Мікалай ІВАНЧАНКА: «Ніводзін зварот не пакінуў без увагі, у заканатворчай дзейнасці ішоў ад жыцця, патрэб людзей»

Калонка дэпутата Нумары

Такі вынік чатырохгадовай дзейнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 Мікалая Іванчанкі. На заканчэнне сваіх паўнамоцтваў Мікалай Міхайлавіч расказаў аб рабоце парламента за апошнія чатыры гады і спыніўся непасрэдна на сваёй дэпутацкай дзейнасці.

– Галоўны накірунак работы дэпутата – заканатворчая дзейнасць, фарміраванне праектаў законаў, якія прадстаўляюцца ў парламент суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы – урадам, Прэзідэнтам краіны, іншымі органамі ўлады. Такое права ёсць і ў кожнага дэпутата. Мной праводзілася настойлівая работа па рэалізацыі той перадвыбарнай праграмы, якая была сфармулявана  ў інтарэсах развіцця краіны, Мінскай вобласці і, безумоўна, Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70. Работа будавалася ў цесным узаемадзеянні з раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў, аблвыканкамам, дэпутацкім корпусам, членамі ўрада, Адміністрацыяй Прэзідэнта. У іх я знаходзіў падтрымку ў вырашэнні сур’ёзных пытанняў сваіх выбаршчыкаў, за што ім вельмі ўдзячны. Словы ўдзячнасці за сумесную працу святарам каталіцкай і праваслаўнай канфесій Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Ганаруся, што ёсць доля і маёй працы ў тым, што Нясвіжскі і Стаўбцоўскі раёны называюцца ў ліку лепшых раёнаў Мінскай вобласці, а па асобных паказчыках – і ў рэспубліцы.

2-14e

Заўсёды стараўся рэалізаваць прынцып, які дэклараваў падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі, – праекты і заканадаўчыя акты павінны падпітвацца знізу, звярацца з жыццём. У многім дапамагала створаная ў парламенце дэпутацкая група «Ініцыятыва», якую я ўзначаліў. Гэта адзіная дэпутацкая група, у якую ўвайшоў 21 парламентарый, у пераважнай большасці – прадстаўнікі Мінскай вобласці, па некалькі дэпутатаў – ад іншых рэгіёнаў рэспублікі. І гэтая група – вялікая сіла, таму што ў міжсесійны перыяд пры вяртанні з акругоў мы абменьваліся актуальнай інфармацыяй, каб «перакласці» яе на тыя законапраекты, якія былі ў распрацоўцы. Гэта была чарнавая работа, і яна садзейнічала шліфоўцы законаў.                   

– Мікалай Міхайлавіч, якія адметнасці характэрны для дзейнасці парламента краіны 5-га склікання? 

– Прайшло 84 пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку 18 з іх – сумесныя з верхняй палатай, Саветам Рэспублікі, – ва ўсіх іх я прымаў удзел. Бадай, упершыню ў практыцы дзейнасці парламента былі арганізаваны парламенцкія слуханні. Падчас іх уздымалі надзвычай важныя і актуальныя тэмы – стан адукацыі ў краіне, развіццё прыватна-дзяржаўнага партнёрства. У адукацыі ідзе аптымізацыя структуры, і не так даўно Прэзідэнт краіны гаварыў аб неабходнасці вярнуцца яшчэ раз да падтрымкі педагогаў з мэтай больш граматнай і выніковай ацэнкі іх працы, удасканалення вучэбнага працэсу. Я прымаў актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтых праблем і выпрацоўцы прапаноў, якія былі ўнесены ўраду і кіраўніку краіны. Вынікам стала прыняцце Закона «Аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве». У цэлым, сёння створана цікавая інавацыйная заканадаўчая база па далейшым развіцці і падтрымцы гэтага сектара эканомікі, але, безумоўна, у інтарэсах народа і дзяржавы.

Была праведзена работа па падрыхтоўцы і прыняцці 225 законапраектаў у першым чытанні і 414 – у другім, у тым ліку трох кодэксаў. Усе 414 законапраектаў падпісаны кіраўніком краіны і набылі моц закона. Па сваёй структуры 414 законапраектаў падзяляюцца наступным чынам: 43 датычаць дзяржаўнага будаўніцтва і канстытуцыйных правоў грамадзян, 85 – эканомікі, бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі, 50 – сацыяльнай палітыкі (адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, навакольнага асяроддзя), 29 – абароны і бяспекі краіны і 207 – міжнароднай дзейнасці, ратыфікацыі дагавораў  і пагадненняў.  Парламентам прынята 819 пастаноў за чатырохгадовы перыяд.           

Як кіраўнік групы па міжпарламенцкім супрацоўніцтве ініцыіраваў кантакты і супрацоўніцтва з парламентарыямі Эстоніі. З выкарыстаннем спартыўнай дыпламатыі (з’яўляюся старшынёй Федэрацыі сучаснага пяцібор’я) было ўстаноўлена дыпламатычнае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Княствам Манака, князь якога – ганаровы прэзідэнт Сусветнага саюза пяцібор’я.

– Вы часта выкарыстоўвалі сваё права заканадаўчай ініцыятывы?

– Тры законапраекты былі ініцыіраваны пастаяннай камісіяй па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, у якой я працую. Усе яны звязаны з удасканаленнем прыродаахоўнай дзейнасці. Дэпутацкая група «Ініцыятыва» накіравала ва ўрад, Адміністрацыю Прэзідэнта, дзяржорганы шэраг прапаноў па прыняцці нарматыўных актаў, звязаных з захаваннем і паляпшэннем урадлівасці глебы, адказнасцю землекарыстальнікаў за стан глебы. Па гэтай тэматыцы цяпер працуе рабочая група. Яна вывучае і нашы прапановы, якія, думаю, будуць сфармуляваны ў выглядзе змяненняў у адпаведнае заканадаўства.

У парламенце намі быў ініцыіраваны шэраг круглых сталоў па тэме экалагічна чыстай прадукцыі, сучаснага харчавання, алкаголю, высновы з якіх знайшлі развіццё ў заканадаўчых праектах, пастановах урада або пэўных даручэннях. Так, урадам зацверджана канцэпцыя здаровага харчавання, Прэзідэнтам краіны адобрана канцэпцыя аб арганічнай сельскай гаспадарцы, што адкрывае дарогу да распрацоўкі закона. Спадзяюся, што мае калегі-пераемнікі прымуць такі надзвычай важны і неабходны дакумент, здольны паскорыць працэсы сучасных перадавых тэхналогій атрымання прадуктаў харчавання, якія запатрабаваны ў свеце і могуць сур’ёзна паўплываць на здароўе будучых пакаленняў нацыі. Я актыўна займаўся папулярызацыяй тэхналогій энергазберагальнага земляробства і ініцыіраваў вучобу кіраўнікоў гэтай галіны з раёнаў на курсах павышэння кваліфікацыі.  

Ва ўзаемадзеянні з Акадэміяй навук была ініцыіравана распрацоўка праекта закона аб дзіцячым харчаванні. Урадам прыняты шэраг маіх і, падкрэслю,  вашых, выбаршчыкаў, прапаноў, якія былі выпрацаваны сумесна (памятаеце круглы стол у 2015 годзе ў раённым Цэнтры культуры па тэме алкаголю?). Такім чынам, унесены прапановы ў дзеючую праграму барацьбы з алкаголем. Хачу заўважыць, што, на мой погляд, мэтазгодна фарміраваць новую парадыгму. Сутнасць яе заключаецца ў пераходзе ад барацьбы з алкаголем да тэмы здаровага ладу жыцця, замяшчэння.

Мною ініцыіравана прыняцце спецыяльных пастаноў урада, у прыватнасці, аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні АЧС і іншых небяспечных захворванняў жывёлы. Прынятыя дадатковыя меры дазволілі радыкальным чынам змяніць сітуацыю і трымаць яе пад кантролем.

Акрамя таго, усе прапановы і наказы ад сваіх выбаршчыкаў, пісьмовыя і вусныя, стараўся абавязкова даводзіць да калег у камісіі, пры неабходнасці накіроўваў іх з вынікамі пэўнага аналізу ў адпаведныя профільныя камісіі або ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. Многія з іх потым знаходзілі сваё развіццё і прымяненне ў заканадаўчых актах.

– Якая работа праведзена вамі непасрэдна ў акрузе?

– Гэта 64 прыёмы грамадзян, падчас якіх паступіла 360 зваротаў. Паколькі раней я працаваў у розных рэгіёнах рэспублікі, то да мяне звярталіся не толькі выбаршчыкі 70-й Стаўбцоўскай акругі. Людзей я не дзяліў і не «адфутбольваў». 137 сустрэч прайшло ў працоўных калектывах. Браў удзел у 42 пасяджэннях мясцовых выканкамаў, 27 сесіях Саветаў дэпутатаў. Актыўна супрацоўнічаў са СМІ. У ходзе сустрэч і прыёмаў імкнуўся вырашаць канкрэтныя праблемы выбаршчыкаў, працоўных калектываў і раёнаў у цэлым. Ніводзін зварот не быў пакінуты без увагі, як і канкрэтныя праблемы рэгіёна.

– Можна прывесці канкрэтныя прыклады?

– У Стаўбцоўскім раёне гэта выразілася ў захаванні школы ў Рочавічах, вяртанні статусу юрыдычнай асобы былому Стаўбцоўскаму  мясакамбінату (цяпер гэта Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат), у разгортванні праграмы рэканструкцыі і будаўніцтва жывёлагадоўчых фермаў у раёне з аказаннем дапамогі ў забеспячэнні раёна цэментам, у рэканструкцыі помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Стоўбцах, брацкай магілы ў Наваколасаве. У сувязі з узнікшай цяжкай эканамічнай сітуацыяй, экалагічнымі праблемамі вялася праца над рашэннем аб спыненні функцыянавання свінакомплексу ААТ «Вішнявецкі-агра». Комплекс будзе перапрафіляваны пад вырошчванне буйной рагатай жывёлы, што дазволіць палепшыць і эканамічны стан гаспадаркі, і экалагічную сітуацыю. Ускалыхнулі тэму ўдасканалення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Прапановы паступілі – думаю, яны знойдуць практычнае ўвасабленне. У полі майго зроку пастаянна былі пытанні дэбіторскай запазычанасці ААТ «ТБЗ Нёман», філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, падтрымкі канкрэтных ініцыятыў і т. п.

З задавальненнем прыгадваю і такое цікавае мерапрыемства – наведванне парламента краіны групай лепшых вучняў школ Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў, якое можна назваць своеасаблівай трэніроўкай работы маладзёжнага парламента.             

– Што не ўдалося ажыццявіць за дэпутацкі тэрмін?

– Па розных прычынах усё не ўдалося вырашыць. Пакуль не ўцягнуты ў абарот шпіталь у Снове, які быў закрыты, аб’екты ў вёсцы Макашы. У Стаўбцоўскім раёне я не задаволены станам спраў на міні-ТЭЦ, якая працуе на базе філіяла маторнага завода. Пытанне гэтае актуальнае, патрабуе правядзення энергааўдыту раёна, пры гэтым нельга не ўлічваць будаўніцва на тэрыторыі рэспублікі АЭС і пераход у перспектыве на іншыя віды энергетыкі.

– Мікалай Міхайлавіч, вялікі дзякуй за вашу дэпутацкую дзейнасць, за намаганні быць карысным людзям. Мы размаўляем з вамі ў выбарны час. Якія пажаданні будуць вашым пераемнікам? Дзе плануеце прымяніць свой багаты вопыт дзяржаўнай работы?

– Хачу працягнуць работу ў адукацыйнай, асветніцкай сферы, звязанай з новымі тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, з экалогіяй. Маю шмат напрацовак у пытаннях сучаснага здаровага харчавання. Планую з калегамі з’ездзіць у Канаду, каб там глыбока вывучыць гэтую тэму. Цікавы для мяне і спартыўны накірунак.  

Жадаю дэпутатам, якія будуць выбраны ў парламент, плённай работы. Гатовы дзяліцца з імі сваім вопытам. Жыццё ставіць новыя пытанні, новыя выклікі, і трэба быць гатовым своечасова на іх адказваць і заўсёды памятаць, што інтарэсы чалавека – вышэй за ўсё. Падчас працы ў акрузе я пераканаўся, што дапамагаюць якраз таму, у каго спіна мокрая, і адкрываюць менавіта таму, хто стукае ў дзверы і не баіцца цяжкасцяў. Значыць, усё ад нас залежыць. Яшчэ раз дзякуй усім за сумесную працу і ўзаемаразуменне. Жадаю добрага здароўя, поспехаў, міру. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *