У газавікоў – настрой прыўзняты

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

02-09-03y

З улікам стабільнага вытворчага рытму, у калектыве філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» напярэдадні прафесійнага свята пануе прыўзняты настрой. Па добрай традыцыі, тут чакаецца ўзнагароджанне работнікаў па лініі УП «Мінскаблгаз», раённага выканаўчага камітэта, філіяла ўпраўлення. Сярод тых, чыя праца адзначана сёлета, – вядучы эканаміст Юлія Макейчык, інструктар вытворчага навучання рабочых масавых прафесій і па рабоце з насельніцтвам Таццяна Леміновіч, манцёр па ахове падземных трубаправодаў ад карозіі Браніслаў Калошыч, слесар па абслугоўванні і рамонце знешніх газаправодаў Алег Цвік, старшы майстар службы эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння Аляксандр Шульга, кладаўшчык службы транспарту Аляксандр Саятэвіч, начальнік службы заказчыка Ігар Садоўскі, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Аляксандр Шпакоўскі, спецыяліст па кадрах Алена Ілюшына, вадзіцель Фадзей Маз.

На жаль, не з усімі ўдалося пагутарыць, сфатаграфаваць іх – з самай раніцы работнікі раз’ехаліся на аб’екты. А вось Таццяна Леміновіч (на здымку ўнізе), работнік службы «Адно акно», акурат з тых, хто сустракае кожнага наведвальніка прадпрыемства ў любы рабочы час. Служба размешчана вельмі зручна – адразу на ўваходзе ў будынак. Часцей за ўсё звяртаюцца сюды з заявамі на газіфікацыю, устаноўку газавага лічыльніка, замену газавага абсталявання. За тры дзясяткі гадоў работы ў газавай службе Таццяна Мікалаеўна добра валодае ўсімі пытаннямі і, усмешлівая, добразычлівая, з людзьмі без праблем знаходзіць агульную мову. Тое ж можна сказаць і пра «кадравіка» Алену Ілюшыну, якая працуе ў службе кадраў восем гадоў. Асабліва напружаны перыяд – летні, калі ідзе афармленне на работу сезонных работнікаў у ведамасны аздараўленчы лагер. За тры змены праходзіць каля 150 чалавек. Балазе, пад рукой у Алены Яўгенаўны – электронная нарматыўная база, якая пастаянна абнаўляецца.

Заўсёды ў руху і вадзіцель Фадзей Маз, манцёр Браніслаў Калошыч. Браніслаў Іосіфавіч –член каманды прадпрыемства па валейболе, якая паспяхова выступае на спартакіядах, займае прызавыя месцы.

Гісторыяй прадпрыемства можна назваць і Аляксандра Саятэвіча (на здымку справа). Некалькі апошніх гадоў ён працуе кладаўшчыком, а так амаль тры дзясяткі гадоў шчыраваў вадзіцелем па дастаўцы балонаў. Менавіта Аляксандр Міхайлавіч, які ажыццяўляе водпуск матэрыялаў, запасных частак і т. п., пацвярджае, што раніцай бывае асабліва напружана – усе спяшаюцца атрымаць неабходнае і прыступіць да працы. 

У святочны рэпартаж не магла не трапіць аварыйная брыгада ў складзе майстра Аляксандра Кутаса, слесара Мікалая Фурсевіча і вадзіцеля Івана Якусіка (на здымку ўверсе), у якой праз гадзіну пачалося выступленне на занальным конкурсе прафесійнага майстэрства. Палігон, дзе праходзіць конкурс і куды прыехалі аварыйныя брыгады з Нясвіжа і Клецка, – побач з прадпрыемствам. Летась стаўбцоўская брыгада заняла другое месца сярод аварыйных брыгад УП «Мінскаблгаз».

Насычаным жыццём жыве калектыў газавікоў раёна. З прафесійным святам усіх работнікаў прадпрыемства і ветэранаў працы, поспехаў і перамог!              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *