Працоўны рытм

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У ГАЗАВІКОЎ – ТЭХНІЧНАЕ ПЕРАЎЗБРАЕННЕ

ВУ «Стоўбцыгаз» эксплуатуе 1958,1 км газавых сетак (у Стаўбцоўскім раёне – 766,9 км, Нясвіжскім – 866,9 км, Клецкім – 324,3 км), у тым ліку высокага ціску – 611,8 км, сярэдняга – 299,6 км, нізкага – 1046,7 км. Працягласць газаправодаў з поліэтылену складае 631,5 км. У эксплуатацыі знаходзяцца 101 ГРП, 207 ШРП, 9 ГРУ і 2 662 дамавыя рэгулятары.  

Колькасць газіфікаваных кватэр склала па ўпраўленні 55 299, з іх 37 418 – прыродным газам. Прыборамі ўліку расходу газу абсталяваны 33 724 кватэры, што складае 91 працэнт ад агульнай колькасці газіфікаваных кватэр, якія падлягаюць абсталяванню прыборамі ўліку расходу газу. 

69d-1009

Штогод філіял ВУ «Стоўбцыгаз» забяспечвае даведзеныя УП «Мінскаблгаз» паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Бягучы год адметны напружанымі планамі тэхнічнага пераўзбраення. На Стаўбцоўшчыне, у адным з трох раёнаў, якія абслугоўвае філіял, заменена абсталяванне ў газарэгулятарных пунктах у мікрараёне Акінчыцы і аграгарадку Рубяжэвічы, аналагічныя работы будуць праведзены таксама на газарэгулятарным пункце па вуліцы Падлеснай у Стоўбцах. На сетках у Наваколасаве ажыццяўляецца замена засавак, якія адслужылі 20 і больш гадоў, і т. п.

– Усе планы накіраваны на бесперабойную і безаварыйную работу газавай гаспадаркі, падтрыманне на прадпрыемстве высокай вытворчай дысцыпліны і культуры вытворчасці, на энергазберажэнне, – падкрэслівае яго галоўны інжынер Наталля Астроўская. – Неўзабаве надыдзе ацяпляльны сезон, і да яго неабходна падысці ў поўнай гатоўнасці.         

– Наталля Іванаўна, якія асноўныя тэндэнцыі развіцця прадпрыемства можна вылучыць? 

– Сёлета са значным апераджэннем ад планавых паказчыкаў ідзе перавод кватэр са звадкаванага на прыродны газ, у цэлым газіфікацыя кватэр прыродным і звадкаваным газам. За сем месяцаў бягучага года спажыўцам было адпушчана 78,65 млн м3 прыроднага і 698,8 тоны звадкаванага газу, у прыватнасці, насельніцтву – больш за 44 і 66 працэнтаў адпаведна. З году ў год назіраецца змяншэнне рэалізацыі звадкаванага газу насельніцтву, што звязана з мерапрыемствамі, якія праводзяцца па пераводзе кватэр на прыродны газ.

Акрамя таго, у сучасных умовах ВУ «Стоўбцыгаз» развівае іншыя напрамкі дзейнасці, здольныя прынесці прыбытак. Да прыкладу, выконваем рамонтныя заяўкі, аказваем паслугі па аздараўленні дзяцей у летні перыяд і па правядзенні ўрачыстасцяў у перыяд міжсезоння на базе свайго структурнага падраздзялення – аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі, і т. п. На працягу лета 2016 года ў лагеры аздаравілася 551 дзіця, прычым трэцяя частка –  дзеці работнікаў УП «Мінскаблгаз».     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: спецыяліст кадравай службы Алена Ілюшына; вадзіцель Фадзей Маз (справа) і манцёр Браніслаў Калошыч перад выездам на лінію.

Фота Васіля  ЗЯНЬКО

 

ЗЕЛЯНЕЦЬ МАЛАДОМУ ЛЕСУ

Агульнымі намаганнямі стаўбцоўскія лесаводы працягваюць займацца ліквідацыяй наступстваў стыхіі, ад якой у ліпені пацярпела 120 гектараў лясных масіваў Стаўбцоўшчыны, і, акрамя таго, з 1-га верасня яны выехалі на аказанне дапамогі Смалявіцкаму лясгасу.

У камандзіроўку адпраўлены брыгады лесарубаў з тралёвачнымі трактарамі, усяго 35 работнікаў з пяці лясніцтваў. Для вывазкі з дзялянак нарыхтаванага задзейнічаны трактар МТЗ-80 з цялежкай і гідраманіпулятарам. Механізаваным спосабам, з дапамогай дзвюх лесанарыхтоўчых машын «Харвестар», аказваецца дапамога Бараўлянскаму спецлясгасу, – адзначае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

Разбурэнні ў лясной гаспадарцы мінулым летам можна назваць маштабнымі – у рэспубліцы пашкоджана драўніна на плошчы каля 12,8 тысячы гектараў. Ветравальная драўніна не можа захоўвацца доўга, таму работы вядуцца ў сціслыя тэрміны, з прыцягненнем усіх сіл Міністэрства лясной гаспадаркі. На даны момант практычна прыпынены работы на планавых высечках галоўнага карыстання і ўсе сілы сканцэнтраваны ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад ураганных вятроў. Так, сёння на распрацоўцы бураломаў у Смалявіцкім і Чэрвеньскім лясгасах задзейнічаны амаль тры тысячы чалавек, 160 харвестараў, 146 фарвардараў, 131 МПТ, 170 «сартыментавозаў» і іншай тэхнікі і абсталявання.

У Смалявіцкім лясгасе нашы лесаводы шчыруюць у лясных масівах непадалёку ад Нацыянальнага аэрапорта. За рабочую змену яны шмат разоў бачаць, як набіраюць вышыню самалёты. Перад імі таксама акрэслена дастаткова высокая планка – нарыхтаваць да 1-га лістапада 25 тысяч м3 ветравальнай драўніны. У цэлым лясная галіна рэспублікі ўзяла на сябе абавязак выразаць ветравальную драўніну да 1-га лістапада і да 1-га мая 2017 года – завяршыць з яе ўборкай у цяжкадаступных месцах. У сувязі з гэтым лясгасы адзін аднаму дапамагаюць, прапануюць сваю падтрымку не толькі рабочымі рукамі, а і тэхнікай. Работа камандзіраваных лесаводаў арганізавана паводле вахтавага метаду, па два тыдні, з пражываннем і харчаваннем, дастаўкай на рабочае месца. 

Пра тое, як ідуць справы на пацярпелых дзялянках у нашым раёне, падзяліўся галоўны ляснічы Уладзімір Зялёнка:

– Асноўны ўдар стыхіі прыйшоўся на Рубяжэвіцкае лясніцтва, дзе неабходна было ажыццявіць суцэльныя высечкі на 124 гектарах. Ужо ачышчана 80 гектараў, нарыхтавана каля 10 тысяч м3 драўніны. Частка яе ідзе на перапрацоўку ў акінчыцкі цэх, так званыя балансы – на экспарт. Каля 30 вагонаў адгружаем за месяц экспартнай драніцы, сыравінай для якой служыць драўніна, што ідзе на дровы. На пацярпелых дзялянках працуюць усе дзевяць лясніцтваў і лесапункт. Акрамя таго, лясгасу аказваюць паслугі па нарыхтоўцы ветравальнай драўніны шматлікія староннія арганізацыі, некаторыя нават з іншых рэгіёнаў. Тры прадпрыемствы, у прыватнасці, і Навасвержанскі лесазавод, працуюць з дапамогай «Харвестараў». Стаўка зроблена менавіта на гэтую высокапрадукцыйную тэхніку, здольную нарыхтоўваць за дзень каля 100 м3 драўніны. Актыўнасць на нарыхтоўцы ветравальнай драўніны праяўляюць мясцовыя камерцыйныя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Уладзімір Зялёнка звяртае ўвагу і на тое, што неабходна высекчы драўнінна-куставую расліннасць у ААТ «Рочавічы» і ААТ «Рубяжэвічы», дзе ў выніку стыхіі яна пацярпела на плошчах паўгектара і гектар адпаведна. На даны момант Стаўбцоўскі лясгас, УП «Белдзяржлес» і непасрэдна названыя сельгаставарыствы займаюцца афармленнем дакументацыі на выдачу гэтым гаспадаркам лесасечных білетаў.

Ужо з 10-га верасня распачнуцца пасадкі лясных культур у Рубяжэвіцкім лясніцтве – акурат на тых дзялянках, на якія прыйшоўся асноўны ўдар стыхіі. Значыць, зелянець новаму маладому лесу!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У «ПЯТАЧКУ» –ПЕРАМЕНЫ

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» радуе пакупнікоў новымі відамі прадукцыі і, адначасова, паляпшэннем умоў гандлёвага абслугоўвання.

Так, магазін «Пятачок» стаў трэцім фірменным магазінам камбіната (пасля «Кумпячка» і «Мясных прысмакаў»), дзе ўкаранёны прынцып самаабслугоўвання, сучасная сістэма ўзважвання і аплаты тавару па штрых-кодзе. Вытворцы даўно марылі ўвасобіць гэтую далёка нятанную, але вельмі прывабную ідэю ў адносінах да такога паспяховага магазіна, як «Пятачок». Ён хоць і знаходзіцца ў блізкім суседстве з сеткавым магазінам «Еўраопт», а дастойна вытрымлівае канкурэнцыю. Перамены паспелі заўважыць і ацаніць пакупнікі. Ім цяпер нашмат зручней выбіраць тавар, аплачваць  яго, што, натуральна, адбілася і на павелічэнні тавараабароту магазіна.

У ліку самых насычаных па тавараабароце сярод дзесяці гандлёвых кропак камбіната застаецца магазін у новым мікрараёне па вуліцы Міру – «Кумпячок». «У жніўні яго тавараабарот перасягнуў 112 мільёнаў дэнамінаваных рублёў», – падкрэсліла начальнік аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства Валянціна Бурдзейка. Да пакупніцкага попыту неабходна дадаць і  цікавыя прапановы, якія ідуць ад вытворцаў і стымулююць рабіць пакупкі. Да прыкладу, побач з «Кумпячком» наведвальнікаў гасцінна запрашае і сёння летняе кафэ (штодзённа яно зачыняецца ў 10 вечара). Кафэ з задавальненнем наведвалі і дзеці, і дарослыя, таму што там прапануюць марожанае, бочкавы квас на разліў і інш.

Стала добрай традыцыяй, што ў фірменных магазінах камбіната рэалізуецца да 80 працэнтаў уласнай прадукцыі, таму важна абнаўляць яе асартымент. Апошнім часам вытворцамі выпушчаны такія новыя віды прадукцыі, як сыравяленыя каўбасы «Пікантная» (вышэйшага гатунку), «Дарожная» (1-га гатунку) і «Застольная» (безгатунковая). У іх састаў уваходзяць ялавічына і свініна, прыпраўленыя натуральнымі спецыямі – маяранам, фенхелем, рукалай, мускатам, шафранам. Навінка – і прадукт са свініны, вэнджана-вараны кумпячок «Дзеравенскі» са смакам натуральных прыпраў – каляндры і часнаку. Навінкі ўжо з’явіліся ў фірменных магазінах і карыстаюцца вялікім попытам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ    



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *