Першавераснёўская лінейка з міністрам

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

10e-0709

Першага верасня вучэбна-педагагічны комплекс «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» наведаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута.

Установа адукацыі мае багатыя традыцыі ў экалагічным выхаванні школьнікаў: прыгожы ландшафтны дызайн прышкольнай тэрыторыі патанае ў рознакаляровых фарбах кветак, дагледжаны школьны агарод з багатым ураджаем садавіны і агародніны. Аздабленнем свята стала выстава вучнёўскіх работ удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах «Папяровая фантазія» і «Умелыя рукі», а таксама кампазіцыі з асенніх кветак і садавіны.

Андрэй Марленавіч шчыра павіншаваў вучняў, настаўнікаў, бацькоў і гасцей з Днём ведаў.

Вучні запрасілі гасцей наведаць школьны краязнаўчы музей «Спадчына», які мае статус «народны», дарэчы, адзіны ў раёне, і правялі экскурсію па залах музея на беларускай, рускай, французскай і англійскай мовах.

 Важным момантам першавераснёўскага свята стала прысутнасць ганаровага госця на першым уроку «Нам мір завешчана берагчы!»

У падарунак школа атрымала  камплекты Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, літаратуру на экалагічную тэматыку, наборы ўзораў карысных выкапняў Рэспублікі Беларусь.

На свяце таксама прысутнічалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Л. М. Стонька, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. Г. Сарока

 А закончылася свята атрыманнем салодкіх падарункаў ад ААТ «Агранёманскі». Гэта ўдзячнасць вучням за працу ў гаспадарцы ў перыяд летніх канікул. Іх уручыла старшыня прафкама  М. І. Касматовіч.

На высокай і хвалюючай ноце быў дадзены старт пачатку новага навучальнага года.

Міхаіл МІХНО,настаўнік вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»

 

ЁСЦЬ У ШКОЛЫ СЯБРЫ

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь захоўваюць традыцыю ўдзелу ў першавераснёўскай лінейцы ў Цясноўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага.

На ўрачыстасць з падарункамі прыехалі старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў гэтай структуры Рыгор Сакавец і старшыня грамадскага аб’яднання «Афіцэрскі сход» Аляксандр Антановіч. Яны павіншавалі вучнёўскі і педагагічны калектывы з пачаткам новага навучальнага года, падарылі сеткі для футбольных варот, наведалі першы ўрок па тэме «Нам мір завешчана берагчы».

Гасцямі першавераснёўскай лінейкі ў гэтай навучальнай установе былі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач. Намеснік старшыні ААТ «Радзіма  Дзяржынскага» па ідэалагічнай рабоце Рамуальда Ліпніцкая разам з віншаваннямі прынесла актыўным вучням, хто паўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю збожжавых, прэміі ад сельскагаспадарчага таварыства.

Новы год у Цясноўскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага пачаўся. Навуку  будуць асвойваць 70 вучняў. У дашкольнай установе 16 выхаванцаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

СЕРТЫФІКАТЫ ЦТ – НА ПРАЦЯГУ ДВУХ ГАДОЎ

Абітурыенты ў Беларусі з 2017 года змогуць выкарыстоўваць сертыфікаты ЦТ на працягу двух гадоў. Аб гэтым паведаміў 30 жніўня на прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Міністр растлумачыў, што гэтае новаўвядзенне пачне дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа. «Гэта датычыць абітурыентаў, якія ў 2017 годзе здадуць ЦТ. Іх сертыфікаты будуць сапраўдныя на працягу двух гадоў», – сказаў ён. Такія меры пашыраць магчымасці маладых людзей пры паступленні.

Яшчэ адна навацыя, якая плануецца да ўвядзення з наступнага года, – магчымасць здачы абітурыентамі пры паступленні ў ВНУ ЦТ па чатырох прадметах. Гэта аблегчыць выбар паміж блізкімі спецыяльнасцямі, пры паступленні на якія трэба здаваць розныя прадметы ў якасці другіх профільных.

Як дадала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, усе названыя новаўвядзенні адобраны Міністэрствам адукацыі і абмеркаваны на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Таксама віцэ-прэм’ер звярнула ўвагу на тое, што многія маладыя людзі «пасля здачы ЦТ пачынаюць шукаць, куды прайсці б са сваімі прахаднымі баламі». «Важна, каб, выбраўшы спецыяльнасць, малады чалавек ішоў да намечанай мэты, зыходзячы са сваіх патрэбнасцяў – не падладжваючыся пад балы, а з улікам таго, кім ён хоча стаць», – рэзюмавала Наталля Качанава.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *