Спартыўныя рэаліі

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

АЛІМПІЙСКАЯ ВАРТАСЦЬ

Пагас  агонь Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. На спартыўных арэнах Бразіліі больш за два тыдні праходзілі найбуйнейшыя спаборніцтвы чатырохгоддзя. З вялікай увагай сачылі за падзеямі, што трансліраваліся на экранах тэлевізараў, мільёны людзей ва ўсім свеце. І, вядома, усе мы шчыра жадалі поспеху беларускім спартсменам.

Асаблівае хваляванне было наконт выступлення лёгкаатлетаў у адным з самых складаных і прэстыжных відаў алімпійскай праграмы – марафонскім бегу. Адолець трасу больш як 42 кіламетры па сіле самым хуткім, моцным, вынослівым. А калі на дыстанцыі жанчыны, і сярод іх – наша зямлячка Марына Даманцэвіч, – хвалюешся ўдвайне.

Пяты канал Беларускага тэлебачання ледзьве не кругласутачна ў прамым эфіры даносіў перыпетыі барацьбы спартсменаў на стадыёнах і спартыўных пляцоўках. І ніяк нельга было прапусціць гэты, марафонскі, сюжэт Алімпіяды-2016.

Траса, назва якой Самбадром, нібыта даносіць экзотыку бразільскага карнавалу. Так, рознакаляровыя сцягі, маляўнічыя ўборы балельшчыкаў, але ж і дух спартыўнага паядынку. У складзе беларускай каманды на старт выйшлі  тры спартсменкі – Вольга Мазуронак, Марына Даманцэвіч і Анастасія Іванова. Права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях яны атрымалі, выканаўшы адпаведныя высокія нарматывы. І вось даецца старт забегу на самую працяглую па адлегласці лёгкаатлетычную дыстанцю.

Пад спякотнымі промнямі паўднёваамерыканскага сонца пакрысе адбылося расслаенне пелетона  – вялікай групы спартсменаў. А дзе ж нашы? Так, вось у першых радах бяжыць і спартсменка з эмблемай Беларусі на майцы. Гэта Вольга Мазуронак. Прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі яна выходзіць наперад. І трымаецца на лідарскай пазіцыі доўгі час. І толькі за лічаныя кіламетры да фінішу рывок удаецца іншым лёгкаатлеткам. Адчуваецца, як цяжка нашым. Першай лінію фотафінішу адольвае Джэміла Сумгонг з Кеніі. За ёй фінішуюць спартсменка з Бахрэйна і дзве з Эфіопіі. А пяты вынік – у Вольгі Мазуронак.

Трэба сказаць, што марафонскі бег традыцыйна найбольш паспяховы для спартсменаў з Афрыкі, дзе выдзяляюцца лёгкаатлеты менавіта з Кеніі і Эфіопіі. Ды і для дэлегаткі з Бахрэйна звыклыя ўмовы Бразіліі – высокая тэмпература паветра, атрымана і вынослівасць падчас трэніровак у разрэджаным паветры сярэднягор’я. Прадстаўніца Беларусі ўступіла пераможцы 44 секунды. Яе вынік у бегу на больш як 42-кіламетровай дыстанцыі – 2 гадзіны 24 мінуты 48 секунд.

А як жа Марына Даманцэвіч? Яна  трымалася дастойна і з вынікам 2 гадзіны 37 мінут 34 секунды заняла месца ў чацвёртым дзясятку марафонцаў. Гэта прыкладна ў сярэдзіне ўсёй групы спартсменаў. А вось Анастасія Іванова не змагла адолець усёй гэтай «гарачай» трасы, сышла з дыстанцыі.

Ужо само выступленне на Алімпійскіх гульнях – запаветная мара і вяршыня кар’еры спартсмена. Стаўбцоўшчына ж можа ганарыцца, што ў нас пачыналі спартыўны шлях удзельнікі Алімпійскіх угльняў у марафонскім бегу Аляксандр Гоцкі і Марына Даманцэвіч.

Мы ўжо інфармавалі аб спаборніцтвах на прызы Аляксандра Гоцкага, якія наладжваюцца ў нашым раёне. Алімпіец як трэнер зборнай рэспублікі рыхтуе спартыўную змену. Марыну, выхаванку Дзераўнянскай ДЮСШ, памятаюць па прозвішчы Карніцкая, яе прызнавалі лепшай спартсменкай Стаўбцоўшчыны. Цяпер яна ўжо мае тытулы пераможцы і прызёра прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. І ўдзельніцы Алімпійскіх гульняў, што само па сабе адметны знак спартыўнага шляху.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

УЖО КРУГ ДРУГІ

Здаецца, нядаўна было, калі пад праліўным дажджом аматары футбола на стадыёне  «Юнацтва» да апоняга чакалі поспеху ў стартавым матчы «Нёман-Агра». Аднак першыя тры ачкі ў Стоўбцах дасталіся футбольнаму клубу «Асіповічы». Госці незадоўга да фінальнага свістка забілі гол, які аказаўся адзіным у гэтай сустрэчы.

І вось ужо чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе рушыў па другім крузе. Сапернікі (сінхронна па календары спаборніцтва) тыя ж, толькі стадыёны іншыя – гаспадары становяцца гасцямі і наадварот.

Такім чынам, нашым выпала ехаць у Асіповічы. І гэты ваяж не стаў удалым. Гульня прайшла з перавагай мясцовага футбольнага клуба. Ужо ў першым тайме яны забілі два галы ў вароты стаўбчан. А калі ў другой палове сустрэчы быў выдалены з поля Сяргей Каток, як адзначана ў судзейскім пратаколе, «за пазбаўленне саперніка яўнай магчымасці забіць гол», надзеі нашай каманды на спрыяльны вынік гульні канчаткова зніклі.

І што цяпер маем? Футбольная каманда «Нёман-Агра» з 19 ачкамі знаходзіцца на шостай пазіцыі ў турнірнай табліцы. А лідары ўжо далёка. «Хваля» мае ў сваім актыве 35 ачкоў, ФК «Асіповічы» – 29,  «Маладзечна-ДЮСШ-4» – 28. Будзем спадзявацца, што нашы яшчэ парадуюць прыгожай і выніковай гульнёй.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

БЕГ МІРУ І ДРУЖБЫ

Факельную эстафету алімпійскага тыпу «Бег Міру і Дружбы» 3 верасня прымуць Стоўбцы.

У прэс-рэлізе аргкамітэта прабегу адзначана, што гэта самая працяглая ў свеце эстафета, у якой перадаецца факел як сімвал імкнення чалавецтва да больш гарманічнага і шчаслівага жыцця.

Заснаваў гэтае спартыўнае дзейства, якое ахоплівае многія краіны свету, у 1987 годзе Шры Чынмой – філосаф і грамадскі дзеяч, ініцыятар праграмы «Суквецці Міру». Памятны гістарычны момант, што менавіта падчас эстафеты міру, якую ў чэрвені 2001 года з факелам прынеслі спартсмены – прадстаўнікі 10 еўрапейскіх дзяржаў, Стоўбцы трапілі ў лік гарадоў, якія аб’яўлены гарадамі Міру з уручэннем адпаведнага пасведчання.

А ўвогуле з часу першага старту, які быў дадзены амаль 30 гадоў таму назад, прабег прайшоў па 150 краінах. Бегуны пераадолелі больш за 500 тысяч кіламетраў. Падлічана, з вобразным падтэкстам, – уяўна гэта 13 разоў вакол экватара. Простае пасланне прабегу: «Мір пачынаецца з мяне» – натхніла людзей па ўсім свеце. Кожны цотны год маршрут аб’ядноўвае ўсе 49 еўрапейскіх краін. А ў няцотныя гады прабег праходзіць па некалькіх кантынентах.

У 2016 годзе прабег адначасова праходзіць па тэрыторыях Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі і Аўстраліі. Еўрапейскі маршрут агульна складзе больш за 24 тысячы кіламетраў і амаль 100 тысяч кіламетраў ва ўсім свеце. У Расіі агульная працягласць маршрутаў складзе больш за 25 000 км, на Украіне – 1580 км.

Агульная адлегласць, якую пераадолеюць бегуны ў Беларусі, – 750 км. Агонь міру і дружбы будзе пранесены праз Гродна, Скідзель, Шчучын, Масты, Ваўкавыск, Слонім, Баранавічы. А ў суботу, 3 верасня, факельную эстафету будуць чакаць у Стоўбцах. Плануюцца пэўныя мерапрыемствы, сярод якіх урок міру ў адной са школ раёна. А таксама прабег па вуліцах горада членаў спартыўнай каманды і мясцовых бегуноў. Дарэчы, у камандзе гасцей бегуны з розных краін Еўропы.

Далей каманда накіруецца на Мінск, потым – на Бабруйск, Мазыр. Эстафета панясе пасланне міру і гармоніі на Украіну.

Зразумела, што дастойна сустрэць эстафету міру і дружбы – справа нашага гонару. Зноў жа прыгадаем, што Стоўбцы былі аб’яўлены Горадам Міру падчас праходжання згаданай эстафеты 15 гадоў назад. І прывядзём вытрымку з дэкларацыі Стаўбцоўскага райвыканкама сумесна з камітэтам міру Шры Чынмоя і Беларускім фондам міру: «Пацвярджаем, што горад Стоўбцы абвяшчаецца Горадам Міру. З гэтага часу горад Стоўбцы становіцца сімвалам спрадвечнага імкнення чалавецтва да міру і гармоніі і далучаецца да інтэрнацыянальнай сям’і «Суквецці Міру», зацверджанай па праграме Шры Чынмоя, якая ўключае ў сябе больш за 1000 манументаў і гарадоў Міру па ўсім зямным шары».

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *