Слова ветэрана вайны

Нумары

image_pdfimage_print

У сераду а 11-й гадзіне прыйшлі прагаласаваць на свой выбарчы ўчастак Іван Сцяпанавіч і Надзея Васільеўна Русыя. Сям’я паважаная ў Стоўбцах, горадзе, які для іх, ураджэнцаў Гомельшчыны, стаў за апошнія 19 гадоў пасля змены месца жыхарства вельмі блізкім. Галава сям’і – з узнагародамі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, адзін з актыўных членаў раённай ветэранскай арганізацыі.

011

Дом іх суседнічае з гімназіяй, у адным з яе класаў традыцыйна падчас выбараў размяшчаецца Камінтэрнаўскі выбарчы ўчастак № 2.

– Учора мы з жонкай выкапалі бульбу на сваім участку – накапалі 22 мяхі, а сёння прыйшлі галасаваць. Заўсёды галасуем датэрмінова, – удакладняе Іван Русы і тлумачыць: – Мы людзі вясковыя, немаладыя, любім рабіць усё памяркоўна, без спешкі, мітусні. Паміж сабою абмеркавалі кандыдатуры і прагаласавалі за кандыдата, які будзе стаяць за людзей, – тлумачыць Іван Сцяпанавіч адносна зробленага выбару.

Жыццё ветэрана было нялёгкім, поўным выпрабаванняў, таму і думкі пра людзей у яго на першым плане. У 44-м, калі яму яшчэ не было і 18,  выклікалі ў ваенкамат. Вучыўся ў школе снайпераў у Слуцку. Аднойчы ноччу паднялі па трывозе і перакінулі пад Мінск. Там сфарміравалі з самых адказных групу і накіравалі ў Польшчу, на так званы працоўны фронт. «Работа была небяспечная – рамантаваў снарады, якія  паступалі з поля бою», – расказвае Іван Русы, на грудзях якога паблісквае медаль «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

Усё жыццё гэтых выбаршчыкаў – у працоўных буднях. Выгадавалі траіх дзяцей, а яны ўзнагародзілі бабулю і дзядулю пяццю ўнукамі і чатырма праўнукамі. На пытанне «Як жывецца?» ветэран адказвае,  не хаваючы аптымізму: «Нармальна жывём. Дзеці нас не забываюць, і мы паважаем адно аднаго, усіх людзей, сваю краіну».

Датэрміновае галасаванне на Камінтэрнаўскім выбарчым участку праходзіць актыўна. Галасуюць выбаршчыкі маладыя і старэйшыя, як сям’я Русых. Жаданне ва ўсіх аднолькавае – каб у нашай рэспубліцы панавалі мір і шчасце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *