Да Дня бібліятэк

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

ПРА КНІЖНІКАЎ І КНІГУ

Дзіцячая бібліятэка ў бягучым годзе заслугоўвае да сябе асаблівай увагі. І не толькі таму, што яна актыўна працягвае прапагандаваць літаратуру, чытанне, прыцягваць вучнёўскую моладзь да адукацыі і самаадукацыі, выхоўваць на лепшых узорах літаратуры і мастацтва. Але і таму, што менавіта ў 2016 годзе ёй прысвоена імя народнага песняра і цяперашняя яе назва гучыць так: Стаўбцоўская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа. Значны да гэтай гістарычнай падзеі і такі акцэнт: новы статус бібліятэка набыла ў Год культуры і ў год свайго юбілею – 65-годдзя з дня заснавання.

3-14w

Сённяшні калектыў бібліятэкі з вялікай павагай успамінае тых людзей, якія паклалі падмурак бібліятэчнай установы, шмат зрабілі для таго, каб бібліятэка мела такую папулярнасць у дзяцей і бацькоў. Найперш гэта дырэктары С. П. Бадзей і  Т. А. Шкода. Яны і бібліятэкары П. Х. Угольнік і Н. В. Фірсава шмат зрабілі для папулярызацыі дзіцячага чытання. У сучасны момант працуе ўжо трэцяе пакаленне бібліятэкараў – А. М. Асаёнак, К. У. Шэкаль, С. Ю. Касьян. Шмат гадоў працы аддалі гэтай бібліятэцы Т. Ю. Быль, Н. У. Ярмак, А. У. Петрашкевіч, Я. І. Дрозд. Дзякуючы іх высокаму прафесіяналізму, стараннасці, руплівасці бібліятэка мае такі высокі імідж, такую добрую рэпутацыю ў нашым горадзе і ў раёне. Іх стараннямі, а таксама густам і рупнасцю мастака Н. Я. Плотнікавай у бібліятэцы адметны інтэр’ер, які сагравае наведвальнікаў утульнасцю, гасціннасцю, святлом, асаблівай атмасферай – адсюль не хочацца выходзіць. Каб такі мікраклімат быў у калектыве, вялікае значэнне ролі кіраўніка. Многія гады бібліятэку ўзначальвае Наталля Даўлюд. Яе вызначае на пасадзе высокі прафесіяналізм. Бібліятэчнай справе Наталля Мікалаеўна аддала не адзін дзясятак гадоў жыцця. Свой вопыт работы па абранай раз і назаўсёды прафесіі яна напрацоўвала ў публічнай бібліятэцы горада Чарнігава, дзе жыла ў свой час. І цяпер з яе наватарскім падыходам, уменнем паспяваць за новымі тэхналогіямі бібліятэка ўпэўнена адчувае сябе ў інфармацыйнай прасторы. Мае свае старонкі ў сацыяльных сетках «Одноклассники», «ВКонтакте». Бібліятэкары ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх семінарах, арганізаваных Нацыянальнай бібліятэкай. Сучасная камп’ютарная тэхніка выкарыстоўваецца і для аказання платных паслуг, асноўныя з якіх – ксеракапіраванне.

Гэтая бібліятэка адметная тым, што яна ў пастаянным  пошуку розных новых формаў работы для дыялогу паміж кнігай і чытачом.

– Нашы бібліятэкары імкнуцца далучыць дзяцей да чытання, каб скласці канкурэнцыю вуліцы і залішняму захапленню камп’ютарам, каб згуртаваць сям’ю вакол кніг, для сучаснай папулярызацыі культуры чытання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца найбольш цікавыя формы абслугоўвання з мэтай карыснай арганізацыі іх вольнага часу. Бібліятэка плённа супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі, школамі, стаўбцоўскім Свята-Уваскрэсенскім прыходам. Усё гэта дае магчымасць вызначыць прыярытэты ў рабоце, раскрыць багацце бібліятэчнага фонду. Прыярытэтам бібліятэка ўзяла накірунак на работу з беларускай, краязнаўчай кнігай, так як мы заўважаем, што большасць чытачоў звяртаецца да культуры і гісторыі роднай зямлі. Вялікая ўвага надаецца папулярызацыі спадчыны паэтаў, пісьменнікаў Стаўбцоўшчыны, творчай скарбніцы нашага земляка, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У чытальнай зале абнаўляецца пастаянная выстава-панарама «Ізноў сябе пазнаю часцінай злітаю вялікага сусвету». Можна пералічыць нямала і іншых кніжных тэматычных выстаў. Адна з іх – «Якуб Колас і дзеці», на якой наведвальнікі маглі пазнаёміцца з творамі Якуба Коласа для дзяцей. Маленькім чытачам прыемна было патрымаць у руках выданне 1956 года «Міхасёвы прыгоды». У рамках літаратурнага свята «Каласавіны» ў літаратурна-мастацкай гасцёўні «Сябрынка» была падрыхтавана адметная выстава «Аўтограф для вас». На ёй было прадстаўлена больш за 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія ў свой час былі гасцямі бібліятэкі:  В. Жуковіч, М. Маляўка, Я. Хвалей, Г. Далідовіч, А. Бадак, У. Ягоўдзік, М. Міцкевіч, Р. Баравікова, Э. Акулін, Л. Дранько-Майсюк, В. Іпатава, А. Камоцкі, У. Мазго, Т. Дашкевіч, А. Міхаленка, М. Мятліцкі, А. Камароўскі, К. Камейша і іншыя. Пры тэндэнцыі зніжэння цікавасці дзяцей да кнігі і чытання ўзрастае важнасць сустрэч дзяцей з беларускімі пісьменнікамі, прэзентацыі новых кніг. Выстава «Па старонках старых афіш» прадставіла інфармацыйныя абвесткі аб рэспубліканскім свяце «Каласавіны» з 1986 года па 2014. У нашай бібліятэцы сфарміраваны краязнаўчы фонд, дзе сабраны звесткі пра Стоўбцы і Стаўбцоўшчыну.

Вынікам цеснага супрацоўніцтва дзіцячай бібліятэкі са Стаўбцоўскай і Шашкоўскай дзіцячымі школамі мастацтваў з’яўляецца дзейнасць на працягу многіх гадоў клуба прыхільнікаў мастацтва «Вясёлка». Творча працуе бібліятэчны тэатрык «Чараўнікі». Бібліятэка праводзіць адметныя мерапрыемствы сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Шматдзетная сям’я», якое ўзначальвае бібліятэкар Алена Асаёнак.

Дзіцячую бібліятэку без перабольшвання можна назваць інфармацыйным і адукацыйным цэнтрам, які выконвае ў грамадстве важную выхаваўчую функцыю, вядзе актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць. Няхай і надалей будуць плённымі і яркімі дні ў гэтай скарбніцы кнігі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

НА ЗДЫМКАХ: Лізавета Вецяневіч – у ліку актыўных чытачак; дырэктар Наталля Даўлюд (справа) з бібліятэкарамі Ірынай Грышан і Алай Петрашкевіч за папаўненнем кніжнага фонду; вопытны бібліятэкар Алена Асаёнак (у цэнтры) перадае свае прафесіянальныя веды моладзі – Кацярыне Шэкаль і Святлане Касьян.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЧЫТАЧ АДГУКНЕЦЦА НА НОВЫЯ ПРАЕКТЫ

Кожную восень 15 верасня бібліятэкары краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень бібліятэк. Гэта не выпадкова: менавіта 15 верасня 1922 года лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнай кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь. Святкаванне Дня бібліятэк – знамянальная падзея ў жыцці нашай краіны, якая сведчыць пра ўвагу дзяржавы і грамадства да бібліятэк як да найважнейшага элемента інфармацыйнай прасторы. Бібліятэкі заўсёды былі і будуць сапраўднымі цэнтрамі духоўнасці і культуры, выконваючы важныя асветніцкія і выхаваўчыя задачы і мэты. Гэтай высокай місіі імкнуцца адпавядаць і бібліятэкі Стаўбцоўшчыны. 2016 год – асаблівы для бібліятэк. Ён быў абвешчаны Годам культуры. Бібліятэка і культура – сінонімы духоўнасці, гэта сродак маральнага і эстэтычнага развіцця асобы.

Бібліятэкі  імкнуцца ўсяляк спрыяць павышэнню ролі кнігі і чытання ў грамадстве. Уся праца  накіравана на папулярызацыю і прапаганду лепшых твораў беларускай і замежнай літаратуры, на прыцягненне чытачоў, падтрымку і развіццё чытання дзяцей і моладзі, арганізацыю масавых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным і памятным датам.

  ДУК «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бібліятэка» налічвае 16 сельскіх бібліятэк, тры клубы-бібліятэкі, раённую і дзіцячую бібліятэкі. Агульны фонд складае 242 453 тысячы экзэмпляраў дакументаў. У  калектыве бібліятэк нашага раёна працуюць 36 бібліятэкараў. З вялікай увагай і адказнасцю адносяцца да сваёй працы загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі А. П. Насечанка, якая працуе больш за 30 гадоў на бібліятэчнай прасторы, бібліятэкар чытальнай залы С. А. Адамовіч, якая актыўна займаецца даследаваннем гісторыі Стаўбцоўскага краю. З адкрытым сэрцам і шчыраю душою бібліятэкар аддзела абслугоўвання А. В. Янушэвіч займаецца абслугоўваннем жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Таксама хочацца адзначыць калектыў аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду, у складзе якога працуюць майстры сваёй справы – Н. Г. Задрэйка, М. В. Логвін, В. В. Цывака, М. Г. Дзям’янка. Актыўнымі прапагандыстамі кнігі і інфармацыі на сяле  з’яўляюцца А. І. Гарановіч, В. І. Францкевіч, В. В. Буняк, С. К. Пявец, М. І. Мяцёлкіна, Г. В. Мацко. На цяперашні момант бібліятэкі раёна камп’ютарызаваны і падключаны да сеткі інтэрнэту, што дае магчымасць бібліятэкарам больш якасна і дасканала выконваць запыты карыстальнікаў.

Нельга не сказаць сёння і аб тых, хто  працаваў на бібліятэчнай ніве і сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта Л. І. Кулік, Л. М. Жук, В. М. Ланцэдава, Д. С. Беняш, А. М. Бандарэвіч, Л. С. Фарботка, М. П. Чуйко, Г. І. Даманеўская, А. Б. Савіцкая, Т. М. Цвірка, С. В. Папова, І. М. Кулікоўская і іншыя.

Напярэдадні свята хочацца пажадаць бібліятэкам узбагаціцца новымі праектамі, на якія адгукнуцца зацікаўленыя партнёры і чытачы. А супрацоўнікам бібліятэк – плёну ва ўсіх справах, удзячнага чытача, павагі, шчаслівага асабістага жыцця.

Марына ЯНУШКЕВІЧ, дырэктар ДУК «Стаўбцоўская цэнтральная бібліятэка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *