З рэдакцыйнай пошты

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

02-09-pisma

ПРАЗ 50 ГАДОЎ –  У СВАЮ ШКОЛУ

Гасцінна і цёпла сустрэла Аталезская школа сваіх выпускнікоў 1966 года. Прыйшлі, прыехалі, прыляцелі на сустрэчу праз 50 гадоў яе дзеці. Ім ужо пад 70, а застаюцца маладымі ад сваіх успамінаў аб школьным юнацтве.

Нам было так прыемна, калі на ганку школы нас сустрэла настаўніца музыкі і спеваў Лідзія Сцяпанаўна Цярэшка. Яна прачытала нам вершы на беларускай мове пра нялёгкую настаўніцкую працу. А потым пад акампанемент баяна ўсе разам мы спявалі песню «Школьныя гады цудоўныя».

Незабыўнымі сталі ўражанні ад сустрэчы з нашай любімай настаўніцай нямецкай мовы, былым дырэктарам Аталезскай сярэдняй школы Нінай Васільеўнай Шарапа, якая кожнага з нас пазнала, цёпла прывітала, выказала нам найлепшыя пажаданні.

На аталезскіх могілках  хвілінай маўчання мы ўспомнілі першую настаўніцу Шарупіч Вольгу Канстанцінаўну, настаўнікаў матэматыкі Бірбаш Софію Фёдараўну і Бірбаша Міхаіла Юр’евіча, піянерважатую Шыдлоўскую Марыю Паўлаўну, сваіх аднакласнікаў і ўсклалі букецікі лугавых кветак на іх магілкі.

Прыемна было ўсім пасядзець на духмянай нёманскай траве, паўспамінаць, паразважаць, пагутарыць, паглядзець адзін на аднаго.

Здзейснілі экскурсію ў Жукаў Барок. Пакланіліся тром бярозкам, якія выраслі на прыступках знішчанай царквы. Узгадалі вядомых дзеячаў Саламона Маймана, Адама Плуга, Вінцэся Каратынскага, Юзэфу Кодзіс, якія знаходзілі натхненне ў ваколіцах Жукава Барка.

Нас запрасілі на цудоўны канцэрт у Аталезскі дом культуры, частавалі яблыкамі, асвечанымі на Спас, і дамашнімі пірагамі. Няма лепшай смакаты!

Час праляцеў, хоць мы даражылі кожнай хвілінкай. Разляцеліся, раз’ехаліся са словамі: «Трэба сустракацца часцей».

Тамара СКОРБЕЖ

 

РУПЛІЎЦАЎ ДОБРЫЯ СПРАВЫ

У нашай Дзераўнянскай школе працавала рамонтная брыгада «Рупліўцы». Дзесяць дзесяцікласнікаў пабылі будаўнікамі. У ліку іх чатыры дзяўчыны – Кацярына Карыцкая, Таццяна Касцюкевіч, Анастасія Недзень, Яна Сяліцкая. Разам з Уладзіславам Гарэлікам, Сяргеем Ліпніцкім, Кірылам Ламакам, Антонам Навіцкім, Ільёй Супрановічам, Аляксандрам Чорным  яны грунтавалі, чысцілі, фарбавалі, мылі, выносілі смецце з класных пакояў. Гэтая сур’ёзная дарослая работа патрабавала пэўных уменняў, вялікай адказнасці, неабходнасці арганізаваць свой час для выканання пастаўленых задач. Цяпер класы зіхацяць чысцінёй і чакаюць вучняў. Рамонтная брыгады была створана з фінансавай падтрымкай дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пры садзейнічанні службы занятасці.

Работа падчас летніх канікулаў юнакам і дзяўчатам была за радасць – гучалі музыка, жарты, смех. Усё гэта стварала сяброўскую атмасферу, жаданне працаваць з ахвотай.

Школа зноў паклікала вучняў на заняткі. Паспяховага ім вучэбнага года!

Святлана ЧОРНАЯ, член бацькоўскага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *