НА КАНВЕЕРЫ – ВІТАМІННАЯ ПРАДУКЦЫЯ
На філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната, што ў Стоўбцах, зараз сезонны «час пік» – самая гарачая пара нарыхтовак і перапрацоўкі багатых дароў мясцовых садоў і агародаў. На вытворчых лініях ідзе разліў сокаў, нектараў на любы густ пакупнікоў. У зручныя сучасныя ёмістасці расфасоўваюцца джэмы і павідла.
Фота Васіля ЗЯНЬКО
ПА ДЗЕВЯЦІ МАРШРУТАХ
Райспажыўтаварыства развівае гандаль, які ажыццяўляецца аўталаўкамі.
У гэтым сезоне распрацаваны дзевяць маршрутаў у нашым раёне, па якіх згодна з графікам адпраўляюцца ў рэйс 10 магазінаў на колах.
Гэтым летам вадзіцелі-прадаўцы працуюць надзвычай актыўна і вынікова. Яны абслугоўваюць як жыхароў аддаленых вёсак, так і гараджан, хто на летнія месяцы перасяляецца на свае дачныя ўчасткі.
Назіраецца такая тэндэнцыя: пастаянна ідзе прырост тавараабароту па аўтамагазінах. За жнівень нагрузка на адзін у сярэднім склала 21 тысячу 740 рублёў. А ў ліку лепшых вадзіцеляў магазінаў на колах – Міхаіл Шастак, які забяспечыў самы высокі тавараабарот – звыш 30 тысяч рублёў. Вялікі вопыт работы, адказнасць да даручанай справы, яго ўменні і ініцыятывы, беражлівыя адносіны да пакупнікоў даюць такі плён і высокі вынік.
Наведвальнікі аўтамагазінаў могуць набыць не толькі той тавар, які яны бачаць на прылаўках, але і заказаць усё, што ім патрэбна. Заказ даставяць ім дадому.
ГАТОВЫ ДА ВЫЕЗДУ
Як і ў мінулым годзе, аварыйная брыгада філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» выйшла прызёрам фінальных спаборніцтваў у конкурсе прафесійнага майстэрства.
Аварыйныя брыгады УП «Мінскаблгаз» спаборнічалі на палігоне стаўбцоўскага газавага прадпрыемства. Састаў нашай брыгады быў тым жа, леташнім: слесар Мікалай Фурсевіч, вадзіцель Іван Якусік і майстар Аляксандр Кутас.
Да слова, калі назваць усю тройку прызёраў, то першае месца – у брыгады Салігорскгаза, а трэцяе – Маладзечнагаза, што, безумоўна, адразу гаворыць пра сур’ёзны дух саперніцтва сярод газавікоў і, адпаведна, высокі ўзровень прафесійнага майстэрства стаўбцоўскіх газавікоў. З зайздроснай стабільнасцю яны выступаюць на ўзроўні калегаў з буйных прамысловых гарадоў.
Стаўбцоўскія газавікі надаюць пытанням прафесійнага майстэрства асаблівую ўвагу. Для гэтага на прадпрыемстве ёсць і адпаведныя ўмовы – сучасны вучэбны палігон, які выкарыстоўваецца спаўна. А ўвогуле прафесійная і стабільная работа калектыву крыецца ў мэтанакіраванай дзейнасці па падрыхтоўцы кадраў і павышэнні іх кваліфікацыі, стварэнні кадравага рэзерву.
УБОРКА БУЛЬБЫ З ДАПАМОГАЙ ГАРАДЖАН
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама арганізоўвае незанятых грамадзян на аплатныя грамадскія работы.
Транспартам аўтапарка № 17, заказаным службай занятасці, гараджане адпраўляюцца ў ААТ «Рубяжэвічы» на ўборку бульбы, у ААТ «Агранёманскі» – на пераборку бульбы.
Ёсць заяўка на ўборку бульбы з ААТ «Радзіма Дзяржынскага». У дзень на сельскагаспадарчыя работы ў гаспадаркі адпраўляецца да 50 чалавек.
ТРАНСПАРТ ЗАПАТРАБАВАНЫ
Стаўбцоўскі ўчастак Валожынскага філіяла «Мінаблпаліва» аказвае транспартныя паслугі насельніцтву і арганізацыям. Тэхніка працавала на ўборцы збожжавых у сельгаскааператывах. А ў гэтыя дні МАЗ з прычэпам задзейнічаны на адвозцы цукровых буракоў на Гарадзейскім цукровым камбінаце. Арганізацыя мае такі заказ на ўсю восень. Цяпер МАЗ адвозіць прадукцыю з ААТ «Радзіма Якуба Коласа».
Аднак асноўнай дзейнасцю філіяла з’яўляецца забеспячэнне палівам насельніцтва і арганізацыі. На сучасны момант на дровы і торфабрыкеты няма чаргі, і філіял пры наяўнасці заказаў мог бы працаваць у больш напружаным рабочым рытме. Многія арганізацыі сацыяльнай сферы – адукацыі, аховы здароўя, культуры – не маюць складскіх памяшканняў, таму цвёрдыя віды паліва ў ацяпляльны сезон завозяць па меры неабходнасці. А вось насельніцтву адкладваць завоз паліва на мокрыя восеньскія месяцы неабачліва, лепш паклапаціцца пра гэта загадзя.
Паралельна ідзе лесанарыхтоўка на дровы на лесаўчастках. Філіял мае ўсю неабходную тэхніку і працоўныя рэсурсы, каб выконваць гэтую задачу без пасрэднікаў.
АД НУЛЯВОГА КІЛАМЕТРА
У бягучым годзе дарожнікі ДРБУ № 135 завяршылі асфальтаванне ўчастка дарогі Літва – Куль – Пятрылавічы (у вёсцы Слабодка) і чакаюць выхаду праекта на правядзенне аналагічных капітальных работ на ўчастку вуліцы Трактарнай у Новым Свержані.
Як адзначае дырэктар прадпрыемства Вадзім Савіцкі, праектная дакументацыя павінна быць напрыканцы верасня, а пакуль на дарогах мясцовага значэння вядуцца бягучыя рамонты і работы па іх утрыманні. Да прыкладу, выкананы бягучы рамонт з паверхневай апрацоўкай участка дарогі Стоўбцы – Мікалаеўшчына (ад граніцы Стоўбцаў да паварота на Сверынава), участка дарогі Пагарэлае – Вішнявец (ад нулявога кіламетра да другога кіламетра).
Акрамя таго, дарожнікі працуюць над добраўпарадкаваннем вуліц райцэнтра згодна з прамымі дагаворамі, заключанымі з аб’яднаннем камунальных службаў. На вуліцы А. Кашавога працягнута абсталяванне пешаходнай дарожкі (ад былога прадпрыемства меліярацыйных сістэм да мікрараёна Акінчыцы), асфальтуецца вуліца Мамантава. На тэрыторыі філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы дарожнікі працуюць ужо не першы год. Тут шмат зроблена для добраўпарадкавання тэрыторыі новай вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця. Асфальтаванне адной з пляцовак плануецца і на новым малочна-таварным комплексе ААТ «Вішнявецкі-агра» ў Вішняўцы.
У ДРБУ вядзецца і падрыхтоўка да зімы. Ідзе рамонт пескаразмеркавальнага навяснога абсталявання – яго ў арганізацыі пяць адзінак, да зімы плануецца папаўненне на яшчэ адну. Для прыгатавання супрацьгалалёднай сумесі неабходна нарыхтаваць 1,5 тысячы тон солі і 5,8 тысячы тон пяску. Палова пясчаных загатовак ужо зроблена.
Пр
НЕ ПАШАНЦАВАЛА
У розных жыццёвых сітуацыях тым, каму не шанцуе, часцей выказваюць спагаду. А вось у спорце вывады звычайна катэгарычныя: умелым, моцным, упэўненым заўсёды шанцуе.
Дык як тады расцаніць вынік выезду каманды «Нёман-Агра» ў Магілёў? Ужо на другой хвіліне матча Алег Каракін, ліквідуючы небяспечны выхад нападаючага мясцовага «Тарпеда», зразае мяч ва ўласныя вароты. На 36-й хвіліне матча гаспадары падвойваюць лік. Тут жа Дзмітрый Даўбейка праводзіць адзін мяч у адказ – 2:1 вядзе «Тарпеда».
У другім тайме гульня вялася на сустрэчных курсах. У стаўбчан былі выгадныя моманты, але яшчэ адзін трапны ўдар удаўся магіляўчанам – 3:1. Нашы ўзмацняюць націск, усімі сіламі гаспадары поля стараюцца яго стрымаць. Тры ігракі «Тарпеда» атрымліваюць за парушэнне правілаў папярэджанні. Прызначаецца і пенальці, які рэалізуе Дзмітрый Даўбейка. Але гэта быў ужо дабаўлены да асноўнага час. І гульня заканчваецца з лікам 3:2 на карысць каманды з Магілёва.
Паражэнне, і «Нёман-Агра» зноў апускаецца на сёмае месца ў турнірнай табліцы. Што ж, пачакаем больш удалых дзён і зручных сапернікаў.
Ф. ФЯДОТАЎ