Паклапоцімся аб сабе

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

10r-0709

ПАЙСЦІ Ў ЛЕС…

Для таго каб не аказацца ў ліку тых, хто заблудзіўся ў пошуку грыбной або ягаднай паляны, варта выконваць пэўныя рэкамендацыі.

Збіраецеся ў лес – паведаміце сваякам або суседзям куды  ідзяце і з кім. Едзеце ў лес на аўтамабілі – ацаніце запасы паліва, каб яго хапіла на дарогу ў абодва бакі. Не забудзьце з сабою мабільны тэлефон, папярэдне праверыўшы зарад батарэек. Выклікаць экстранныя службы можна з яго ў любым выпадку, нават калі на вашым балансе пуста.

Нялішне ўзяць з сабою медыкаменты (для асоб, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў), мінімальны запас вады, запалкі ў воданепранікальнай упакоўцы, дажджавік, свісток, які спатрэбіцца ў выпадку небяспекі. Вопратку пажадана выбраць яркіх колераў са святлоадбівальнымі элементамі. Калі бераце ў лес дзяцей, не дазваляйце ім далёка адбягацца або гуляць у хованкі.

Калі вы ўсё-такі заблудзіліся ў лесе, не трэба панікаваць. Пастарайцеся ўспомніць падрабязнасці свайго шляху і арыенціры. Будзеце рухацца ў найбольш верагодным накірунку і пры гэтым пакідаць за сабою прыкметы. Прыслухоўвайцеся да гукаў, якія могуць вывесці да жылля, дарогі. Шукайце любую сцяжынку, прасеку або лінію электраперадач. Не забывайце пра ўзвышэнні і высокія дрэвы – з іх можна ўбачыць дымок або трубу на даху. Калі прыйдзецца ў лесе заначаваць, распаліце касцёр, пажадана на высокім месцы.

Калі прапаў нехта з вашых блізкіх ці знаёмых, не трэба прыбягаць да самастойных пошукаў, лепш як мага хутчэй звярнуцца да работнікаў міліцыі.

Дзмітрый КАНАВАЛ, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі     

 

ЗВАНОК ЗАПРАШАЕ, ДАРОГА – АБАВЯЗВАЕ

У гэтыя дні максімум увагі нададзены пытанням дарожнай бяспекі тых, у каго пасля летніх канікулаў пачынаецца новы навучальны год.

Дарэчы, у апошнюю пятніцу жніўня пад тэматычным дэвізам «Званок запрашае, дарога абавязвае» прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.

З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці з удзелам непаўналетніх зарэгістравана 54 ДТЗ, у іх чацвёра дзяцей загінулі і 54 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У нашым раёне здарыліся тры ДТЗ, пацярпелі трое дзяцей. У ходзе аналізу гэтых ДТЗ высвятляецца, што ўсе пацярпелыя нечакана выбеглі на праезджую частку дарогі… 

1-га чэрвеня каля 19.40 у Стоўбцах вадзіцель падчас руху па дваровай тэрыторыі ўчыніў наезд на малалетняга пешахода 2012 года нараджэння. 13-га чэрвеня ў 09.45 на вуліцы Чыгуначнай у Новым Свержані вадзіцель наехаў на непаўналетнюю 2001 года нараджэння. У Новым Свержані здарылася і яшчэ адна  аварыя – 21-га жніўня каля 10.40 на вуліцы Трактарнай, у якой атрымаў траўмы пешаход 2008 года нараджэння.

Асноўная прычына наездаў – няўважлівасць дзяцей і адсутнасць належнага кантролю за імі з боку дарослых. Разам з тым, і вадзіцелям трэба захоўваць асаблівую ўважлівасць і пільнасць у населеных пунктах, пры ажыццяўленні манеўраў на ўнутрыдваровых тэрыторыях, падчас праезду пешаходных пераходаў. Калі заўважылі, што дзіця-пешаход знаходзіцца паблізу ад праезджай часткі, лепш загадзя зменшыць хуткасць і быць гатовым да нечаканага перамяшчэння пешахода.

Акрамя таго, да самай траўміруемай катэгорыі юных удзельнікаў дарожнага руху адносяцца дзеці-пасажыры. Нярэдка яны перавозяцца не прышпіленымі, без прымянення аўтакрэсел, а проста на руках у дарослых. Так, у Мінскай вобласці за сем месяцаў бягучага года былі прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правіл перавозкі пасажыраў больш за 4,6 тысячы  вадзіцеляў, з іх 3,5 тысячы – менавіта за парушэнне патрабаванняў перавозкі дзяцей.

Пакуль застаюцца не адзінкавымі факты траўміравання ў ДТЗ дзяцей-веласіпедыстаў. У 2016 годзе адбылося шэсць падобных ДТЗ – у іх пацярпелі шэсць дзяцей з-за таго, што бацькі не пракантралявалі, а часам і самі дазволілі выехаць на веласіпедзе на дарогу агульнага карыстання сыну ці дачцэ, якім не споўнілася 14 гадоў. 

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму  актуальная акурат на пачатку вучэбнага года. Пасля летніх канікулаў дзеці адвыклі ад гарадской мітусні і таму могуць не звярнуць увагі на асаблівасці дарожнай абстаноўкі. У гэты перыяд вельмі важна нагадаць юным удзельнікам дарожнага руху, а таксама дарослым, аб тым, што дарога ў школу павінна быць бяспечнай, і гэта залежыць у першую чаргу ад самадысцыпліны, ведання і выканання правілаў дарожнага руху.                

Аляксандр  ТРАЦЯК,старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі  

 

АДКАЗНАСЦЬ ЗА ВЫРАБ НАСВАЮ

19 ліпеня 2016 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і  дапаўненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях».

Законам дапоўнены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкулам 16.10 – «Незаконныя дзеянні з некурыльнымі тытунёвымі вырабамі, прызначанымі для смактання і (або) жавання».

Нормай уведзена адміністрацыйная адказнасць за такія дзеянні, як набыццё, захоўванне некурыльных тытунёвых вырабаў, прызначаных для смактання і (або) жавання (насвай) у памеры, які не перавышае 50 грам, а таксама за іх перавозку, перасылку, набыццё, захоўванне ў колькасці, што перавышае 50 грам, і іх рэалізацыю. У адпаведнасці з часткай 3 прадугледжана адказнасць за выраб насваю.

Такім чынам, пасля ўступлення закона ў сілу, гэта значыць з 23 жніўня 2016 года, асобы, якія ўцягнуты ў незаконны абарот насваю, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці (артыкул 16.10 КоАП).

Акрамя таго, з 23 жніўня на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных артыкулам 16.10 КоАП,  упаўнаважаны мытныя органы рэспублікі.

У новай рэдакцыі выкладзены артыкул 17.3 КоАП «Распіванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы ці з’яўленне ў грамадскім месцы або на рабоце ў стане ап’янення».

Згаданай нормай падзелена адказнасць за дзеянні, звязаныя са спажываннем алкаголю, слабаалкагольных напіткаў і піва і са спажываннем наркатычных сродкаў.

Разам з тым, вызначаны больш жорсткія меры адказнасці за з’яўленне ў грамадскім месцы і знаходжанне на рабочым месцы ў стане наркатычнага ап’янення, спажыванне без прызначэння ўрача-спецыяліста наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў, аналагаў ці іншых адурманьваючых рэчываў.

Яўген КУРЫЛА,старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантроліі супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі райаддзела міліцыі

 

ПАД ВЫГЛЯДАМ САЦЫЯЛЬНЫХ РАБОТНІКАЎ

На днях у міліцыю Салігорскага раёна звярнулася адзінокапражываючая пенсіянерка з паведамленнем аб крадзяжы грошай. У хуткім часе паблізу з суседняй вёскай па падазрэнні ва ўчыненні гэтага злачынства былі затрыманы тры жанчыны неславянскай знешнасці.

Як расказаў начальнік крымінальнага вышуку Салігорскага РАУС Валерый Валасюк, 86-гадовая жыхарка вёскі Астраўкі пазваніла ў міліцыю пасля таго, як выявіла прапажу 200 рублёў, якія знаходзіліся ў шафе для бялізны. У ходзе апытання было ўстаноўлена, што літаральна гадзіну таму яе наведвалі нібыта работнікі сацыяльнай службы. Яны распыталі жанчыну аб праблемах, агледзелі ў даверлівай гаспадыні ўсе пакоі. Са слоў заяўніцы, гэта былі тры смуглявыя чорнавалосыя жанчыны. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што «візіцёршы» рухаюцца на аўтамабілі з вадзіцелем.

Па наяўнай арыенціроўцы нарадам ДАІ паблізу суседняй вёскі быў спынены падобны па прыкметах аўтамабіль. У салоне побач з вадзіцелем знаходзіліся і адшукваемыя жанчыны. На месца адразу ж выехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Выкрадзеныя грошы былі ў іх адабраны.

На даны момант тры нядаўнія госці пенсіянеркі затрыманы. Яны аказаліся жыхаркамі Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей, усе тры – раней былі судзімыя за маёмасныя злачынствы. Па факце крадзяжу грашовых сродкаў узбуджана крымінальная справа. Вядзецца следства.

Акрамя таго, у супрацоўнікаў міліцыі ёсць інфармацыя, што гэтыя «сацработніцы» «аказвалі дапамогу» не толькі згаданай састарэлай жанчыне. Цяпер затрыманыя правяраюцца на дачыненне да аналагічных злачынстваў, учыненых на тэрыторыі розных рэгіёнаў рэспублікі. Просім грамадзян, якія пацярпелі ад дзеянняў названых асоб, звяртацца ў дзяжурную часць Салігорскага РАУС па тэлефонах: (8-01742) 8-22-02, 8-029-365-75-31, 8-025-691-45-04 або 102.

Хочацца нагадаць грамадзянам і аб элементарнай пільнасці. Зусім не лішне ставіцца насцярожана да тых, хто ходзіць па кватэрах і дамах з прапановай набыць тавар, пагадаць або з просьбай папіць вадзічкі. Каб трапіць у жыллё, ён можа прадстаўляцца работнікам сацыяльнай, камунальнай або іншай службы. Не выключана, што такім чынам зламыснікі прыглядаюць сабе аб’ект для ўчынення злачынства. Разумна проста не ўпускаць да сябе нязваных гасцей і неадкладна пазваніць у міліцыю для таго, каб супрацоўнікі праверылі асобу візіцёра і падрабязна распыталі аб сапраўдных мэтах візіту.

Караліна МУЦ,супрацоўнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама

 

ДЫСЦЫПЛІНА Ў «ПРОФІ-АГРАЦЭНТР»  

Прайшла комплексная прафілактычная адпрацоўка Заямнаўскага і Наваколасаўскага сельсаветаў. 

Штодзённа на тэрыторыі сельсаветаў былі задзейнічаны 4-8 груп з ліку супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, прадстаўнікоў сельвыканкамаў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра, а таксама падраздзяленняў АМАП УУС Мінаблвыканкама.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў наведаны па месцы жыхарства 46 асоб, якія стаяць на розных відах уліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, і трое падлеткаў,  якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. З боку асуджаных парушэнняў умоў адбывання пакарання не выяўлена. Акрамя таго, па месцы жыхарства былі наведаны 18 асоб (сярод іх і тыя, хто мае статус абавязаных), з імі праведзены гутаркі аб недапушчэнні супрацьпраўных паводзінаў. Сустрэчы з амаль паўсотняй вяскоўцаў пажылога ўзросту былі скіраваны на папярэджанне ўчынення ў адносінах да іх злачынстваў. Кожнаму з іх уручаны памяткі з правіламі бяспечнага пражывання. Скаргаў або заяў ад пажылых людзей не паступала.

У ходзе адпрацовак былі абследаваны і аб’екты АПК. У прыватнасці, звернута ўвага на выкананне працоўнай дысцыпліны, пытанні арганізацыі перадрэйсавага кантролю ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Фактаў знаходжання работнікаў на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, як і адсутнасці на рабочым месцы вартаўнікоў, не выяўлена. Найбольшая колькасць выяўленых парушэнняў (28) – па лініі ДАІ. Гэтыя парушэнні носяць рознабаковы характар, аднак два з іх – кіраваннне транспартнымі сродкамі асобамі без адпаведных дакументаў – зафіксаваны менавіта за работнікамі названага аграпрамысловага прадпрыемства.

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *