У «ліцейцы» шчыруе моладзь

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

12 тысяч гільзаў блока цыліндра выпускаецца ў месяц на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Яшчэ ў пачатку лета месячнае планавае заданне складала восем тысяч гільзаў. Выпушчаныя гільзы адгружаюцца на галоўны канвеер Мінскага маторнага завода. 

– З павялічаным аб’ёмам вытворчасці спраўляецца калектыў у адным і тым жа саставе, – падкрэслівае начальнік вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця Павел Ярахавец. – Кожны наш работнік – спецыяліст сваёй справы, майстэрства якога з месяца ў месяц адшліфоўваецца.

69e-1009

Калектыў новай інавацыйнай вытворчасці пакуль адносна невялікі – налічвае 20 чалавек і працягвае працаваць у адназменным рэжыме (магутнасці абсталявання дазваляюць выйсці на трохзменны рэжым работы). Такі плавільшчык, як Антон Вярбіцкі, плавіць за змену 10,5 – 12 тон металу. Не адстаюць ад яго і іншыя калегі. У сучаснай печы метал расплаўляецца да патрэбнага хімсаставу. Яго якасць ацэньвае кваліфікаваны лабарант хімічнага аналізу Наталля Краўчанка. У дакладнасці яе даследаванняў сумнявацца не прыходзіцца.

Антон Вярбіцкі асвойвае сваю прафесію з пачатку 2015 года. Раней ён не адзін год прывычна ўвіхаўся ў інструментальным цэху, а затым перспектыўнаму рабочаму прапанавалі павучыцца на галоўным прадпрыемстве ў цэху алюмініевага ліцця. Такім чынам, ён перакваліфікаваўся. Але сапраўдная навука, як прызнаецца Антон, – тут, на рабочым месцы, кожны дзень, які ўзбагачае навыкамі і каштоўным вопытам.

Калектыў вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця прапанаваў на завадскую Дошку гонару фота свайго прадстаўніка. Сёлета ім стаў ліцейшчык Іван Уласік. У мінулым годзе быў яго калега – Руслан Кухарчык. Абодва ліцейшчыкі адпрацавалі на маторным заводзе не менш за пяць гадоў і дасягнулі значных вытворчых паказчыкаў. За такімі, як яны, цягнуцца маладзейшыя калегі, а ў цэлым адзін аднаму дапамагаюць, вучацца адзін у аднаго. Гэтая вытворчасць якраз з ліку тых, дзе запатрабаваны сучасныя веды.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *