«Віцінаў» новыя перамогі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Мы зноў з задавальненнем адводзім месца ў нашым выданні, каб расказаць аб новых поспехах народнага духавога аркестра «Віціны» г. Стоўбцы. Мастацкі калектыў атрымаў дазвол падаць дакументы на атрыманне звання «заслужаны». Для гэтага ён выканаў усе патрабаванні – мае цэлы набор тытулаў і ўзнагарод прэстыжных конкурсаў, дасягнуў высокага ўзроўню і атрымаў прызнанне на міжнародным узроўні. Аркестр мае багатыя традыцыі і адметную гісторыю – у гэтым годзе ён адсвяткаваў 60-годдзе з дня заснавання. Частыя творчыя гастролі садзейнічаюць творчаму росту духавога аркестра і фарміруюць станоўчы імідж нашага горада за межамі Беларусі. Талент і аўтарытэт калектыву, які дэманструе патрыятычны настрой і добрасумленную шматгадовую работу, вялікія перспектывы ў развіцці нацыянальнай культуры, прызнаны ў нашай краіне.

15-09-71a

Лета для духавога аркестра было насычаным, хоць гэта традыцыйна час для адпачынку. У апошніх чыслах мая калектыў узяў гран-пры на адкрытым абласным конкурсе духавых інструментаў «Майскі вальс». Праз два тыдні аркестр быў уключаны ў спіс лепшых калектываў для справаздачнага канцэрта Мінскай вобласці перад Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. У справаздачным выступленні ўдзельнічалі 44 калектывы ў розных жанрах. «Віціны» вылучаны ў складзе трох самых лепшых.

Следам за гэтай падзеяй, напрыканцы чэрвеня, у «Віцінаў» была гастрольная паездка ў Польшчу на ХХ Міжнародны конкурс духавой музыкі і ІІІ Міжнародны конкурс інструменталістаў.

– У музычным спаборніцтве, – расказвае мастацкі кіраўнік і дырыжор народнага духавога аркестра «Віціны» Аляксандр Нічыпаровіч, – прынялі ўдзел духавыя аркестры з Германіі, Сербіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхіі, краін Балтыі, Расіі, Польшчы, Украіны. Беларусь прадстаўляў аркестр «Віціны» са Стоўбцаў. Выступаць было вельмі няпроста, краіны прадстаўлялі лепшыя духавыя аркестры. Калектывы маюць высокі статус, набор інстументаў самых лепшых вытворцаў. Хоць і мы ў гэтым плане апошнім часам няблага выглядаем. І тут хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць бацькам, якія праяўляюць зацікаўленасць, падтрымліваюць і развіваюць таленты сваіх дзяцей, фінансуюць іх паездкі на конкурсы. Як і клапоцяцца набыць музычныя інструменты, прычым у многіх яны новыя. Наш аркестр выдатна выступіў: даў плац-канцэрт і марш-парад. Аб гэтым сведчыць і ўзнагарода – лаўрэацкі дыплом І ступені. Безагаворачна гран-пры конкурсу быў аддадзены духавому аркестру Урада Рэспублікі Тувы. Аркестр пераадолеў сем тысяч кіламетраў, каб прыехаць на Міжнародны конкурс у Лобез. Выступленне гэтага духавога аркестра было настолькі яркім і адметным, што паглядзець яго выйшаў увесь горад. У выканаўчую практыку гэты калектыў увёў праект «конны духавы аркестр на плац-канцэрце». Такі праект не мае аналагаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і ў іншых краінах. Творчы калектыў мае яркі нацыянальны вобраз, яго дзейнасць інавацыйная і прыцягвае ўвагу не толькі гледачоў, але і аркестраў іншых краін. Нам было таксама вельмі-вельмі цікава паглядзець гэтае адметнае выступленне. Такое яркае шоу мы бачылі ўпершыню.

Узнагароды міжнароднага конкурсу ў Польшчы атрымаў не толькі аркестр «Віціны», але і салісты. Лаўрэацкія дыпломы ІІ ступені ўручаны трубачу Мікалаю Артамонаву (выкладчык Аляксандр Нічыпаровіч) і сакасафаністу Раману Шайнову (выкладчык Уладзімір Татарыцкі). Конкурс даў магчымасць завесці новыя знаёмствы. Напрыклад, з аркестрам з Белгарада ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве і абменных візітах.

– На конкурсе ў Польшчы, – працягвае Аляксандр Анатольевіч, – мы атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў польска-германскім праекце, які прадугледжвае арганізацыю конкурсаў юных таленавітых выканаўцаў. Арганізатары бяруць на сябе расходы па пражыванні, харчаванні дзяцей. Маем намер наступны раз паехаць на конкурс не з аркестрам, а з індывідуальнымі выканаўцамі, каб даць магчымасць большай колькасці вучняў паказаць свае таленты на міжнароднай сцэне.

У новым навучальным годзе на аддзяленні духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якое ўзначальвае Аляксандр Нічыпаровіч, будуць займаецца 123 вучні на ўсіх духавых інструментах, акрамя кларнета. Пакуль па гэтым інструменце няма выкладчыка. Наогул жа, адукацыйны працэс на аддзяленні духавых інструментаў ажыццяўляюць 10 вопытных выкладчыкаў, большая палова з якіх – выпускнікі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, у тым ліку і Аляксандр Нічыпаровіч. Большасць выкладчыкаў іграюць у народным духавым аркестры «Віціны» разам са сваімі вучнямі. Штогод аркестр амалоджваецца, уліваюцца новыя музыканты з ліку вучняў аддзялення. Кожны з іх лічыць, што іграць у духавым аркестры вельмі ганарова і пачэсна. Так і ёсць.

Засвядчаючы міжнароднае прызнанне духавога аркестра, справядліва сказаць і аб тым, што калектыў заслугоўвае працаваць і рэпеціраваць у больш раскошных умовах, чым тыя, якія ёсць цяпер. Для вялікага аркестра, у склад якога ўваходзяць больш за 60 чалавек, з аб’ёмнымі духавымі музычнымі інструментамі, практычна няма памяшкання для рэпетыцый. У сціслых умовах працуюць і іншыя аддзяленні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Ва ўстанове дадатковай адукацыі займаецца больш за 700 вучняў, з якімі працуюць больш за 60 выкладчыкаў. Заняткі індывідуальныя, для іх патрэбны асобныя класы. Даўно ідзе гаворка аб тым, што ў будынку былой вайсковай часці было прадугледжана памяшканне, куды планавалася перамясціць аддзяленне духавых інструментаў, мастацкае аддзяленне і харэаграфічнае. Калі б гэтыя планы ўвасобіліся, калектывы, якія славяць наш горад за мяжою, атрымалі б належныя ўмовы для правядзення заняткаў з дзецьмі. Грошы, укладзеныя ў інтэлектуальнае і эстэтычнае развіццё маладога пакалення, інвеставаны ў наша будучае.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: мастацкі кіраўнік і дырыжор народнага духавога аркесра «Віціны» Аляксандр Нічыпаровіч з кубкам, атрыманым на конкурсе ў польскім горадзе Лобез у чэрвені бягучага года, на фоне іншых кубкаў, заваяваных на розных міжнародных конкурсах.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *