ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 13 шлюбаў, зроблены дзевяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзесяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Багдан Ціхановіч, Яўгеній Макась, Ілья Быль, Яўген Шэлін, Кацярына Самахвал, Дар’я Ермакова, Мацвей Ільючэнка, Ілья Шкодзік, Аляксей Лапко і Дзяніс Данец.
Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна.
У пажарнай часці згадалі пажар у жылым доме па вуліцы Камуністычнай у Стоўбцах. Агнём знішчаны дах. Папярэдняя прычына здарэння – кароткае замыканне электраправодкі.
Міліцыяй зарэгістравана 118 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 12 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі асабістай падсобнай гаспадаркі ўкрадзена 26 кг памідораў. Злодзей вынес з дома ў Аталезі больш за 1 000 рублёў (дэнамінаваных). Грашовыя сродкі ў памеры 80 рублёў прапалі і ў жыхара Новых Рубяжэвічаў.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Стоўбцаў, які забароненым спосабам (шляхам падводнага палявання) здабыў на рацэ Нёман, непадалёку ад Беражнага, двух шчупакоў агульнай вагой 7 кг. Матэрыял накіраваны ў суд. Браканьеру пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй сродкаў лову.
Пракуратурай раёна вынесена прадпісанне кіраўніцтву ААТ «Радзіма Дзяржынскага» аб ухіленні парушэнняў заканадаўства ў плане паўнаты і правільнасці выплаты абавязковых страхавых узносаў, прыняцця мер па рэгрэсным спагнанні страт, нанесеных работнікамі наймальніку.
ДАІ выявіла 269 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое нецвярозых вадзіцеляў і 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 23 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана восем дарожных аварый. У адной з іх траўмы атрымаў пасажыр аўтамабіля «Аўдзі 80», вадзіцель якога, жыхар Наваколасава, падчас руху па дарозе Стоўбцы – Стальбоўшчына дапусціў занос, аўтамабіль выехаў на абочыну і перакуліўся. Пацярпелы шпіталізаваны, у вадзіцеля ўзята кроў на наяўнасць алкаголю.
Санітарнай службай раёна знята з рэалізацыі наступная прадукцыя: 6,4 кг прадуктаў у магазіне ТАА «КостасТорг» (Вішнявец) – адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, і таварныя ярлыкі прадпрыемства-вытворцы, быў парушаны тэмпературны рэжым; 6,2 кг (у тым ліку 5,1 кг – з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці) – у магазіне ПГУП «ОксТоргПлюс» (Стоўбцы). Вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.
У «хуткую» паступіла 240 выклікаў, прычым пяць з іх – да асоб з алкагольным ап’яненнем.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ