Раніца дзераўнянскіх паштавікоў

Нумары Соцыум У калектывах Стаўбцоўшчыны

15-09-71g

У Дзераўнянскае аддзяленне паштовай сувязі паступае звыш адной тысячы розных перыядычных выданняў, з іх амаль 300 экзэмпляраў раённай газеты «Прамень».

Гэтае аддзяленне паштовай сувязі у ліку першых актыўна ўключылася ў падпісную кампанію на чацвёрты квартал 2016 года. Наведвальнікаў на пошце нямала з самай раніцы, і кожнаму з іх паштавікі не забываюць прапанаваць цікавыя газетна-часопісныя варыянты – для сябе, дзяцей, усёй сям’і. У каталогу падпісных выданняў выбар шырокі. Але работнікі пошты гатовы дапамагчы і падказаць, бо і самі лічацца найбольш актыўнымі падпісчыкамі.

Начальнік аддзялення Антаніна Жодзік і аператар Вераніка Яўсейчык рыхтуюць стэлаж для свежых выданняў, якія рэалізуюцца ў розніцу. Абедзве жанчыны – у прывабнай уніформе з сінімі фірменнымі гальштукамі (падобны «дрэс-код» заведзены на пошце год таму). Пазнаёміцца з імі – няма праблемы, варта зірнуць на прымацаваны да беласнежнай блузкі бэйджык.

Антаніна Жодзік шчыруе ў аддзяленні дзевяць гадоў. Пачынала аператарам, а ў 2013 годзе, калі пайшла на заслужаны адпачынак ветэран паштовай сувязі Валянціны Калошыч, замяніла яе на пасадзе начальніка аддзялення. Аказаны ёй давер апраўдала. У сучасны момант аддзяленне актыўна прапануе жыхарам аграгарадка і суседніх сельскіх населеных пунктаў новыя віды паслуг, выконвае даведзеныя планавыя заданні, працуе сучасна і якасна, з укараненнем камп’ютарных тэхналогій. Да прыкладу, устаноўлены счытвальнік для ажыццяўлення аперацый па безнаяўным разліку. Летась у аддзяленні быў зроблены касметычны рамонт.

На вызваленае Антанінай Жодзік аператарскае месца прыйшла Вераніка Яўсейчык. З камп’ютарам яна на «ты», таму цяжкасцяў у рабоце не ўзнікла. Свой добры настрой маладая жанчына і, дарэчы, маці дваіх дзяцей, тлумачыць яшчэ і зручнасцю месца працы: маўляў, дзіцячы садок – акурат па дарозе на работу.

Працоўная раніца дазваляе заспець на рабочым месцы і паштальёнаў. Іх у аддзяленні чацвёра. Усе – жанчыны, што канчаткова запэўнівае ў жаночым абліччы калектыву дзераўнянскіх паштавікоў.

Неўзабаве прыбывае са Стоўбцаў машына з белай дыяганальнай паласой. Чуецца вокліч-сігнал: «Пошта прыйшла!» З ёю, акрамя свежай прэсы, прыбыў і розны тавар, які неабходна хуценька разгрузіць.

– Напярэдадні я зрабіла заяўку, заказ аказаўся вялікім, – тлумачыць Антаніна Жодзік і свае словы падмацоўвае лічбамі: – За месяц тавараабарот аддзялення складае ў сярэднім каля чатырох тысяч рублёў.

Тавар, што паступіў, часткова будзе рэалізаваны непасрэдна ў аддзяленні паштовай сувязі (побач з ім – дзіцячая школа мастацтваў, жылы пасёлак, таму сюды з ахвотай забягаюць і дзеці, і дарослыя, якія жартуюць: «У вас толькі хлеба не хапае»), часткова – развязуць яго паштальёны сваім падпісчыкам, кліентам на службовым транспарце – веласіпедзе. У цёплую пару года веласіпед аблягчае іх працу, а зімою, падчас неспрыяльных пагодных умоў, увесь таварны «груз» ім прыходзіцца несці ў руках.

Пасля разгрузкі паштовай машыны ў паштальёнаў яшчэ адзін важны абавязак – сартаванне пошты. Адбываецца яно ў асобным памяшканні з шыльдай «Пакой паштальёна». У кожнага работніка – свой стол. І свой, зразумела, маршрут, аднак усіх іх яднае тое, што яны добра ведаюць людзей, да якіх ідуць, і што гэтыя людзі з нецярпеннем іх чакаюць.

«Мне і сёння ўжо тэлефанавалі, пыталіся, а якой гадзіне прыеду, таму што хочуць аплаціць камунальныя паслугі», – заўважае Наталля Кузёмка. «Людзі навокал добрыя, ветлівыя», – прызнаецца Наталля Іванаўна, сама ўраджэнка Валожынскага раёна. Пастаяннымі кліентамі можа пахваліцца і яе вопытная калега, шматдзетная маці Яніна Канапацкая, у зоне абслугоўвання якой – участковая бальніца, а таксама вёска Агароднікі, у якой яна жыве. У «свайго» паштальёна з людзьмі вельмі цесныя і даверлівыя адносіны. «Ведаю нават, у каго якія праблемы», – дзеліцца Яніна Генадзьеўна.

«Людзям часта хочацца пагутарыць, нешта расказаць», – гаворыць пра сваіх кліентаў і Вікторыя Чэмка, бадай, самы вопытны работнік аддзялення. З дня ў дзень ідзе яна не толькі да жыхароў Дзераўной, а і вёсак Барок і Барок-1, Зарэчча. Усюды паспявае. Непрыкметна і двое яе дзяцей выраслі – ужо двое ўнукаў маюць бабуля з дзядулем.

Самая маладая ў аддзяленні – Вольга Сай, пры тым, што стаж яе работы ў раённым вузле паштовай сувязі – дзесяць гадоў. Усе гады яна працавала ў аддзяленні ў Старыне, а пасля яго закрыцця была пераведзена паштальёнам у Дзераўную. Энергічная Вольга ідзе насустрач жыхарам Дружнай (там жыве яе сям’я), якіх цяпер абслугоўваюць шляхам мотадастаўкі, – па-ранейшаму дапамагае ім з прыёмам камунальных плацяжоў, дастаўкай тавару і т. п. Так бывае толькі тады, калі работа – падабаецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: стэлаж для свежых выданняў рыхтуюць начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Дзераўной Антаніна Жодзік і аператар Вераніка Яўсейчык; перад выездам – паштальёны: Вольга Сай, Яніна Канапацкая, Наталля Кузёмка і Вікторыя Чэмка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *