Дамініруюць на рынку паслуг і вырабляюць спадарожную прадукцыю

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Асноўны від дзейнасці, які ажыццяўляе ААТ «Стаўбцоўская ПМК», – абслугоўванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, таварыства аказвае паслугі па мантажы і капітальным рамонце даільных, халадзільных установак, збожжасушыльных комплексаў, праводзіць мантаж новага абсталявання і займаецца яго рамонтам. Менавіта дзеля гэтага і была створана гэтая арганізацыя. Аднак, для таго каб выжыць у складаных эканамічных умовах, тут дадаткова наладжана вытворчасць спадарожнай прадукцыі: стойлавага абсталявання, воданагравальнікаў на мясцовых відах паліва, рэкуператараў цяпла для халадзільных установак, паілак з нержавеючай сталі і іншага нестандартнага абсталявання.

– Мы першапраходцы ў вырабе  рэкуператараў цяпла для малочных халадзільнікаў, якія ўстанаўліваюцца ў малочных памяшканнях на фермах, – расказвае дырэктар Аляксандр Пашкевіч. – Чатыры гады назад выйгралі тэндар і ўжо паставілі каля тысячы рэкуператараў у гаспадаркі вобласці і рэспублікі. Рэкламацый на гэтую прадукцыю не паступала. Цяпер заказаў менш, бо з’явіліся канкурэнты. Аднак наша прадукцыя якасная і таму дагэтуль запатрабаваная.

3008-31d

Таварыства ў ліку першых асвоіла вытворчасць стойлавага абсталявання. Працаўнікі вырабляюць і ўстанаўліваюць яго не толькі ў жывёлагадоўчых памяшканнях гаспадарак  нашага раёна, а і рэалізоўваюць у іншыя раёны. Ёсць попыт на прадукцыю. Паставілі металічныя канструкцыі трыццаці фермам вобласці. Пры неабходнасці робяць вокны для жывёлагадоўчых памяшканняў. Згодна з даручэннем старшыні райвыканкама раз у тры месяцы праводзяць на фермах замену сасковай гумы даільных апаратаў. Складзены  і зацверджаны начальнікам райсельгасхарча адпаведны графік. З нестандартных работ выконваюць мантаж воданапорных вежаў, іх пафарбоўку і хларыраванне, замяняюць глыбінныя помпы. ПМК зманціравала водаправод на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, выконвае сантэхнічныя работы на жывёлагадоўчых аб’ектах, аб’ектах сацыяльнай сферы, жыллёва-будаўнічых кааператывах (выступаюць субпадрадчыкам ПМК-233).

– Каб загрузіць калектыў работай, мы ў пастаянным пошуку. Нядаўна пачалі вырабляць для добраўпарадкавання вуліц, паркаў і сквераў лаўкі і сметніцы. Наладжаны выраб кантэйнераў для цвёрдых бытавых адходаў, падпорак для веласіпедаў, флагштокаў і іншых патрэбных прыладаў, – дадае Аляксандр Міхайлавіч. – Рэалізуем уласныя напрацоўкі, выконваем і заказы, якія абмяркоўваем разам з заказчыкамі. У супрацоўніцтве з аб’яднаннем камунальных службаў устанавілі чатыры прыпыначныя павільёны на вуліцах Ленінскай і 17 Верасня ў Стоўбцах.

Выкарыстоўваем любую магчымасць знайсці кліента і прапанаваць патэнцыяльнаму заказчыку свае паслугі, каб зарабіць грошы. Сёння гэта няпростая задача. Галоўнае, што стрымлівае, – наяўнасць матэрыялаў. Былі б сродкі на іх набыццё, тады і працаваць можна без праблем. Пакуль жа, такая склалася эканамічная сітуацыя, ідзём насустрач кліентам і прадастаўляем  адтэрміноўку плацяжоў.

Каб трымацца на плыву, ПМК прапануе некалькі відаў паслуг. Гэта запраўка кандыцыянераў, якія устаноўлены ў кабінах трактароў, камбайнаў, аўтамашын, набыццё розных відаў тэхнічных газаў (на ўласнай кіслародна-напаўняльнай станцыі напаўняюць імі балоны і рэалізуюць спажыўцам). А таксама дастаўка прадпрыемствам са сталіцы вадкага кіслароду. Работнкі ПМК забяспечваюць медыцынскім кіслародам раённую бальніцу і ўстанову аховы здароўя Клецкага раёна, аказваюць паслугі тэхнікай прыватным асобам для перавозкі і перамяшчэння грузаў, выканання землярыйных работ.

За апошнія тры гады абноўлены парк машын, набыта неабходнае абсталяванне і станкі. І ў далейшым будзе праводзіцца мадэрнізацыя, што дазволіць павялічыць прадукцыйнасць працы, выконваць работу якасней і знізіць сабекошт прадукцыі. Кіраўніцтва таварыства разумее, што будучае за высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі.

У калектыве працуе аптымальная колькасць работнікаў – 65 чалавек. Кваліфіцыраваныя зваршчыкі, слесары-сантэхнікі, слесары-рамонтнікі, вадзіцелі. Усе яны ўніверсальныя спецыялісты, выконваюць кожны дзень розныя работы. Пры павелічэнні аб’ёмаў прыцягваецца і дадатковая рабочая сіла па працоўных дагаворах. Для работы людзям створаны неблагія ўмовы. Добраўпарадкавана не толькі тэрыторыя арганізацыі, вабіць вока адмысловым афармленнем і прылеглая.

– Неўзабаве прымем удзел у конкурсе на выраб крэслаў для гарадскога стадыёна, – кажа дырэктар таварыства. – У верасні пройдзе  абмеркаванне. Спадзяёмся, што атрымаем заказ. Некаторы вопыт у гэтай справе маем, удзельнічалі ў вырабе металаканструкцый пад устаноўку крэслаў у ФАКу.

Будзем старацца дамініраваць на рынку паслуг, а на перспектыву ўкараняць новыя распрацоўкі, якія дазволяць павялічыць даход. На даны момант таварыства працуе рэнтабельна.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: газаэлектразваршчыкі Віктар Буката і Антон Белановіч; прараб Віталій Паўлоўскі і слесар-рамонтнік Сяргей Хука; прараб Міхаіл Валента і старшы прараб Юрый Буката; работнік кіслароднай станцыі Юрый Бычкевіч; электрагазазваршчык Аляксей Мядзведзеў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *