Свяшчэннае слова «мір»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Сённяшні лісток календара нагадвае: 21 верасня – Дзень міру.

Скарыстоўваю «энцыклапедычны розум» інтэрнэту. Выходзіць, яшчэ і юбілейная нагода  – 35 гадоў таму назад, у 1981 годзе, сваёй рэзалюцыяй Генеральная Асамблея ААН абвясціла Міжнародны дзень міру і ўстанавіла яго святкаванне на трэці аўторак верасня. А праз 20 гадоў, у 2001-м, Генеральная Асамблея пастанавіла, што Міжнародны дзень міру будзе адзначацца штогод 21 верасня як дзень усеагульнага спынення агню і адмовы ад насілля. У многіх краінах свету сіламі грамадскіх і маладзёжных арганізацый праводзяцца розныя акцыі, мерапрыемствы. Бо гэты дзень закліканы прымусіць людзей не толькі задумацца аб міры, але і зрабіць што-небудзь дзеля яго.

Вось такая абвестка. Увогуле ж слова «мір» адно з галоўных, сапраўды свяшчэнных для кожнага з нас. Як і словы «мама», «Радзіма». І выклікае яно безліч асацыяцый, думак, якія прымушаюць часцей трапятаць сэрца.

«Мір»  – у ліку першых слоў, з дапамогай якіх пазнае свет кожны малы чалавечак. У садку ўжо вучаць вершы, якія даводзяць, што мір трэба берагчы. Першы ўрок у першым класе – Урок міру. І юнае  пакаленне пачынае ўсведамляць, што кожны чацвёрты наш суайчыннік загінуў на той бясконцай, жудаснай вайне. Стаў ахвярай вогненнага ліхалецця, аддаў сваё жыццё дзеля сённяшняга ціхага сонечнага ранку.

У кожнай сям’і беларусаў свая памяць аб вайне. У гэтым шматгалоссі радасці са слязьмі на вачах і ўспамін маёй мамы пра той майскі дзень, калі ёй перадалі прапанову сабрацца  каля сельсавета, які мясціўся ў блізкай суседняй вёсцы. І з рупара, устаноўленага там, гучала, што закончылася вайна, паўтаралася слова «мір». Людзі, амаль адны жанчыны, абдымаліся, плакалі, як маглі, суцяшалі тых, каго не асмельваліся дагэтуль назваць удовамі. А потым вярнуўся тата. І праз дзесяцігоддзі ўнукі, якіх ён ужо не ўбачыў, любаваліся залацістым медалём «За перамогу над Германіяй».

У кожнага свая памяць. Пра сыноў, якіх адпраўляюць у войска з упэўненасцю, што вернуцца здаровымі, мужнымі, сапраўднымі мужчынамі, абаронцамі міру. І маці, жонкі, дзеці атаясамліваюць гэтае неабдымнае паняцце «мір» як і абарону спакою і ўпэўненасці, згуртаванасці сям’і.

Пачатак сёлетняга верасня знамянальны тым, што адбыліся выбары дэпутатаў. Мы, карэспандэнты «Праменя», таксама выяўлялі думку народа, наведвалі выбарчыя ўчасткі і падчас датэрміновага галасавання, і ў дзень выбараў. У людзей сапраўды быў добры, святочны настрой. Якія недахопы можна было ўбачыць на тых жа Ленінскім выбарчым участку № 1, на Камінтэрнаўскім участку № 2, іншых участках, дзе пабывала некалькі міжнародных наглядальнікаў? Прыслухаемся да слова ветэрана вайны Івана Сцяпанавіча Русага, які сказаў, што галасуе за  мір. І гэта не зацёртае ад частага ўжывання слова, а пачутае з вуснаў чалавека, які сапраўды ведае, сваім лёсам адчувае цану міру.

Сапраўды, для новых пакаленняў усё аддаляецца водгулле той крывавай вайны. Але ж усе мы ведаем, з болем адчуваем, як недалёка, у суседняй краіне, дагэтуль не сціхлі абстрэлы мірных гарадоў і пасёлкаў, гінуць людзі. Розум адмаўляецца ўсвядоміць, але гэта так. Давайце ж цаніць, як і здароўе, пра якое не думаем, калі ўсё добра, згоду, стабільнасць у грамадстве, мір. Стоўбцы афіцыйна абвешчаны Горадам Міру. Вуліца Міру знакамітая ў нашым мікрараёне. Сімвалам горада і раёна з’яўляецца і плошча Бессмяротнасці. Няхай часцей бацькі прыводзяць сюды дзяцей, настаўнікі – вучняў. А яны запамінаюць імёны і прозвішчы тых, хто аддаў жыццё за вызваленне нашай Стаўбцоўшчыны. Беларусы, рускія, украінцы, армяне, азербайджанцы – для дзяцей розных народаў вечным спачынам стала  наша зямля. Не сцерці нікому з памяці гэтую старонку гісторыі.

І няхай шчырым, сардэчным будзе спрадвечнае вітанне «Мір дому вашаму!». Міру і спакою жадаюць нам святары. «Міру – мір!» – кідка абвяшчаюць транспаранты. Песні пра мір на Зямлі, малюнкі нашых дзяцей, дзе промні сонца і выразна – слова «мір». Няхай жа будзе ўсеагульным памкненне абараняць гэты неацэнны для нас дарунак.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *