Ураджай. Кармы

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай-2016

image_pdfimage_print

ПАДЗЯКА ХЛЕБАРОБАМ

У мінулую суботу ў ААТ «Агранёманскі» ладзілася свята «Дажынкі». Працаўнікі гаспадаркі пастараліся: намалочана звыш дзесяці тысяч тон збожжа. Дбайных хлебаробаў урачыста ўшаноўвалі ў Старасвержанскім цэнтры культуры. З паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі прысутных павіншавалі дырэктар Уладзімір Жукаў і яго намеснік па раслінаводстве Іван Скварчэўскі, якім уручылі караваі. Супрычыніліся да віншавання дырэктары Старасвержанскай школы і Залужскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Сярод дванаццаці экіпажаў камбайнераў раёна, якія намалацілі звыш тысячы тон збожжа, – сем з гэтай гаспадаркі: Валерый і Андрэй Жукі, Аляксей Пальчык і Анатолій Казлоўскі, Аляксандр Гярлоўскі і Валерый Яўсейчык, Аляксандр Фалюк і Уладзімір Астахновіч, Міхаіл Таяноўскі і Юрый Сідорык, Генадзь Цвірка і Валерый Гайдукевіч, Віктар Семянько і Артур Кожыч. Сярод вадзіцеляў вылучыліся два Анатоліі – Турко і Бабровіч.

Брыгадзіру вытворчага ўчастка Аляксандру Якімаву, аграному-аграхіміку Аляксандру Булашу, усім экіпажам камбайнераў і вадзіцелям таксама ўручылі караваі, заслужаныя прэміі і кветкі. Былі заахвочаны і тры вадзіцелі аўтапарка № 17, якія працавалі на адвозцы збожжа ад камбайнаў. А Вацлаў Камейша, які перавёз тысячу тон, атрымаў ад кіраўніцтва таварыства і дыплом.

Для ўдзельнікаў жніва работнікі мясцовага Цэнтра культуры  падрыхтавалі канцэрт.

Пр

 

ВЯДУЦЬ ТРЭЦІ ЎКОС

У ААТ «Вішнявецкі-агра» гэтымі днямі поўным ходам вядзецца нарыхтоўка травяных кармоў для грамадскага статка. Убіраюцца на сянаж аднагадовыя травы, у прыватнасці, проса, і шматгадовыя – фестулоліум і доннік. Корманарыхтоўшчыкі ўжо прыступілі да трэцяга ўкосу, скошана звыш 250 гектараў люцэрны і канюшыны. У ліку апошніх заклалі сянажную траншэю на 2,5 тысячы тон у Мархачоўшчыне і на тысячу тон на МТФ «Грабёнаўшчына», якую арандавалі ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Усяго закладзена каля дзесяці тысяч тон сенажу.

– План па нарыхтоўцы сенажу і сена мы выканаем, – гаворыць галоўны аграном Мікалай Клаўшун. – На касавіцы працуе аб’яднаны кормаўборачны атрад. Нашы механізатары парупіліся ў суседзяў – ААТ «Радзіма Якуба Коласа», цяпер яны нам дапамагаюць. Хлопцы нашы працуюць увішна. На касьбе заняты Мікалай Ажгірэвіч і Віталій Шода, на граблях шчыруе Васілій Баран, на кормаўборачным комплексе – Аляксандр Маеўскі. На адвозцы занята шэсць адзінак тэхнікі.

На чарзе ўборка кукурузы. Галоўны заатэхнік Алег Бараноўскі расказвае, што пад сіласную масу ўжо падрыхтавана шэсць траншэй,  а дзве новыя яшчэ знаходзяцца ў стадыі завяршэння будаўніцтва.

 

УБІРАЮЦЬ ЦЫБУЛЮ

На цыбулевых палетках ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» ажыўлена. Шчыруюць з капацелямі механізатары Анатолій Грамыка і Мікалай Лошкін. Ураджай гэтай агародніннай культуры вырашчаны не горшы, чым летась. Цыбуля прасушваецца і звозіцца ў сховішча. Намеснік дырэктара Ігар Баброў расказвае, што з васьмідзесяці гектараў палова плошчаў была засеяна сяўком галандскага сорту «стурон», які зараз і капаюць. На астатніх гектарах высявалі насенне польскіх сартоў – цыбулю-чарнушку, якую ўбіраць  будуць восенню.

Пр

 

НА ПАЛЯХ РАЁНА (інфармацыя на 25 жніўня)

Салома ў сельгаставарыствах раёна ўбрана з плошчы 13 214 гектараў, што складае 61,4 працэнта да зжатай збажыны. У ААТ «Вялікі Двор», «Радзіма Якуба Коласа», «Рубяжэвічы» і «Каганец» палеткі вызвалены ад саломы больш як на 80 працэнтах убраных плошчаў. На гэтай тэхналагічнай аперацыі занята штодзень да 35 прэс-падборшчыкаў. Марудна ўбіраецца салома ў ААТ «Дзераўное» і «Шашкі».

Ворыва пад сяўбу азімых культур у гаспадарках раёна праведзена больш як на дзевяці тысячах гектараў, што складае больш за 70 працэнтаў ад запланаванага. Справіліся з гэтай работай аратыя ААТ «Жацерава» і «Вялікі Двор».

Падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых збожжавых вядуць пяць сельгаставарыстваў: «Вялікі Двор», «Жацерава», «Радзіма Дзяржынскага», «Каганец» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Абарачэнне льну-даўгунцу ў ільнасеючых таварыствах праведзена на 78 гектарах, што складае 17,3 працэнта да выцерабленага. Ільнотраста паднята на 138 гектарах – амаль на трэцяй частцы ад пасеянага. У ААТ «Рочавічы» ўбрана 20 гектараў ільну на насенне, намалочана звыш пяці тон ільнасемя.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *