І ВЯСЁЛЫ «КАБРЫЯЛЕТ»
З парку «Дружба народаў» цяпер не выбавіць мясцовую дзетвару – вялікім попытам карыстаецца ў яе нядаўна зладжаная тут гульнявая пляцоўка.
Яна створана ў цэнтры горада па ініцыятыве старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Горлава. Яго намеснік Аляксандр Цывака прыклаў для гэтага немалыя намаганні. З раённага бюджэту выдаткавана 28873,80 рублёў.
Пасля праведзенага тэндара пастаўкамі гульнявога абсталявання (а гэта гульнявыя комплексы, арэлі і арэлі на спружынах маркі «Петушок», «Кабрыялет», «Пчолка», каруселі, домікі-альтанкі, пясочніцы, горкі і інш.) займаліся дзве фірмы – «Игралэнд» і «Полимеркомпозит». Асноўныя падрыхтоўчыя работы аператыўна выканала аб’яднанне камунальных службаў.
Як адзначыў начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы прадпрыемства Валерый Бохан, для абсталявання пляцоўкі літаральна на працягу рабочага тыдня было завезена 200 тон пяску, каля пяці тон бетону. Шчыравала брыгада пад кіраўніцтвам Анатоля Покі, у складзе якой – Дзмітрый Рубін, Сяргей Бабко, Генадзь Суднік, Міхаіл Мардзіловіч. На пагрузчыку ўвіхаўся Мікалай Дзюк. Кіраўніцтва работамі непасрэдна на месцы ажыццяўлялі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Яўген Кандратовіч, а таксама в. а. дырэктара АКС Алег Кухарчык.
Цікавае назіранне: як толькі камунальнікі завяршалі ўстаноўку якой-небудзь горкі ці арэляў, сярод дзяцей, што адпачывалі ў парку, тут жа знаходзіліся жадаючыя апрабаваць іх у дзеянні.
У райвыканкаме адзначылі, што ёсць планы і на далейшае добраўпарадкаванне парку «Дружба народаў».
Пр
ВЫСТАВАЧНЫ ПРАЕКТ З НЯСВІЖА
Да Дня беларускага пісьменства і друку ў Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа распачаты выставачны праект Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-заказніка «Нясвіж».
Выставачная экспазіцыя прадстаўлена ў сучасным выглядзе. На ёй змешчаны экспанаты, фотаздымкі па тэме «Нясвіжскі палац у часе і гісторыі». Кожны экспанат з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, сапраўдным творам мастацтва, даносіць да нас і дапамагае зразумець сутнасць беларускай культуры.
Выстава будзе працаваць тры тыдні, яна ўяўляе вялікую цікавасць для вучняў і настаўнікаў, якія традыцыйна кожны год наведваюць дзіцячую бібліятэку.
Бібліятэкары на чале з загадчыцай Наталляй Даўлюд паклапаціліся да Дня ведаў падрыхтаваць і сваю кніжную выставу «Асветнікі мінулых стагоддзяў». Яна апавядае пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага, Сымона Буднага. Да гэтай выставы аформлена кніжная палічка. На ёй для знаёмства вучням і іншым наведвальнікам бібліятэкі размешчаны самыя вялікія ў паліграфічным выкананні і самыя маленькія кніжкі. Можна патрымаць у руках кнігу памерам 40 на 50 сантыметраў. Бібліяграфічнай рэдкасцю з’яўляюцца сувенірныя кнігі памерам тры на тры сантыметры, прысвечаныя беларускім песнярам Якубу Коласу і Янку Купалу. Яны былі выпушчаны ў 1969 годзе, гэта ўжо кніжная рэліквія, і дзіцячая бібліятэка яшчэ раз пацвярджае тым самым, што яна з’яўляецца сапраўднай скарбніцай друкаванага слова.
Вучням прапануецца пазнаёміцца з кніжкамі-малышкамі Максіма Багдановіча, Алеся Камоцкага. На гэтай паліцы адведзена месца і для слоўнікаў, што таксама заўсёды выклікае цікавасць.
У гэтыя вераснёўскія дні пачатку новага навучальнага года дзіцячая бібліятэка гасцінна расчыняе дзверы перад вучнямі. На працягу многіх гадоў склалася цеснае супрацоўніцтва бібліятэкараў з настаўнікамі і вучнямі трох стаўбцоўскіх школ. Дзіцячая бібліятэка заўсёды рада сустрэць і вучняў іншых школ раёна.
Святлана ЖЫБУЛЬ