Водгулле свята

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Многія пісьменнікі наведалі старажытны Рагачоў. У гэтым годзе менавіта там прайшло традыцыйнае свята беларускага пісьменства. Нагадаю, што гэта ўжо чацвёртае літаратурнае свята на Гомельшчыне. Раней, два разы, Дзень беларускага пісьменства ладзіўся ў Тураве. Калі свята праходзіла першы раз, яно, памятаю, было такім доўгачаканым, што,  многія, хто родам з тых мясцін, і я таксама, дабіраліся туды сваім ходам, накшталт, турысцкага паходу. Гэта было так незабыўна і так цікава! Потым Дзень беларускага пісьменства праходзіў у Хойніках. А цяпер эстафету прыняў Рагачоў.

Упершыню горад упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1142 годзе, пры  перадачы князем Усеваладам Ольгавічам Тураўскіх зямель. Паводле меркаванняў даследчыкаў, назва горада паходзіць ад літоўскага слова «рагас», што азначае «свяцілішча». Існуе і іншы, мясцовы варыянт: кажуць, што руслы рэк, паміж якімі знаходзіцца так званая Замкавая гара, злучаючыся між сабою, нагадваюць  рог.

Шматлікія знакамітыя людзі, як пісьменнікі, так і навукоўцы, героі Вялікай Айчыннай вайны праславілі Рагачоўшчыну. Тут нарадзіўся вядомы драматург, народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак. Таксама бываў у гэтых мясцінах, на адпачынку, пісаў свае творы ў дзедавай хаце Уладзімір Караткевіч. Рагачоўскай зямлі прысвечана аповесць пісьменніка «Сівая легенда».

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбылося на галоўнай пляцоўцы, якая размясцілася на цэнтральнай плошчы Рагачова. Па вуліцах горада прайшло   касцюміраванае шэсце з палотнамі-выявамі гербаў тых гарадоў, у якіх праходзілі Дні беларускага пісьменства. Духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», у якой, па традыцыі, бяруць удзел як духаўнікі-місіянеры, так і творчыя людзі, навукоўцы,  стартавала з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора 31 жніўня, пабывала са сваёй місіяй у бальніцах, сацыяльных установах, манастырах, храмах пяці раёнаў Гомельскай вобласці і ў самім  Гомелі, несучы з сабою Благадатны агонь з Іерусаліма, а 4 верасня прыбыла на свята беларускага пісьменства ў Рагачоў. Разам з дзецьмі і гасцямі горада яны пасадзілі  Сад малітвы.

У горадзе ўпершыню адкрыўся прымеркаваны да свята Дом кнігі. У будынку размяціліся бібліятэка, чытальная зала і кнігарня «Першацвет». Прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў, працавала вялікая колькасць разнастайных творчых пляцовак, галоўнай з якіх была пляцоўка, прысвечаная творчасці выхадца з Рагачоўскага краю Андрэя Макаёнка, а называлася яна «Па-сапраўднаму народны».

Гасцей чакалі маляўніча аформленыя літаратурныя падворкі, на якіх можна было набыць або выйграць у літаратурных віктарынах кнігі. Працаваў «Газетны бульвар», на якім змяшчалася выстава СМІ Гомельшчыны. Цікавыя выставы арганізавалі  і госці свята. Так, напрыклад, Выдавецкі дом «Звязда» прадставіў  экалагічны майстар-клас ад часопіса «Роднае слова», часопіс «Алеся»  – майстар-клас па рукадзеллі, часопіс «Вожык» – шаржы для жадаючых, таксама адбылася фотасесія для гасцей свята з пісьменнікамі. А беларускі гісторык Уладзімір Ліхадзедаў паказваў, як на друкарскім станку XVI стагоддзя стваралі кнігі, як вырабіць паперу з лёну, а затым надрукаваць на ёй тэкст. Цікавай навіной стала паведамленне аб тым, што хутка ў Вілейцы адкрыецца Музей беларускага пісьменства і друкарства.

На свяце было многа гасцей з далёкага і блізкага замежжа. Па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў  Беларусі, Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі быў арганізаваны круглы стол пад назвай «Сугучча – слова Скарыны ў сучасным свеце».

На Дні беларускага пісьменства ў Рагачове стартаваў цікавы праект адукацыйных турыстычных маршрутаў для кожнай вобласці Беларусі, падчас якіх школьнікі і моладзь азнаёмяцца з гісторыяй роднага краю, знакамітымі людзьмі, вучонымі, пісьменнікамі.

Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў прынялі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях свята, выстаўцы СМІ,  «Славянскіх  літаратурных  дажынках-2016», старт якім быў дадзены ў  Рагачове, падарылі ўдзячным чытачам, гасцям свята свае кнігі, таксама презентавалі кнігі бібліятэкам горада, установам культуры і школам.

 Лідзія АДАМОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *