Пра ход выбараў

Нумары

27-26-08

ЦВК АКРЭДЫТАВАЛА ЗАМЕЖНЫХ НАГЛЯДАЛЬНІКАЎ

Цэнтрвыбаркам Беларусі акрэдытаваў 408 замежных наглядальнікаў для маніторынгу маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК.

Больш за ўсё наглядальнікаў па-ранейшаму акрэдытавана ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў (297), у тым ліку ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД – 33. Ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ акрэдытацыю атрымаў 51 прадстаўнік, ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) – 19 чалавек. Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) акрэдытавала 41 наглядальніка.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбудуцца 11 верасня. Плануецца, што ўдзел у маніторынгу электаральнай падзеі прыме Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС), а таксама будуць запрошаны прадстаўнікі Цэнтрвыбаркамаў іншых дзяржаў, з якімі ўзаемадзейнічае беларуская ЦВК.

 

НАГЛЯДАЛЬНІКІ АД ГРАМАДСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ

Больш за 2,7 тыс. наглядальнікаў ад БРСМ акрэдытавана для маніторынгу парламенцкіх выбараў, паведаміў журналістам другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Сяргей Клішэвіч падчас «Адкрытага дыялогу» на тэму «Моладзь і выбары: формула адказнасці».

Паводле яго слоў, моладзь заўсёды прымае актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях. Прыклад таго – праведзеныя выбары Прэзідэнта. У цяперашняй кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання маладыя людзі не застаюцца абыякавымі, гэта відаць у тым ліку і па вылучэнні ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, і па арганізацыі пікетаў.

Згодна з інфармацыяй Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, ад РГА «Белая Русь» цяпер акрэдытаваны 1722 наглядальнікі, ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – 1474.

Удзельнікамі «Адкрытага дыялогу» сталі больш за 100 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта члены тэрытарыяльных, участковых і акруговых камісій, кіраўнікі тэрытарыяльных штабоў па арганізацыі ўдзелу БРСМ у кампаніі па выбарах, нацыянальныя наглядальнікі. Экспертамі выступілі кіраўнікі ЦК БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, РГА «Белая Русь», Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

 

ДА ВЫБАРАЎ – ВЯЛІКАЯ ЦІКАВАСЦЬ

Працоўныя калектывы праяўляюць высокую цікавасць да маючых адбыцца парламенцкіх выбараў у Беларусі. Аб гэтым сказала ў гутарцы з журналістамі міністр інфармацыі Лілія Ананіч пасля сустрэчы з работнікамі Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната. Яна знаходзілася з рабочай паездкай у Гомельскай вобласці і прымала ўдзел у мерапрыемствах адзінага дня інфармавання.

Тэма маючых адбыцца выбараў у Нацыянальны сход была асноўнай у ходзе сённяшняга дыялогу паміж членамі інфармацыйнай групы і калектывам акцыянернага таварыства. «Агучаныя пытанні паказалі, што грамадзяне не абыякавыя да таго, хто прыйдзе ў парламент і будзе прадстаўляць інтарэсы іх рэгіёна. Больш таго, яны выказваюць сваё разуменне далейшага развіцця эканомікі і звяраюць з праграмай кандыдатаў у дэпутаты. Такая актыўнасць усяляе ўпэўненасць, што выбарчая кампанія будзе паспяховай», – лічыць міністр.

Падчас сустрэчы з работнікамі камбіната Лілія Ананіч падрабязна спынілася на гісторыі развіцця парламентарызму ў суверэннай Беларусі, расказала аб яго ролі і ўкладзе ў будаўніцтва дзяржаўнасці. Стварэнне законаў, па якіх павінна жыць насельніцтва ўсёй рэспублікі, накладае высокую адказнасць на дэпутатаў. «Таму нам неабходна выбраць тых, хто найбольш падрыхтаваны да гэтай работы, здольны вырашаць важнейшыя дзяржаўныя задачы», – падкрэсліла міністр.

 

ЗНЯЛІСЯ З ПЕРАДВЫБАРНАЙ ГОНКІ

Амаль 20 кандыдатаў у дэпутаты знялі свае кандыдатуры з перадвыбарнай гонкі. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Першапачаткова рэгістрацыю прайшоў 521 прэтэндэнт на парламенцкае крэсла, але пазней яшчэ чацвёра былі зарэгістраваны па выніках абскарджання рашэнняў акруговых выбаркамаў. «Знялі свае кандыдатуры 19 чалавек. Акрамя таго, паводле інфармацыі, якую мы маем на сёння, з выбараў нібыта зняўся яшчэ адзін кандыдат, але дакладных звестак наконт гэтага пакуль няма», – сказаў Мікалай Лазавік.

Такім чынам, атрымліваецца, што на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў па-ранейшаму прэтэндуюць больш за 500 кандыдатаў, аднак, як адзначае ЦВК, гэтая лічба яшчэ можа змяніцца.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, цяпер для кандыдатаў прадаўжаецца агітацыйны перыяд.

   

ЗВАРОТЫ ПА ВЫБАРАХ У ПАРЛАМЕНТ

Больш за 320 зваротаў грамадзян па выбарах у парламент паступіла ў мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама ў выбарчыя камісіі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.

У прыватнасці, паводле апошніх даных, растлумачэнні выбарчага заканадаўства датычылі 38 зваротаў, яшчэ 60 – дзейнасці тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбаркамаў. Па дзейнасці ініцыятыўных груп былі накіраваны 43 звароты, па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – 16, наконт іх рэгістрацыі – 38. Вядзення перадвыбарнай агітацыі датычылі 12 зваротаў, акрэдытацыі і дзейнасці наглядальнікаў – 24, фарміравання ўласных выбарчых фондаў прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, расходавання грошай з гэтых фондаў – 1, складання спісаў выбаршчыкаў – 2, парадку галасавання і падліку галасоў – 1, іншых пытанняў падрыхтоўкі і правядзення электаральнай падзеі – 52.

Акрамя таго, у Цэнтрвыбаркам і адну з акруговых выбарчых камісій паступіла 35 зваротаў па пытаннях, якія не звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў (34 і 1 адпаведна).

 

ЦВК ЗАЦВЕРДЗІЛА ДАКУМЕНТЫ, НА ПАДСТАВЕ ЯКІХНА ЎЧАСТКАХ ДЛЯ ГАЛАСАВАННЯ БУДУЦЬ ВЫДАВАЦЦА БЮЛЕТЭНІ

Цэнтрвыбаркам Беларусі 23 жніўня на пасяджэнні зацвердзіў дакументы, на падставе якіх выбаршчыкам на ўчастках для галасавання будуць выдавацца бюлетэні.

Як адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, згодна з устаноўленымі правіламі бюлетэнь выдаецца членам участковай выбарчай камісіі на падставе двух дакументаў. Першы з іх – гэта спіс грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, другі – пашпарт або іншы дакумент, што яго замяняе, які павінен прад’явіць сам выбаршчык.

Праект пастановы, зацверджаны 23 жніўня на пасяджэнні, якраз уключае пералік дакументаў, што замяняюць пашпарт. Гэта, у прыватнасці, ваенны білет для ваеннаслужачых тэрміновай службы, службовае пасведчанне дзяржслужачага, вадзіцельскае пасведчанне, пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), студэнцкі білет, а таксама даведка органаў унутраных спраў для грамадзян, якія страцілі пашпарт.

Таксама на пасяджэнні агучана прапанова ўключыць у пералік такіх дакументаў пасведчанне інваліда. Гэтае пытанне ЦВК паабяцала разгледзець пасля ўдакладнення назвы гэтага дакумента.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбудуцца 11 верасня.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *