Капялюшны фестываль

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Ужо трэці раз у нашым раёне прайшоў рэгіянальны фестываль галаўных убораў «Стаўбцоўскі капялюш».

15-09-71s

Фестываль дае магчымасць не толькі палюбавацца на прыгожыя мастацкія рэчы, выкананыя ў розных тэхніках, але і раскрывае гісторыю і назначэнне галаўных убораў, развівае творчы інтарэс. Асабліва важна гэта для далучэння маладога пакалення да традыцыйных відаў беларускага мастацтва. Разам з дарослымі майстрамі паўнапраўна паўдзельнічалі ў гэтым конкурсе вучні Старасвержанскай сярэдняй школы – члены народнай студыі «Чароўная саломка». Многія гады заняткі ў гэтым аб’яднанні вядзе вядомы ў нашым раёне майстар саломапляцення, кіраўнік народнай студыі майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры Аліна Халявінская. Яна і сама прадставіла на конкурс свае мастацкія работы – шыкоўныя саламяныя капелюшы. Яе ж вучні выдатна далі майстар-клас па пляценні галаўных убораў – капелюшоў і вяночкаў – і атрымалі дыпломы фестывалю. У ліку ўзнагароджаных – сёстры Дар’я і Марыя Калкоўскія, Ганна Яцэвіч.

Выдатна прадставіла Стаўбцоўшчыну і майстрыха Іна Дрозд, якую вы бачыце на здымку. За дамашнюю калекцыю ўласных мастацкіх вырабаў і за творы, выкананыя на фестывалі, яна ўзнагароджана дыпломам.

Што датычыць адраджэння народных умельстваў, спрадвечных традыцый выкарыстання галаўных убораў, то вельмі адметнай была творчасць майстроў са Слуцкага раёна. Яны заняліся адраджэннем вясельных вянкоў. Тэхніка выкання іх вельмі адметная – воскам і паперай. Вельмі прыгожыя мастацкія рэчы, якія ўсім захацелася прымераць.

Выдатную дамашнюю калекцыю галаўных убораў прывезлі на стаўбцоўскі фестываль майстры з Вілейшчыны – умельцы Крывіцкага сельскага дома культуры.

Журы фестывалю-конкурсу «Стаўбцоўскі капялюш» узначаліла загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова. Каб фестываль прайшоў гасцінна і шчодра, паклапаціліся яго арганізатары і спонсары – раённы Цэнтр культуры, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната і СТАА «Мясапрадукт».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *