Зберагаючы набытае, імкнуцца да новага

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

69f-1009

На слыху ў раёне поспехі Дзераўнянскай сярэдняй школы, якая занесена на раённую Дошку гонару. Тры гады запар яна атрымлівае ўзнагароды як лепшая навучальная ўстанова сельскай мясцовасці ў Мінскай вобласці. І па выніках работы за мінулы навучальны год Дзераўнянская СШ стала пераможцай абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі сярод устаноў адукацыі» ў намінацыі «Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці».

Першага верасня гэтая школа гасцінна прыняла ў вучэбныя класы 212 вучняў, каб даць ім магчымасць развівацца ў тых накірунках, якія яны выбіраюць. Працуюць дзясяты і адзінанаццаты профільныя класы па паглыбленым вывучэнні фізікі і матэматыкі. Каля 20 гадоў школа цесна супрацоўнічае з Беларускім агратэхнічным універсітэтам. Вучні маюць магчымасць займацца на вочна-завочных курсах у гэтай ВНУ. Кожны год выпускнікі паказваюць высокія веды на ўступных экзаменах. У гэтым годзе з 32 выпускнікоў 17 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў на бюджэтнай форме навучання, восем – студэнтамі сярэдніх спецыяльных устаноў, сем атрымліваюць запатрабаваныя на рынку працы рабочыя прафесіі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Дзераўнянская СШ увайшла ў ТОП-50 школ рэспублікі па высокіх выніках здачы яе выпускнікамі ўступных экзаменаў, яна на 15-й прыступцы. Чатыры выпускнікі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове вышэй чым на 90 балаў. У гэтым вялікая заслуга педагогаў Ганны Філіповіч і Софіі Варатынцавай.

У новым навучальным годзе ўстанова адукацыі паспяхова ажыццяўляе інавацыйную дзейнасць. Працуе рэспубліканская інавацыйная пляцоўка па тэме «Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў малавядомых старонак гісторыі роднага краю як сродку развіцця сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў».  Пачатковыя класы займаюцца па адукацыйнай мадэлі «Крок за крокам», а 5-11 – па мадэлі «Крок у будучыню». Навучальная ўстанова ўжо не адзін год цесна супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем «Ліга бацькоў «Крок за крокам».

Цяжка пералічыць усе станоўчыя моманты ў рабоце ўстановы адукацыі. Створана цэласная сістэма, якая дапамагае выхоўваць у вучняў высокія маральныя якасці, правільнае разуменне свайго абавязку перад бацькамі, школай, перад сваёй Айчынай. У выхаваўчым працэсе вялікая роля адводзіцца мясцоваму касцёлу і настаяцелю храма. Адметна і тое, што і настаўнікі паказваюць вучням прыклад жыцця на цвёрдым фундаменце веры. 21 з 37 педагогаў з’яўляюцца выпускнікамі Дзераўнянскай школы. У тым ліку і дырэктар Марыя Шумчык. Яна выкладае матэматыку і 13 гадоў ужо з’яўляецца дырэктарам навучальнай установы. Каб заслужыць высокі аўтарытэт у калег, у бацькоў, наогул у сваёй мясцовасці, Марыі Мар’янаўне патрэбна было стаць асобай. А гэта патрабуе ад кожнага вялікай працы розуму і душы.

Новы навучальны год і педагогі, і вучні пачалі з радасным настроем, з вялікім жаданнем не ўпусціць свае пазіцыі ў рэйтынгу навучальных устаноў. Кожны дзень напоўнены пазнаннем новага і імкненнем набыцця ведаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: заняткі вядзе маладая настаўніца – філолаг Ганна Дзямянка; дырэктар школы Марыя Шумчык і яе намеснік Ала Сенька; гістарычны расповед вядзе Софія Варатынцава; прышкольны клумбавы ландшафт; на ўроку інфарматыкі з вопытным педагогам Леанідам Суднікам; школьная ўтульнасць.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ІНІЦЫЯТЫВЫ ЎЗНАГАРОДЖВАЮЦЦА

У сферы адукацыі раёна за першае паўгоддзе даведзены план па пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 106 працэнтаў, а па аказанні платных адукацыйных паслуг – на 125 працэнтаў.

У скарбонку даходаў паступаюць грошы ад паслуг у сферы спорту і турызму, ад аказання паслуг па паглыбленым вывучэнні прадметаў і падрыхтоўцы дашкольнікаў да школы, ад правядзення адукацыйных экскурсій, прадастаўлення паслуг пражывання. У першым паўгоддзі даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 3468  мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *