Роспіс з фарбаў і кветак

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

109 вучняў сядуць за парты ў Рубяжэвіцкай сярэдняй школе са 150-гадовай гісторыяй. Разам будуць вучыцца дзеці з Рубяжэвічаў, Тонава, Русакоў, Навікоў, Ціханавай Слабады, Даўнароў, Гнецькаў і з Журавінкі – вёскі Дзяржынскага раёна.

Хоць гэтая школа і сельская, але яна дэманструе новыя падыходы ў навучанні, якіх няма нават у гарадскіх школах. Напрыклад, электронныя дзённікі: ужо трэці год, як апрабавана такая практыка. Сучасныя падыходы да навучання даюць плён. Гэта можна прасачыць і па статыстыцы паступленняў вучняў.  З дзевяці выпускнікоў мінулага навучальнага года два сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, чатыры – сярэдніх спецыяльных. І астатнія юнакі і дзяўчаты выбралі запатрабаваныя на рынку працы прафесіі, якія атрымаюць у прафесіянальна-тэхнічных ліцэях і на курсах.

30-08-31a

Наша размова з дырэктарам школы Сяргеем Дубінцом, які, дарэчы, з’яўляецца выпускніком Рубяжэвіцкай СШ, мае 17-гадовы вопыт выкладання матэматыкі і ўжо дзевяць гадоў узначальвае педагагічны калектыў, пачалася з актуальных пытанняў падрыхтоўкі ўстановы да новага навучальнага года. Нечакана было пачуць ад Сяргея Мір’евіча, што ўпершыню за многія гады кіраўніцтва і педагагічны калектыў летам змаглі адпачыць. Затое вельмі актыўна папрацавалі напрыканцы мінулага навучальнага года. У маі адзначалася важкая дата – 150-годдзе пачатку навучання ў мясцовасці. Школа чакала шматлікіх гасцей з ліку выпускнікоў, прадстаўнічых структур. І, безумоўна, шыкавалася да гэтага дня. Не засталіся ўбаку і бацькі – першыя адклікнуліся на дапамогу. Ім дырэктар выказвае словы прызнання і вялікай удзячнасці. Любоў да сваёй навучальнай установы практычнымі справамі паказалі вучні. Чаго варты хоць бы такі факт: старшакласнік Андрэй Какошын, які паралельна займаецца ў філіяле Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў у Рубяжэвічах, выканаў на сцяне школы барэльеф – пяць пано падрабязна апавядаюць пра гісторыю школы. Андрэй разам з Аляксандрай Шыкуровай, выпускніцай школы, цяпер студэнткай, зрабілі роспіс сцен у калідоры, дзе займаюцца пачаткоўцы, па адпаведнай тэматыцы. Выпускнікі школы Люцыян і Вадзіслаў Сабалеўскія перарабілі мастацкай коўкай поручні на школьнай лесвіцы. Спонсарскую падтрымку навучальнай установе аказаў дырэктар ААТ «Рубяжэвічы» Андрэй Атрушкевіч – набыта новая школьная мэбля і фарба. Выпускнік Уладзімір Янкоўскі, гаспадар прыватнай піларамы, дапамог піламатэрыяламі. Заменена частка падлогі ў шаноўным па ўзросце будынку школы. Яшчэ адзін выпускнік школы – мінчанін Леанід Есьман – аказаў фінансавую дапамогу для абнаўлення стэндаў. Вось так любоў да роднай школы ўвасобілася ў абноўленым інтэр’еры.

Трэба адзначыць, што амаль усе вучні – артысты, яны займаюцца ў харэаграфічным гуртку «Бісер» і танцавальным калектыве «Шанц». Кіруе гэтымі калектывамі настаўніца пачатковых класаў, таксама выпускніца Рубяжэвіцкай СШ Рамуальда Дубінец. Яна рэжысуе ўсе праграмы на ўрачыстасці, шые сама касцюмы, сваімі рукамі робіць дэкарацыі. Дзякуючы гэтаму Рубяжэвіцкая школа мае адметнасць і мастацкімі талентамі, урачыстыя праграмы заўсёды эксклюзіўныя і вельмі прыгожыя. Да слова будзе сказаць, што акрамя Рамуальды Дубінец яшчэ пяць настаўнікаў з’яўляюцца выпускнікамі гэтай навучальнай установы. У свой калектыў у гэтым навучальным годзе педагогі прынялі маладога спецыяліста, настаўніка інфарматыкі Алега Бунчука, якому таксама Рубяжэвіцкая СШ дала пуцёўку ў самастойнае жыццё.

Школа прыгожа выглядае не толькі ўнутры, але і звонку. Цэлае лета вучні праходзілі практыку па складзеным графіку. Пад кіраўніцтвам настаўніцы абслуговай працы Алы Лукашэвіч школьнікі адмыслова дагледзелі клумбы. Калі паспрыяе надвор’е, першавераснёўская лінейка пройдзе на вуліцы – у зеляніне экзатычных раслін і квецені сціплых і адначасова такіх багатых колеравай разнастайнасцю восенькіх кветак. Па традыцыі, падзяліць радасць урачыстасці запрошаны госці – кіраўніцтвы мясцовага сельскагаспадарчага таварыства і сельвыканкама, каталіцкі і праваслаўны свяшчэннаслужыцелі. Іерэй Мікалай Куранкоў вядзе ў навучальнай установе факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры і аб’яднаў дзяцей ў літаратурны гурток. І ксёндз-дэкан Уладзімір Каспяровіч таксама ўносіць вялікі ўклад у духоўна-маральнае выхаванне мясцовых дзяцей.

У добры шлях, школа, па краіне ведаў!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *