Першыя выбары – адметныя

Нумары

image_pdfimage_print

Навасвержанскі выбарчы ўчастак № 17 сёлета стаў больш даступным для выбаршчыкаў, якія маюць фізічныя абмежаванні.

На ўваходзе ў сельвыканкам, дзе месціцца ўчастак, зроблены пандус. І хоць выбарчая камісія заказала, як заўсёды, у мясцовых прадпрыемстваў – лесазавода і райаграсэрвіса – два аўтамабілі для наведвання з урнай у асноўны дзень галасавання састарэлых і нямоглых вяскоўцаў, у людзей з інваліднасцю з’явіўся выбар – прагаласаваць дома ці непасрэдна на ўчастку, як усе 1490 зарэгістраваных выбаршчыкаў Новага Свержаня. На ўчастку ўстаноўлена сучасная празрыстая ўрна для галасавання.

69a-1009

Для Новага Свержаня традыцыйна характэрна высокая яўка выбаршчыкаў. Актыўным аказалася і цяперашняе датэрміновае галасаванне. Паводле інфармацыі сакратара выбарчай камісіі Таццяны Богдан, за першыя два дні выбараў прагаласавала каля 70 чалавек. У выбарчага ўчастка зручнае размяшчэнне – побач з паштовым аддзяленнем, дзіцячым садком. Можна было назіраць, як маладыя сем’і кіравалі на выбарчы ўчастак разам з дзеткамі, у поўным складзе.

Сярод такіх сем’яў – сям’я Мастоўскіх. У Руслана, зубнога фельчара, закончыўся рабочы дзень у Навасвержанскай лабараторыі, у яго жонкі, педагога сацыяльнага, – рабочы дзень у мясцовай школе, а ў іх трохгадовага сына Аляксея – «рабочы дзень» у дзіцячым садку. Для малога галасаванне разам з бацькамі – свята.

Адметным стала галасаванне і для 18-гадовага Уладзіслава Гінтаўта. Яму, які галасуе ўпершыню, Таццяна Богдан уручыла падарункавы сертыфікат на бясплатнае аднаразовае наведванне заняткаў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, а таксама віншавальную паштоўку ад старшыні ЦВК. Ад гэтага хлопец не хавае радасці. Гэта яму запомніцца, тым больш, што ён рыхтуецца да службы ў арміі.

 – Падарункі ўручым яшчэ 11-ці маладым выбаршчыкам. Пераважная большасць іх – студэнты, якія прыедуць галасаваць у асноўны дзень, 11 верасня, – зазначае Таццяна Богдан.  – У адной з іх, студэнткі 2-га курса БНТУ Аляксандры Шпакоўскай, 11-га верасня яшчэ і дзень нараджэння. Выбарчая камісія падрыхтавала для яе і свой невялікі сюрпрыз.               

Старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан расказаў, што ў асноўны дзень галасавання на ўчастку выступіць народны хор народнай песні «Панямонь»  Навасвержанскага дома культуры (у 11 і 14 гадзін). Тут створаны ўсе ўмовы для дэмакратычнага волевыяўлення выбаршчыкаў. Інфармацыя аб выбарах і кандыдатах змешчана непасрэдна на выбарчым участку, у будынках сельвыканкамаў, магазінаў і прадпрыемстваў. Напярэдадні галасавання прайшлі выступленні кандыдатаў, якія пажадалі сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі, у Доме культуры і на лесазаводзе.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *