Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Эвяліна Шэдзь, Аляксандр Гацура, Арцём Рыпінскі, Соф’я Клімовіч, Анастасія Мелешко, Ганна Райская, Аліса Бязручка, Дар’я Бець і Уладзіслаў Бондар.

Зямны шлях закончыўся для 14-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў без здарэнняў. У раёне працягваецца прафілактычная акцыя «У цэнтры ўвагі – дзеці», у рамках якой сёння ў СШ № 3 пройдзе паказ аварыйна-выратавальнай тэхнікі, экіпіроўкі пажарных і т. п.

Міліцыяй зарэгістравана 129 паведамленняў аб правапарушэннях, узбуджана восем крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. З экскаватара, які знаходзіўся на меліярацыйным канале паблізу Тонава, знікла навясное абсталяванне, чым нанесены матэрыяльныя страты ДУП «Любанскае ПМС». З пад’езда дома па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах угнаны горны веласіпед.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Навагрудка, які прыпаркаваў сваё аўто паблізу возера Кромань на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі», чым парушыў рэжым прыродных тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца. Парушальніку пагражае штраф ад чатырох да 35 базавых велічынь.

Пракуратура раёна, прааналізаваўшы звесткі райветстанцыі, устанавіла парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб захаванасці ўласнасці ў ААТ «Жацерава» і «Радзіма Дзяржынскага». Прычынай падзяжу маладняку буйной рагатай жывёлы стала невыкананне тэхналогіі ўтрымання і кармлення. Кіраўніцтву названых гаспадарак унесены прадпісанні, па выніках іх разгляду 10 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.

Суд абмежаваў у волі на 1,5 года 31-гадовую стаўбчанку, раней судзімую, якая ўхілялася ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. За скандал з жонкай аштрафаваны на 63 рублі 49-гадовы жыхар Яблынаўкі.

ДАІ выявіла 219 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра нецвярозых вадзіцеляў і 12 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 23 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана 11 дарожных аварый. 14 верасня каля 12.20 на 35-м км аўтадарогі Івянец–Рубяжэвічы–Стоўбцы падчас руху гружанага аўтамабіля МАЗ з прычэпам выпала бервяно, якое адскочыла на супрацьлеглы бок дарогі і траўміравала пешахода, які ішоў па абочыне. Пацярпелы 21-гадовы малады чалавек змешчаны ў бальніцу.

«Хуткая» выязджала да хворых 245 разоў, у тым ліку восем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *