Заўсёды было святам

Нумары

image_pdfimage_print


Выбары – гэта не толькі пачэсная,  чырвона-нядзельная дата ў календары, але і сапраўднае свята для ўсіх беларусаў. Мне вельмі падабаецца той своеасаблівы настрой людзей, якія раніцай у нядзелю ідуць з пашпартам у кішэні да свайго выбарчага ўчастка. Беларусы заўсёды ўспрымаюць выбары як свята, бо ў гэты дзень яны робяць важны выбар – дзяржаўны і асабісты. Гэта вельмі значная, глабальная падзея для ўсёй краіны.   Выбары дазваляюць вастрэй адчуць нацыянальную прыналежнасць, на новым узроўні ўсвядоміць, што ты грамадзянін Беларусі.

І ў гэтым, мусіць,  праявіўся сам прыродны розум народа. Яшчэ з маленства  мяне захапляў той бадзёры і ўзрушаны настрой, што панаваў на выбарчых участках. А потым, ужо студэнтам, на першых выбарах свайго жыцця я зразумеў, што бяру ўдзел у нечым вельмі маштабным, значным, адказным.

Выбары – гэта заўсёды адказна! Мы, народ Рэспублікі Беларусь, выбіраем у парламент тых дастойных людзей, хто будзе прынцыпова і чэсна абараняць нашы інтарэсы. Мы выбіраем тых, хто гарантуе, што мы будзем жыць у вольнай і незалежнай краіне, спакойна выхоўваць сваіх дзяцей і не баяцца за іх будучыню.

Вядома ж, толькі ад правільнага выбару залежыць развіццё як усёй краіны, так і роднага рэгіёна. Калі чалавек любіць родны горад, пасёлак, вёску, сваю краіну, яму неабходна пакінуць свой голас, выказаць уласнае меркаванне. Мы павінны найперш прагаласаваць за таго кандыдата, які зможа выступаць гарантам міру і стабільнасці ў грамадстве, падтрымкі адукацыі і аховы здароўя, інавацыйнага развіцця навукі і вытворчасці, сацыяльнай абароненасці і дабрабыту грамадзян.

Удзел у выбарах дае кожнаму з нас разуменне, што ўсе мы жывём у краіне не самі па сабе, што мы адзін народ, адно цэлае, што праз выбары можам непасрэдна ўплываць на тое, у якой краіне будзем жыць у найбліжэйшы час.

Канстанцін КАРНЯЛЮК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *