рэсацыялізацыі абавязаных асоб. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах – гэта, безумоўна, іх уласнае жаданне і ўласная карпатлівая «работа над памылкамі».

Адной са сваіх абавязаных асоб АКС,  дарэчы, выдзеліў камерцыйнае жыллё, папярэдне ўклаўшы сродкі ў яго рамонт. Па гэтым адрасе абавязаная асоба зарэгістравана, аднак – не пражывае. Другой абавязанай асобе АКС выдзеліў пакой у інтэрнаце. Аднак і тут справа спынілася на этапе збору дакументаў.

Пасля грунтоўнай размовы член гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько прапанавала прадстаўніку АКС разглядаць пытанні рэалізацыі Дэкрэта № 18 на нарадах з удзелам дырэктара прадпрыемства. У такім выпадку будзе і мэтанакіраванасць, і прыняцце канкрэтных рашэнняў. У любым выпадку неабходна шукаць станоўчае і паказваць яго, абуджаючы ў чалавеку жаданне змяняцца, станавіцца паўнавартасным членам грамадства.

Гарадскім саветам грамадскага пункта аховы правапарадку прапанавана выбраць для пасяджэнняў кожную трэцюю сераду месяца, месцам іх правядзення – фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Зацверджаны план работы гарадскога савета, у які ўключаны пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, сямейнай нядобранадзейнасці, дарожнага і вытворчага траўматызму, пажараў і т. п. Запланаваны і выязныя пасяджэнні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *