Першы раз – на працу ў класс

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

27z-26-08

Аддзел адукацыі, спорту і турызму прымае ў штат 30 маладых спецыялістаў – выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных педагагічных устаноў краіны.

Шэсць з іх атрымлівалі спецыяльнасць па мэтавых накіраваннях. Педагагічныя калектывы раёна папоўняцца пяццю настаўнікамі матэматыкі і інфарматыкі, двума – філолагамі, чатырма – выхавацелямі дашкольных устаноў, шасцю педагогамі дадатковай адукацыі, дзесяццю – фізічнай культуры і здароўя. Першае месца работы атрымаюць географ, біёлаг, гісторык, настаўнік пачатковых класаў.

 

У ПРЫЁМНЫХ СЕМ’ЯХ – РАДАСЦЬ

Служба аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падзялілася радаснымі навінамі. Яны датычаць прыёмных сем’яў, у якіх былі выпускнікі.

Студэнткай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта стала Алена Мешыч, якая выхоўвалася ў прыёмнай сям’і Алы Мешыч. Шмат сіл і намаганняў прыклала прыёмная маці Вольга Гірко, каб дапамагчы Дзіяне Шуцько паспяхова асвоіць школьную праграму, выдатна падрыхтавацца да ўступных экзаменаў і стаць студэнткай медыцынскага каледжа. Радасць і ў дзіцячым доме сямейнага тыпу – у прыёмнай сям’і Васільевых:  выпускнік дзявятага класа Віталь Галубец паступіў у Плешчаніцкае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Як паказвае практыка, дзеці, якія выхоўваліся ў прыёмных сем’ях і сталі ўжо на самастойны шлях жыцця, па-ранейшаму трымаюць цесную сувязь з прыёмнымі бацькамі і прыязджаюць да іх як у родны дом.

 

БЯСПЕКА ДЗЯЦЕЙ – ПЫТАННЕ ДНЯ

Каб дасягнуць бяспечнага прабывання выхаванцаў і вучняў ва ўстановах адукацыі раёна, ажыццяўляецца прапускны рэжым, устанаўліваюцца сістэмы відэаназірання.

У пяці школах устаноўлены ўжо кнопкі трывожнай сігналізацыі з выхадам на пульт Дэпартамента аховы РАУС. Праводзіцца работа па ўстаноўцы іх яшчэ ў сямі ўстановах адукацыі райцэнтра.

На тэрыторыі навучальных устаноў забаронены ўезд транспарту.

На выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў закладзены сродкі ў суме 29 тысяч рублёў. Праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне пажарнай сігналізацыі, кругласутачны кантроль за станам сродкаў супрацьпажарнай аховы.

На ўсе транспартныя сродкі аддзела адукацыі, спорту і турызму (а гэта 15 школьных аўтобусаў) устаноўлена сістэма GPS-кантролю.

Пытанні бяспекі дзяцей стаяць у ліку першачарговых задач і гэтаму надаецца самая пільная ўвага.

 

У ЦЕСНАЦЕ, ДЫ НЕ Ў КРЫЎДЗЕ

Па-ранейшаму адной з самых вострых праблем нашага райцэнтра застаецца недахоп месцаў у дашкольных установах. У новым навучальным годзе захоўваецца чарговасць на атрыманне месца, 36 дзяцей маюць вострую патрэбу ў наведванні дзіцячага сада. Установы дашкольнай адукацыі горада пераўкамплектаваны на 65 працэнтаў, у той час як у сельскай мясцовасці такі працэнт складае напаўняльнасць дзіцячых садоў.

Каб зняць вастрыню гэтай праблемы, кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прапаноўвае бацькам месцы ў бліжэйшых садах сельскай мясцовасці.

У верасні бягучага года плануецца пачаць будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Стоўбцах на 230 месцаў.

Пр

НА ЗДЫМКУ: з узнёслым настроем, поўным маладога запалу, выпускнікі беларускіх вышэйшых навучальных педагагічных устаноў Гражына Белановіч, Дзіна Багданец, Ірына Валасовіч папоўняць калектывы СШ № 2 г. Стоўбцы, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Заямнаўскай СШ, а Кірыл Луцэвіч і Антон Васілеўскі зоймуцца выкладчыцка-трэнерскай работай у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *