Запрашаем у свет мастацтва

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

27b-26-08

ТАНЦАЎ ГАРЭЗЛІВЫЯ ВІХУРЫ

Канцэртныя нумары ўзорнага дзіцячага танцавальнага ансамбля «Гарошынка», якім шмат гадоў кіруе Наталля Захарава,  асаблівай рэкламы не  патрабуюць. Кожнае выступленне юных самадзейных артыстаў – высокая дэманстрацыя ўзораў харэаграфіі, гармоніі і імклівай віхурнасці гарэзлівых танцаў, што шчодра аплачваецца бурнымі апладысментамі на сцэнах радзімы, блізкага і далёкага замежжа.

Фота Васіля Зянько

 

ТВОРЧЫ МАРАФОН

Хутка на змену бесклапотнаму лету прыйдзе руплівая восень, а з ёю – і новы навучальны год. Пачнецца ён і ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе заўсёды чакаюць зацікаўленых, старанных, няўрымслівых рабят. Цэнтр творчасці – гэта месца, дзе ніколі не бывае сумна. Наша жыццё напоўнена творчымі ідэямі, цікавымі сустрэчамі, захапляльнымі заняткамі, зносінамі з сябрамі і аднадумцамі. Хутка тут закіпіць творчая праца ў шматлікіх аб’яднаннях па інтарэсах.

Сапраўдны творчы марафон для дзяўчынак і хлопчыкаў, іх бацькоў і настаўнікаў пачнецца з першых дзён  верасня, калі стартуе Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. Ён накіраваны на шырокае далучэнне навучэнцаў да заняткаў у гуртках, клубах, студыях і іншых аб’яднаннях па інтарэсах, на фарміраванне станоўчага іміджу цэнтраў пазашкольнага выхавання і з’яўляецца, так бы мовіць, своеасаблівай візітоўкай сістэмы дадатковай адукацыі. Увесь тыдзень у Цэнтры творчасці будзе насычаны канцэртна-забаўляльнымі праграмамі, майстар-класамі, прэзентацыямі, сустрэчамі педагогаў дадатковай адукацыі з навучэнцамі школ. Будуць разгорнуты: работа кансультацыйнага пункта «Выбірай-ка», выставы работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Кожны зможа пагутарыць з кіраўнікамі аб’яднанняў па інтарэсах і запісацца ў гурток. Мерапрыемствы дадуць магчымасць вучням і бацькам пазнаёміцца з дзейнасцю цэнтра, палітрай цікавых і карысных відаў творчасці.

Сёння кожны жадаючы можа знайсці ў цэнтры справу па душы. Калі вы хочаце падружыцца з фантазіяй, навучыцца ствараць цудоўныя рэчы з самых простых матэрыялаў, – запісвайцеся ў аб’яднанні  «Кераміка», «Свет шэрсці», «Бісерапляценне», «Світ-дызайн», «Картанаж», «Квілінг».

Вы творчая натура, якая хоча паспрабаваць свае здольнасці ў жывапісе і мастацкім пошуку? Тады далучайцеся да заняткаў народнай студыі  выяўленчага мастацтва «Вясёлка».

Калі жадаеце авалодаць мастацтвам ігры на гітары, прадэманстраваць свае вакальныя, танцавальныя здольнасці, вас чакаюць аб’яднанні «Вакальны», «Юны гітарыст», «Сучасны танец», «Усходні танец».

Спасцігнуць азы камп’ютарных тэхналогій, навучыцца канструяваць са звычайных набораў лега незвычайныя шэдэўры можна ў аб’яднаннях па інтарэсах «Рабататэхніка» і «Камп’ютарны дызайн».

Ёсць і новыя напрамкі, у якіх можна паспрабаваць свае сілы: «Дэкупаж», «Інтэр’ерная цацка», «Дэкаратыўны роспіс».

Калі вы неабыякавыя, актыўныя, творчыя, ініцыятыўныя і проста зацікаўленыя, – калі ласка, у наш Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі (вул. Сацыялістычная, 81, г. Стоўбцы).  Запісацца ў гурткі можна і па тэлефоне  5-15-00.

Галіна ЖУКАВА, культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

ПРАЦАВАЦЬ МОЦНАЙ КАМАНДАЙ

2016-ты абвешчаны Годам культуры, таму асаблівая ўвага звяртаецца на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рэспубліцы. Як упісваецца ў гэтую праграму дзейнасць раённага Цэнтра культуры? Аб праведзеных мерапрыемствах, планах, новых праектах расказвае ў інтэрв’ю «Праменю» дырэктар гэтай установы культуры Ала Сушч.

– Ала Анатольеўна, ужо каля года вы займаеце пасаду дырэктара раённага Цэнтра культуры. Чым адметная дзейнасць установы за гэты час?

– Да заступлення на гэтую пасаду ў мяне быў напрацаваны багаты вопыт работы ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў, на адміністрацыйнай рабоце ў ансамблі танца, музыкі і песні «Белыя росы», акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у М. Я. Фінберга. Таму ў раённым Цэнтры культуры былі расстаўлены акцэнты на арганізацыю новых мерапрыемстваў, працягнута напрацаваная практыка пашырэння платных паслуг. На базе Цэнтра культуры адкрылі студыю ранняга развіцця «Маленькі геній». У мінулым годзе дзеці займелі магчымасць вывучаць англійскую мову. У гэтым годзе арганізуюцца заняткі вакалам, гульня ў тэатры. Добра адладжана ў нас і запатрабавана арганізацыя ўрачыстасцяў прадпрыемствам з нагоды прафесійных святаў, навагоднія і ражджэственскія праграмы. Новаўвядзеннем стаў конкурс «Містар першаклашка», які выліўся ў вельмі прыгожае яркае шоу, зала Цэнтра культуры была перапоўнена. Дзякуючы нашым спонсарам удзельнікі конкурсаў атрымалі каштоўныя падарункі. Мы працягваем запрашаць да ўдзелу ў розных мерапрыемствах гэтых маленькіх таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Прайшло адметнае, яркае, кранальнае і запамінальнае мерапрыемства – вечар-рэквіем, на якім былі ўшанаваны тыя, хто ў розныя гады працаваў у сферы культуры нашага раёна. Упершыню праведзены конкурс «Жанчына года» пад патранажам раённага структурнага падраздзялення Беларускага саюза жанчын. У ім удзельнічалі восем жанчын у васьмі намінацыях. Яны высадзілі алею на плошчы Леніна, і цяпер у кожнай ёсць свая імянная туя. Вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць кіраўніцтву райвыканкама, якое падтрымала гэтую ідэю і дапамагло нам, таму што зрабіць самім такое мерапрыемства было б вельмі цяжка. Яшчэ адна навінка, якую мы ўвялі, і спадзяёмся, што яна і далей будзе жыць, – гэта арганізацыя пастаянных выстаў у фае Цэнтра культуры. Напярэдадні Дня моладзі мы адкрылі вернісаж. Творчыя людзі: мастакі, фотамастакі – і ўсе іншыя могуць выстаўляць свае персанальныя работы ў розных жанрах і відах творчасці. У сучасны момант у нас праходзіць выстава вучняў мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў. На мой поглад, гэта вельмі добрая ідэя: у Цэнтры культуры адбываецца шмат канцэртаў, мерапрыемстваў, і людзі, якія прыходзяць на іх, з задавальненнем наведваюць гэтыя выставы.

– Ала Анатольеўна, з нядаўняга часу раённы Цэнтр культуры выконвае і функцыі кінатэатра.

– Так, на сцэне Цэнтра культуры зманціравана сучасная праекцыйная сістэма. Цяпер у камфортнай зале перад сучасным экранам можна атрымліваць задавальненне ад прагляду кінастужак. Сістэма выкарыстоўваецца і для арганізацыі нашых мерапрыемстваў, што дазваляе забяспечыць іх відэасуправаджэнне. Гэта прыбліжае нас да ўзроўню канцэртных пляцовак рэспублікі.

– Як далей будзе развівацца арганізацыя канцэртаў вядомых прафесійных калектываў і выканаўцаў?

– Практычна кожны месяц мы даём магчымасць жыхарам райцэнтра і раёна наведаць канцэрты прафесійных калектываў са сталіцы, якія адбываюцца на сцэне Цэнтра культуры. Цяпер спрабуем выйсці на прадзюсараў, якія працуюць з расіянамі. Алена Сцепаненка, «Кривое зеркало» ўжо выступалі на нашай сцэне. Ва ўсіх інавацыях мы адчуваем зацікаўленасць і падтрымку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алены Суднік. Дзякуючы гэтаму атрымліваюць развіццё новыя накірункі работы.

– Якія планы на  бліжэйшую будучыню?

– Плануем восенню правесці шоу блізнят, у нашым горадзе іх нямала. У верасні пройдзе вечар шансона. Маем добрыя зносіны з дырэктарам Цэнтра культуры г. Азова, і ў іх ёсць вельмі адметны казачы калектыў. Запросім іх да нас. Апошнім часам цесна супрацоўнічаем з прадстаўнікамі МНС і ДАІ. Усе мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў, якія ўваходзяць у планы гэтых структур, праводзяцца сумесна з намі. Нашы спецыялісты рыхтуюць тэматычныя гульнявыя праграмы, тым самым праз гульню даносячы патрэбную інфармацыю да дзяцей.

Імкнёмся наладзіць цеснае супрацоўніцтва з фізкультурна-аздараўленчым комплексам, спадзяюся, што ФАК стане другой нашай канцэртнай пляцоўкай. Там больш пасадачных месцаў. Вельмі хацелася б, і ў гэтым ёсць неадкладная патрэба, набыць сучаснае абсталяванне – перасоўную сцэну, каб праводзіць канцэрты і на адкрытай пляцоўцы. Такія сучасныя сцэны ўжо ёсць практычна ва ўсіх гарадах Мінскай вобласці.

– Ці чакаеце вы на працу маладых спецыялістаў, і якія надзеі на іх ускладваеце?

– У гэтым годзе ў Цэнтр культуры прыязджаюць чатыры маладыя спецыялісты. Сярод іх вакалісты, рэжысёры. І ў мяне вялікая надзея і планы на іх. Спадзяюся, што дзякуючы ім мы зможам даць штуршок для далейшага развіцця тэатра мініяцюр «Полымя», адкрыем платную вакальную студыю, дзе з’явіцца магчымасць не толькі дзецям, але і дарослым займацца з прафесійным вакалістам. У нас ужо ёсць малады харэограф, а зараз, калі далучацца вакалісты і рэжысёры,  атрымаецца прафесійная моцная каманда.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *