Калі поспех, то гучны

Нумары Спорт

Каманда «Нёман-Агра» нарэшце даставіла сваім прыхільнікам шмат прыемных эмоцый. На стадыёне «Юнацтва» футбалісты стаўбцоўскай каманды адолелі сваіх сапернікаў з Мар’інай Горкі з лікам 6:1.

«Вікторыя» – каманда не слабая. Аднак ніякага супраціўлення наступу стаўбчан госці не аказалі. Ужо на 16-й хвіліне матча Віктар Лагуцін адкрывае лік. І далей бамбардзіра нёманцаў сапернікам было не стрымаць. На 20-й хвіліне ён падвойвае лік, затым – гол на 38-й хвіліне. І перад фінальным свістком Лагуцін падводзіць рахунак – 6:1. А перад гэтым два мячы ў вароты «Вікторыі» забіў Дзмітрый Даўбейка. Госці змаглі толькі «размачыць» лік.

Такая хуткастрэльнасць дазволіла Сяргею Лагуціну ўзначаліць спіс лепшых бамбардзіраў турніру. Усяго на яго рахунку 15 забітых мячоў, праўда, 8 з іх ён правёў за каманду з Рагачова, дзе гуляў сёлета да пераходу ў наш калектыў. Выніковыя нападаючыя, нядрэнныя паўабарона і абарона, надзейны варатар. Толькі ў моцным саставе збіралася каманда не на кожную гульню.

Цяпер «Нёман-Агра» займае сёмы радок у турнірнай табліцы. Набрала каманда 23 ачкі. У межах блізкай дасягальнасці для стаўбчан месцы з чацвёртага па шостае. У ФК «Забудова-Буд» і «Клецк» па 25 ачкоў, у «Вертыкалі» – 24. А на вяршыні – асноўныя прэтэндэнты на прызавыя месцы: «Хваля», «Асіповічы» і «Маладзечна», якія маюць адпаведна 39, 34 і 31 ачко.

«Мы яшчэ паваюем!» – з такім настроем «Нёман-Агра» можа парадаваць балельшчыкаў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *