Паміж людзей

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

27n-26-08

УСЯ СПРАВА Ў КАХАННІ

Апошнім часам мы ўсё часцей чуем слова мігрант. Людзі могуць мяняць месца жыхарства па розных прычынах: палітычных, рэлігійных, нацыянальных, экалагічных. А мне пашчасціла сустрэцца з чалавекам, якога ў нашу рэспубліку прывяло каханне да беларускай дзяўчыны.

Шэсць з паловай гадоў назад галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага цырка Серж Бандарчук запрасіў Махамеда Моршэдзія Асама Фатух выступіць са сваім факір-шоу ў Беларускім дзяржаўным цырку. Асама прыехаў у Беларусь не адзін, а з цэлай камандай асістэнтаў, якія дапамагалі яму ў выступленні. Падчас гастроляў Беларускі дзяржаўны цырк здымаў Асаму кватэру. На адной пляцоўцы з ім, па-суседску, жыла дзяўчына, да якой Ганна прыехала ў госці. Выпадкова яны пазнаёміліся, і ён запрасіў дзяўчат на сваё шоу. Пасля выступлення задаволеныя Ганна з сяброўкай падзякавалі Асаму за дзіўнае прадстаўленне, і паміж імі завязалася сяброўства. Затым ён паехаў на радзіму. Аднак праз некаторы час Асама вярнуўся ў Беларусь, на гэты раз – да каханай дзяўчыны, і зрабіў прапанову Ганне стаць яго жонкай. Яна згадзілася.

Вось ужо шэсць гадоў Асама жыве недалёка ад Мінска, у пасёлку Наваколасава, разам з жонкай Ганнай і двума сынамі: Амірам і Камілем. Асама – паспяховы бізнесмен, які валодае трыма кампаніямі: у Егіпце,  Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Беларусі. Асновай іх дзейнасці з’яўляецца егіпецкі фальклорны танец «Танура». Акрамя гэтага ў Наваколасаве ён адкрыў камп’ютарны сэрвіс «Арунд волд».

Пабыўшы ў гэтай сям’і, я шмат даведалася пра яе быт, адносіны паміж сабой. Не адразу ўсё было лёгка. Асама наогул не ведаў рускай мовы, але дзякуючы Ганне і яе бацькам авалодаў мовай выдатна. Ганна гаворыць: «Асобыя цяжкасці былі падчас афармлення дакументаў. Калі нейкія бытавыя словы ён ведаў і мог размаўляць, то ў дакументах жа ўсё інакш,  трэба было яму тлумачыць і дапамагаць». У сям’і вельмі цёплыя адносіны, нягледзячы на рознае веравызнанне. Калі спачатку ў іх маглі ўзнікаць розныя непаразуменні, як і ў любой маладой сям’і, то зараз гэтага няма. А розныя рэлігіі, са слоў Ганны, наадварот збліжаюць: «Я даведваюся нешта новае з яго рэлігіі, а ён – з маёй. Часам ён ходзіць са мной разам у царкву, а я з ім – у мячэць. Падчас Рамадана, калі ўсе мусульмане посцяць, я рыхтую яму спецыяльныя стравы і сама спрабую прытрымлівацца посту, а падчас праваслаўнага посту ён таксама падтрымлівае мяне». На тэму рознага веравызнання Асама гаворыць: «Я ніколі не буду правільным мусульманінам, калі не буду паважаць хрысціян. Мы нічым не адрозніваемся, Бог ва ўсіх адзін і запаведзі таксама адны, якія павінны выконваць усе, нягледзячы да якой веры ты належыш». З ім нельга не згадзіцца.

Акрамя мовы, што была галоўным бар’ерам для егіпцяніна, які толькі прыехаў, звычкі нашых людзей таксама не заўсёды былі зразумелымі, але Асама гаворыць: «З часам Ганна і яе бацькі дапамаглі мне, гаварылі, як трэба сябе паводзіць, тлумачылі тое, што было незразумела, за што я ім вельмі ўдзячны. А што тычыцца вашых законаў, то я іх вітаю і вельмі паважаю».

На маё пытанне пра адносіны з людзьмі Асама з задавальненнем адказвае: «У нас вельмі добрыя стасункі з суседзямі, шмат добразычлівых знаёмых, надзейных сяброў. Вядома, што ёсць людзі розныя і ставяцца да цябе таксаму па-рознаму. Так заўсёды было і будзе, але мы ніколі не звяртаем увагі на тое, што гавораць людзі за плячыма, мы жывём для сябе і нашых дзяцей. У нас ёсць добрыя сябры ў Ганцавічах, бацькі Ганны – гэта тыя людзі, якія заўсёды нам дапамогуць». Да слоў мужа Ганна дадае: «Першапачаткова не ўсё было лёгка, але, калі ён адкрыў камп’ютарны сэрвіс, людзі пачалі знаёміцца з ім, і ўсе непаразуменні закончыліся».

Падчас гаворкі з Асамам нельга было не звярнуць увагу на тое, з якой любоўю ён гаворыць аб прыгажосці нашай Беларусі і аб месцы, дзе жыве: «Мне вельмі падабаецца, што тут чыста, спакойна, ціха. А якое ў вас надвор’е – проста цуд! Мне так падабаецца снег. Я лічу, што гэта вам падарунак Алаха».

Аб пераездзе маладая сям’я пакуль не думае. Са слоў Асама, ён хоча застацца тут назаўсёды. Асама не забывае сваіх родных і падтрымлівае сувязь з імі. Кожны год ён з сям’ёй лятае ў Егіпет і ААЭ да сваіх бацькоў, братоў, якіх у яго пяцёра, і да адзінай сястры.

Пасля развітання з гэтай дружнай сям’ёй у мяне засталіся толькі прыемныя ўражанні. І мне здаецца, што гэтая сям’я шчаслівая, таму што ў ёй жыве каханне.

Ксенія РУБІН

 

БЫЦЬ ПАТРЭБНЫМ – РАДАСЦЬ

У аддаленых вёсках, дзе акрамя стацыянарнага магазіна няма ніякіх іншых грамадскіх устаноў, асаблівую вагу набываюць абавязкі сацыяльнага работніка.

Ужо пяць гадоў у Прудах на гэтай пасадзе працуе Алена Дошчачка. Пасля таго як Прудскую школу закрылі, у Алены Станіславаўны ўзнікла патрэба ў новым працаўладкаванні, і яна прыняла прапанову стаць сацыяльным работнікам. У сваёй вёсцы добра ведае ўсіх жыхароў, іх праблемы, норавы, асаблівасці жыцця і характараў.

Пад яе патранатам 13 пажылых людзей. Некаторыя з іх адзінокія, у іншых дзеці жывуць далёка ў гарадах і не могуць прыехаць кожны выхадны. У іх ужо свае сем’і, свае праблемы, свае жыццёвыя абставіны. Алена Станіславаўна стала для сваіх падапечных дачушкай: спіс складзе, іх патрэбы ўсе запіша, паедзе ў Налібакі, купіць лекі, прынясе прадукты. І не толькі гэтыя клопаты: яшчэ ў хатах папрыбірае, дроў прынясе, вады. Хоць і існуе прэйскурант паслуг, якія яна павінна выконваць, але хіба можна прытрымлівацца яго. Просьбы пажылых людзей бываюць нечаканыя, і ніколі яна не прыцэньваецца: уваходзіць гэта ў яе абавязкі ці не.

На наша пытанне, ці згодная яна, што на гэтай рабоце павінен быць чалавек з пэўнымі  якасцямі, Алена Станіславаўна адказвае:

– Усе мы будзем старымі, нямоглымі – такі закон прыроды. Таму трэба шаноўна адносіцца да пажылых, запасціся цярпеннем, умець іх выслухаць.

У адной асобе сацыяльнага работніка спалучаецца цэлая нізка прафесій – і доктарка, і псіхолаг, і кур’ер, і домработніца.

Часцей за ўсё Алена Дошчачка аб’язджае сваіх падапечных на веласіпедзе. Ды і муж ніколі не пярэчыць, калі трэба падвезці на машыне, так што гэта стала ўжо справай сям’і.

Для вясковых людзей, многія з якіх веруючыя, ходзяць у храм, спавядаюцца, прычашчаюцца, паслужыць бліжняму – вялікая радасць, гэта ж па Евангеллі – паслужыць Богу. Таму і жывуць яны адной сям’ёй, не шкадуюць сябе, калі патрэбна дапамагчы чалавеку, знойдуць для гэтага і жаданне, і сілы, і час.

Вёска застаецца захавальніцай даўніх традыцый, спрадвечных каштоўнасцяў і хрысціянскіх дабрадзейнасцяў.

Наогул, у раённым тэрытарыяльным цэнтры  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў штаце 89 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 767 пажылых жыхароў раёна ў 93 населеных пунктах.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *