На пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі падведзены вынікі выбараў у верхнюю палату беларускага парламента. Як адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, выбары членаў Савета Рэспублікі прайшлі ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам. Само галасаванне адбылося на працягу аднаго дня (13 верасня), а падрыхтоўчая работа вялася на працягу адведзенага Выбарчым кодэксам часу. У пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў абласцях і горадзе Мінску прынялі ўдзел, як і патрабуецца ў адпаведнасці з законам, больш як палавіна ад агульнай колькасці дэпутатаў, выбраных у адпаведныя Саветы базавага ўзроўню і Мінскі гарсавет.
Такім чынам, 13 верасня выбрана па 8 членаў Савета Рэспублікі ад кожнага рэгіёна і горада Мінска, усяго ж – 56 сенатараў. Цэнтрвыбаркам таксама прыняў адпаведную пастанову аб рэгістрацыі выбраных членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Першыя пасяджэнні палат парламента новага склікання адбудуцца 11 і 12 кастрычніка. Аб гэтым паведаміла 16 верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК.
БелТА
***
Цэнтрвыбаркам 16 верасня на пасяджэнні прагаласаваў за рэгістрацыю выбраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Членамі камісіі прыняты праект адпаведнай пастановы і тым самым зарэгістраваны дэпутаты, выбраныя грамадзянамі 11 верасня па 110 акругах.