Клопаты гаспадарскія

Нумары Сельская гаспадарка

3-21s

Па бадзёрым настроі адчуваецца,  што працоўныя справы ў механізатара ААТ «Жацерава» Уладзіміра Ермакова ідуць як след. Гэты вопытны араты таварыства ніколі ў веснавы, летні і асенні час не бывае без работы. Добрай, якаснай апрацоўкай глебы ён першы закладвае фундамент высокіх ураджаяў. Вось і цяпер яго тэхніка  ўвішна апрацоўвае мясцовыя палявыя абшары.                                                                             

Фота Васіля Зянько

 

МІЖСЕЗОННЫЯ ЗАДАЧЫ

Працаўнікі аграпрамысловага комплексу, занятыя ў жывёлагадоўчай галіне, закліканы забяспечыць даведзеныя паказчыкі па надоях малака і прывагах жывёлы. Разлічваць на аддачу ім можна толькі тады, калі жывёла будзе дагледжана, належна накормлена, атрымае неабходнае лячэнне, калі часам захварэе. А лепш прадугледзець гэта прафілактычным лячэннем, што і ўваходзіць у задачы ветэрынарнай службы. Кантакт з жывёлай змякчае сэрца чалавека. Таму і не дзіўна, што працаўнікі жывёлагадоўчых фермаў з вялікім клопатам гавораць аб сваіх падапечных. Яны ў адказе за іх.

Раённыя зводкі сведчаць, што таварыствы Стаўбцоўшчыны плюсуюць па надоях малака ў параўнанні з такім жа перыядам летась. Напрыклад,  у СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс » гэты плюс складае 143 працэнты, у «ААТ «Радзіма Дзяржынскага» – 138 працэнтаў, у ААТ «Вішнявецкі-агра» – 117 працэнтаў. Валавы надой па раёне – у аб’ёме 236 713 кілаграмаў пры 14,58 кілаграма малака на карову (у сярэднім).

Прадукцыя адпраўляецца на два мінскія перапрацоўчыя заводы, а таксама на магілёўскую «Бабушкину крынку» і на Баранавіцкі малочны камбінат. Пяць гаспадарак – ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Жацерава», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – здаюць малако самым высокім класам – «экстра». Паказальная тут дзейнасць ААТ «Вішнявецкі-агра», якое значна палепшыла паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама звязваюць гэта з заступленнем на пасаду галоўнага заатэхніка Алега Бараноўскага, які вельмі патрабавальны да сябе і да сваіх падначаленых, што дае плён і такі высокі вынік у рабоце.

Па прывагах жывёлы раён таксама працуе з плюсам. Найбольшыя паказчыкі забяспечваюць на сучасны момант ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

У жывёлагадоўлі завяршаецца летні пашавы перыяд. Халодныя раніцы і першыя замаразкі даюць сігнал аб наступленні глыбокай восені. Пакуль жывёла на выпасе, перад кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак стаіць задача належна падрыхтаваць жывёлагадоўчыя памяшканні да зімы. Шкляцца вокны, кароўнікі беляцца, дэзынфіцыруюцца, рамантуюцца. Прыклад бездакорнага стану жывёлагадоўчых памяшканняў паказвае ААТ «Вялікі Двор».  І іншыя руплівыя гаспадары імкнуцца стварыць жывёле добры догляд. Як жа ў іншым выпадку чакаць ад яе аддачы?

Святлана ЖЫБУЛЬ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *