Кола гадавых хлебаробскіх спраў гатуе працаўнікам сяла новыя клопаты згодна з яскравай прымаўкай: камбайн з поля – плуг у баразну. Завяршыўшы ўборку і атрымаўшы з кожнага гектара больш чым па 36 цэнтнераў умалотнага збожжа, земляробы ААТ «Жацерава» паспяшаліся з уборкай саломы.
На гэтай важнай справе ў таварыстве з году ў год спецыялізуецца вопытны механізатар Пётр Краўчанка. Яго прасавальны агрэгат заўсёды ў спраўным, тэхнічна дагледжаным стане і падчас уборачнай пары не ведае прастояў.
Увішна працуюць зараз на прасаванні саломы і бацька з сынам Аляксандр і Віталь Ганчарэнкі – адзін з лепшых уборачных экіпажаў. Свой механізатарскі вопыт Аляксандр ахвотна перадае сыну ў новай для маладога хлебароба справе.
Штодня, усю светлавую пару, на былых збожжавых плошчах працуюць два прасавальныя агрэгаты, а скручаная ў рулоны салома звозіцца нават у начную змену.
Васіль ЗЯНЬКО, фота аўтара