Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Данііл Радзіонаў, Арсеній Курыла, Іван Курнасенка.

Зямны шлях закончыўся для 15-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна.

Міліцыяй зарэгістравана 118 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 15 крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазроныя. У Новым Свержані непаўналетні (быў у нецвярозым стане) пашкодзіў жалезабетонную агароджу грамадскай лазні. Паблізу піцэрыі «Ветразь» нецвярозы хуліган нанёс грамадзяніну цялесныя пашкоджанні. На тэрыторыі раёна з 22 па 31 жніўня з мэтай прафілактыкі крадзяжоў асабістай маёмасці і правапарадку ў паяздах, папярэджання няшчасных выпадкаў на чыгуначным транспарце праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Пасажыр».

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Мінска, які на вадаёме ў Судніках у цёмны час сутак спрабаваў здабыць рыбу з асвятляльным ліхтаром, стрэльбай для падводнага палявання і т. п. Браканьеру пагражае ад 20 да 50 базавых велічынь штрафу з канфіскацыяй сродкаў лову.

Пракуратурай раёна падчас маніторынгу ўстаноўлена, што ў ААТ «Каганец», ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Рочавічы» і ААТ «Радзіма Дзяржынскага» дапускаюцца парушэнні ўмоў захоўвання сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, правілаў пажарнай бяспекі. Кіраўнікам названых гаспадарак унесены прадстаўленні, пры разглядзе якіх тры асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай і тры – да адміністрацыйнай адказнасці.

Судом асуджаны да 1,5 года і аднаго года зняволення (з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады) двое браканьераў, жыхароў Галавенчыцаў і Мархачоўшчыны, якія вылавілі ў рэчышчы Залужанкі 55 карасёў і 45 ракаў. Да іх прыменены і штрафныя санкцыі – у памеры 100 і 80 базавых велічынь.

ДАІ выявіла 223 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і 13 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 22 недысцыплінаваныя пешаходы. Зарэгістравана 11 ДТЗ. У Новым Свержані вадзіцель учыніў наезд на васьмігадовага хлопчыка, які нечакана выбег на праезджую частку. Пацярпелы атрымаў траўмы. З 25 жніўня па 5 верасня праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!», падчас якога вадзіцелі абавязаны рухацца ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар.

«Хуткая» атрымала 251 выклік, прычым дзевяць з іх паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *