Дарогі, вечныя дарогі

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Сенсацыйна прыемная навіна: брукаванка ў ваколіцах Стоўбцаў, гістарычная «дарога на Мір», атрымала дзяржаўную ахову, папоўніла спіс аб’ектаў, якім урад краіны надаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Аднойчы, падчас краязнаўчай вандроўкі ў вёску Прасці, што на паўночна-заходняй ускраіне Нясвіжчыны, сустрэлі жанчыну, якая прыгадала як нешта выключна дарагое, што, маўляў, гэта цяпер у іх нейкі няўдалы, патрэсканы ды дзіравы асфальт на вясковай вуліцы, а «даўней была брукаванка». Ды так любіла яна тую дарогу, што і сёння, здаецца, памятае кожны каменьчык насупраць сваёй хаты. А былі ж і асабліва ўлюбёныя камяні!

15-09-71h

А вось знаёмая дзяўчынка-шасцікласніца з Новага Свержаня таксама не ўтойвае радасці: на падворку ад хаты да брамкі тата зрабіў брукаваную дарожку, і яна свеціць незвычайным святлом, ледзь не колерамі вясёлкі… Неяк увечары прайшоў дожджык, а праз гадзіну ўзышла поўня. Дык тая татава брукаваначка (хай і не зробленая па даўніх тэхналогіях, а куды прасцей) так зазіхцела кожным каменьчыкам, быццам тое срэбра ці золата.

Ацалелі дзе-нідзе брукаванкі ў нас на Нясвіжчыне (вуліца ў Гарадзеі, на радзівілаўскім двары ў Завушшы, у вёсцы Кучынаўшчына, ля вытокаў Ушы ў Качановічах). Але, зазначаю, што нашмат болей іх на стаўбцоўскім баку.

Даволі часта бываючы на памежжы нашых суседніх раёнаў – Нясвіжскага і Стаўбцоўскага, адкрыла для сябе спачатку брукаваную палявую дарогу за Ахрэмавічамі, а пазней, у поўнай зачараванасці, апынулася на брукаванцы, што на беразе Нёмана каля самых Стоўбцаў. Першая, мне расказалі, будавалася, каб спраўней было праехаць мокрую грэблю, і значыла шлях да чыгуначнай станцыі Гарадзея. На жаль, падвораная плугамі, захавалася толькі часткамі-фрагментамі. Пачынаецца яна, бадай, адразу за вёскай і праз кіламетр-паўтара заканчваецца ў лесе, дзе дагэтуль у траве, паміж елак і кустоўя, ацалелі яе маляўнічыя рэшткі. Самае прыемнае, што давялося пачуць ад вяскоўцаў, што менавіта тут, у Ахрэмавічах, жыў і сам майстар брукарскай справы, чалавек, які сваімі рукамі клаў дарогі з камення, – Іван (ці Іосіф) Кохан.

Другая брукаванка, якая стала нядаўна эталоннай каштоўнасцю і рарытэтам-помнікам нумар адзін сярод брукаванак краіны, вядзе на Мір. Гістарычная дарога. Сёння яна ў святле пашаны і славы – як адна з самых ацалелых на нашай зямлі беларускай.

Месцамі падаецца, што зроблена брукаванка зусім нядаўна. Асабліва далей, праз 200-300 метраў ад яе пачатку. Дасканалая, маналітная, ніводнага хібу не ўбачыш на каменнатканым палатне. Узорна трывалая: ані адзін каменьчык не выпаў. Не патрабуецца тут з году ў год прывычны для сучасных асфальтаванняў «ямачны рамонт».

І ўсё ж, скажа нехта, гэта старасветчына, аджыла сваё брукаванка. Так, старасветчына, але – вечная старасветчына. І век не аджыла. У гарадах Заходняй Еўропы цэлыя кварталы брукаванак. Захоўваюцца даўнія, імітуюцца і новыя пад тую ж старасветчыну.

Адзін са стаўбцоўскіх краязнаўцаў (чула раней і дзесьці чытала колькі гадоў таму) прапаноўваў зрабіць тут Музей брукаванкі пад адкрытым небам для рамантычных шпацыраў і экскурсій у мінулае. Тады здавалася гэта залішне смелым, амбіцыйным. Цяпер, калі наднёманская брукаванка (першая, да яе не было) афіцыйна набыла статус нацыянальнай каштоўнасці, ажыццяўляць тую прапанову самы час. Зрэшты, музей брукаванкі і сам сабою працуе. Шмат хто з цікаўных ці то кіруючы па аўтадарозе на Нясвіж або з Нясвіжа, ці то сузіраючы ваколіцы пад грукат чыгункі, асабліва пасля дажджу ў ззянні сонца ды поўні, углядаецца ў тую дарогу. І падаецца, што яна няйнакш са срэбра ці золата…

Наталля Плакса, краязнавец, Нясвіж

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

1 комментарий по теме “Дарогі, вечныя дарогі

  1. Здорово! Впервые слышу. Просто чудеса. Кто бы мог поверить, что здравый смысл возьмет верх. Молодцы! Насчет музея — тоже зачетно. Буду ждать продолженья. Автор Наталья хорошо всё подала, но и газета держит тему. Статья греет. Спасибо.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *