Следства вядуць прафесіяналы

Ахова правапарадку Нумары

Пяць гадоў таму, 12 верасня, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 409 «Аб утварэнні Следчага камітэта», а таксама быў распрацаваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Следчым камітэце», дзе адлюстравана прававая аснова дзейнасці, прынцыпы, асноўныя задачы Следчага камітэта і яго падраздзяленняў.

Напярэдадні знамянальнай даты мы гутарым з начальнікам Стаўбцоўскага раённага аддзела Следчага камітэта Мікалаем СКРЫГАНАМ.

– Следчы камітэт уяўляе сабою адзіную і цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных праваахоўных органаў, якія з’яўляюцца органамі папярэдняга следства і ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці, з’яўляецца ваенізаванай арганізацыяй. Сваю дзейнасць ажыццяўляе з 1-га студзеня 2012 года.

– Мікалай Мікалаевіч, на што накіраваны асноўныя намаганні супрацоўнікаў Следчага камітэта?      

– Калі акрэсліць коратка, гэта задачы, пастаўленыя кіраўніком краіны і ўрадам, а таксама самім жыццём, рэчаіснасцю. Арыенцір – на раскрыццё злачынстваў і расследаванне крымінальных спраў, спагнанне шкоды, нанесенай грамадзянам у выніку злачынстваў, абарону жыхароў раёна і краіны ад розных злачынных замахаў. Адна з важнейшых задач, якая стаіць перад следчым, – разабрацца з кожным вінаватым па справядлівасці. З гэтага, па вялікім рахунку, і фарміруецца давер да праваахоўных органаў. 

На дадзены момант штат раённага аддзела Следчага камітэта складаецца з 21 супрацоўніка. Усе – з вышэйшай адукацыяй. Кожны следчы мае пэўную спецыялізацыю: расследаванне дарожна-транспартных здарэнняў, эканамічных злачынстваў, злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, крадзяжоў, грабяжоў, разбояў.

4-14r

– Вы ўзначальваеце калектыў райаддзела адносна нядаўна. На каго ў першую чаргу абапіраецеся ў сваёй рабоце?

– Гэта мой намеснік Аляксандр Рубін і начальнік 2-га следчага аддзялення Ціхан Мамайка. У любы час яны знаходзяцца на баявым пасту, умеюць граматна выбудаваць работу калектыву і даць патрэбную параду маладым калегам. Вялікі практычны вопыт у следчых Андрэя Трухановіча, Віталя Пазняка, Івана Гунько, Наталлі Кільчэўскай, Наталлі Лянцэвіч, Уладзіміра Ярмака. Яны расследуюць крымінальныя справы, якія ўяўляюць асаблівую складанасць. На высокім узроўні спраўляюцца са сваімі абавязкамі і маладыя следчыя Анатоль Клімовіч і Артур Бязручка, мінулагоднія выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Нельга не звярнуць увагу, што ў калектыве служыць дастаткова прадстаўніц прыгожай паловы. Я ўжо называў вопытных следчых Наталлю Кільчэўскую і Наталлю Лянцэвіч, а яшчэ прыйшлі ў нашу нялёгкую прафесію Ірына Хвалей, Таццяна Мінцель, Аксана Гмыза, Алена Шаўко. Маладыя работнікі вылучаюцца стараннасцю, уніклівасцю, таму ў іх ёсць перспектыва стаць прафесіяналамі сваёй справы і сапраўды даказаць, што работа следчага для іх – прызванне. 

– Пяць гадоў дзейнасці ў якасці самастойнай службы. Чым не нагода сказаць добрае слова сваім калегам?   

– Выказваю ўдзячнасць за работу ўсяму калектыву. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх дзеючых супрацоўнікаў, а таксама ветэранаў службы. Ветэранаў у нас нямнога, іх мы не забываем. Гэта Аляксандр Джыган, Валерый Пухоўскі, Анатоль Драбовіч. Здароўя і шчасця, поспехаў усім у справе служэння высакароднай мэце – умацаванню законнасці і правапарадку.

Напярэдадні 5-й гадавіны ўтварэння Следчага камітэта 25 маладых супрацоўнікаў упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці прынеслі прысягу на вернасць Радзіме і прафесіі ў адметным для кожнага беларуса месцы – на мемарыяльным комплексе «Курган Славы». Пасля ўрачыстай цырымоніі ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны мінутай маўчання, усклалі вянок і кветкі.

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: за абмеркаваннем будзённых спраў старшы следчы Іван Гунько (у цэнтры) з маладымі калегамі – Артурам Бязручкам, Анатолем Клімовічам і Ірынай Хвалей.

Фота аўтара                 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *