У вырай, да зямель далёкіх

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Адметная, непаўторная пара – залатая восень. Яна ўражвае багаццем фарбаў. Блякла-жоўтая лістота беластволай бярозкі чаргуецца з аранжава-бурым лісцем клёна ці вяза. У паветры плыве тонкая серабрыста-ліпкая павуціна. Гэта робяць свае асеннія пералёты павучкі.

І мы становімся сведкамі масавага пералёту птушак. Днём і ноччу, раніцай і вечарам у паветры назіраецца бесперапынны рух. Чарада за чарадой паляцяць у далёкія цёплыя краі пярнатыя падарожнікі. Кліны жураўлёў і гусей, касыя лініі лебедзяў. Групамі адправяцца ў шлях шпакі і жаўрукі, слаўкі, пеначкі…

Заўважана, што падчас пералётаў лясныя віды птушак стараюцца ляцець над лясамі, вадаплаўныя – уздоўж рачных далін, над азёрамі і марскімі ўзбярэжжамі. Ды і зімуюць птушкі там, дзе прыродныя ўмовы падобныя да ўмоў іх жыцця на радзіме. Звязана гэта, зразумела, з магчымасцю знайсці звыклы корм.

15-09-71j

Доўгі час лічылі, што маладыя птушаняты ляцяць разам з бацькамі. Але, выходзіць, гэта не так. Старыя птушкі адпраўляюцца ў далёкі шлях пазней і заўсёды ляцяць асобна ад маладых. Значыць, ужо са з’яўленнем на свет птушкі «ведаюць», куды яны павінны ляцець з наступленнем халадоў і па якім маршруце. І калі адпраўляцца ў шлях, і што перад далёкай дарогай трэба «набраць калорый», каб падтрымліваць сілы ў цяжкім палёце.

Вучонымі-арнітолагамі ўстаноўлена, што ў арганізацыі міграцыйных паводзін птушак вялікую ролю адыгрываюць унутраныя фізіялагічныя рытмы. Яны сінхранізаваны з порамі года дзякуючы ўздзеянню фактараў знешняга асяроддзя – тэмпературы і вільготнасці паветра, асветленасці і інш. Птушкі кіруюцца закладзенай генетычнай праграмай, якая вызначае тэрміны пачатку і заканчэння пералётаў, дазваляе арыентавацца ў дарозе, указвае ім, калі трэба ляцець з максімальнай хуткасцю. І нарэшце прыводзіць да канчатковай мэты – месца зімоўкі.

Птушак падчас сезонных пералётаў можна бачыць круглыя суткі. Некаторыя ляцяць толькі днём – чаплі, буслы, ластаўкі, стрыжы, іншыя – толькі ноччу – дразды, івалгі, кулікі. І днём, і ноччу ляцяць жураўлі, шпакі, жаўрукі. Звычайна птушкі прытрымліваюцца аднаго і таго ж напрамку.

Большасць птушак робяць пералёты на вышыні 400-800 метраў. Ляцець некаторыя віды могуць на вышынях паветраных лайнераў, як гусі – звыш 8 кіламетраў.

Значны матэрыял аб сярэдніх хуткасцях сутачнага пералёту птушак атрыманы з дапамогай кальцавання. Калі шпакі ляцяць з хуткасцю 60-80 км у гадзіну, то 70-90 – гусі, то ластаўкі развіваюць хуткасць да 100-120 км/гадз. Такім чынам, яны маглі б даволі хутка дасягнуць мэты пералёту. Аднак у дарозе бываюць і месяц, і два. Спыняюцца на адпачынак, набрацца сіл, падкарміцца. Вось і на нашым гарадскім возеры сілкуюцца качкі, заўважаюць там і грацыёзных лебедзяў.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *