З выступленнем – на фестываль у Мінск

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

Першае верасня паклала пачатак новаму навучальнаму году і ў спартыўна-патрыятычным клубе баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», які працуе на базе СШ № 3 г. Стоўбцы.

Кіраўнік клуба і трэнер – старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Рыгор Мамайка гаворыць, што нягледзячы на тое, што былі доўгія летнія канікулы, члены клуба сустракаліся ў профільным лагеры і на фестывалі «Афганскае неба». Ён адбыўся ў жніўні на гістарычна-культурным комплексе «Лінія Сталіна» і быў прыўрочаны да Дня паветрана-дэсантных войскаў. Клуб «Абаронца Айчыны» атрымаў спецыяльнае запрашэнне выступіць на свяце.

Аўтобус для паездкі ў Мінск прадаставіў 25 Арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення. З вайсковай часцю ў Наваколасаве ў клуба даўняе супрацоўніцтва. Камандзір часці палкоўнік Віктар Нікіцін заўсёды падтрымлівае членаў клуба. І на гэты раз з гатоўнасцю і радасцю выдзеліў транспарт – ён і сам дэсантнік.

10p-0709

Гледачамі паказальнага выступлення былі госці з Масквы, Пскова, Разані, Санкт-Пецярбурга. Вучні прадэманстравалі майстэрства і ўменне. У паказальных выступленнях разам з членамі клуба выступаюць і выпускнікі гэтага аб’яднання – студэнты навучальных устаноў ці супрацоўнікі розных структур, у асноўным – сілавых. На гэты раз у фестывалі прынялі ўдзел: браты Скачко (Дзмітрый – супрацоўнік аховы сталічнай фірмы, Андрэй – супрацоўнік РАУС),  Яўген Грынюк – намеснік камандзіра ўзвода падраздзялення спецыяльнага назначэння, уладальнік крапавага берэта, Яўген Клімовіч – курсант апошняга курса Акадэміі МУС. Упэўнена адчувалі сябе разам з імі вучні Максім Гінтаў, брат і сястра Мацвей і Дзіяна Цуканавы, Ілья Клімко, Павел Грыгаровіч, Іван Мілоў, Яўген Маліноўскі. Клуб мае выдытную амуніцыю для выступленняў. Падчас правядзення першага турніру па рукапашным боі памяці М. І. Лянцэвіча старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў паклапаціўся выдаткаваць фінансавыя сродкі для набыцця экіпіроўкі, тым самым прызнаючы высокую заслугу клуба ў спартыўна-ваеннай падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат і ў патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Удзельнікі выступлення атрымалі шмат апладысментаў і знакаў прызнання ад гледачоў.

Гэтая паездка запоўніцца ім і тым, што яны маглі пастраляць халастымі патронамі з баявой зброі, пакатацца на ваеннай тэхніцы, сфатаграфавацца на памяць ля экспанатаў.

У гэтым навучальным годзе ў клубе «Абаронца Айчыны» будуць займацца 30 вучняў. Па ўстаноўленым парадку ў ліку іх – дзеці з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. Заняткі адзінаборствам у спартыўна-патрыятычным  клубе для многіх з іх (клуб дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў) становяцца лёсавызначальнымі, дапамагаюць выбраць сваю дарогу ў жыцці і дабіцца пэўных вышынь. Як і ў мінулыя гады, і сёлета запланавана правесці сумесна з раённым ваенным камісарыятам вучэбна-палявыя зборы па дапрызыўной падрыхтоўцы для дзесяцікласнікаў. Тыя юнакі, хто выканае нарматывы па праграме вучэбна-палявых збораў на выдатна па агнявой, тактычнай, фізічнай падрыхтоўцы, атрымаюць граматы ваеннага камісарыята.

Рыгор Мамайка працуе з вучнямі не толькі ў спартыўнай зале СШ № 3, але і вядзе трэніроўкі па рукашным боі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, які мае выдатныя ўмовы для такіх заняткаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: члены клуба на фестывалі «Афганскае неба» на «Лініі Сталіна».



Tagged

1 комментарий по теме “З выступленнем – на фестываль у Мінск

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *